Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Комоедица, обрядовые костры и "слушание" березы: необычные приметы от предков на каждый день

04.04.2026

5 красавіка

Раней у гэты дзень наводзілі парадак у хаце, вымывалі падлогу настоямі чабору, крапівы, мяты, палілі за вёскай абрадавыя вогнішчы. Лічылі, што гэты дзень – пачатак нішчымніцы, што адлюстравалася ў прыказцы: «Ні крошкі, ні збожжа, ні кроплі, ні воласу».

Калі пасля цёплага дня бліжэй да ночы прыйдуць прымаразкі, то да канца красавіка будзе добрае надвор'е; калі куры вышчыпваюць пёры – надвор'е сапсуецца.

6 красавіка

У гэты дзень у нашых продкаў была Камаедзіца — старажытнае татэмнае свята пакланення мядзведзю. У гэты дзень гатавалі любімыя стравы гэтай жывёлы: сушаны рэпнік, кісель з аўса, гарохавую кашу ў выглядзе камоў (адсюль і назва свята). Пасля ўрачыстага абеду і старыя, і малыя клаліся, але не спалі, а павольна, крэкчучы, пераварочваліся з боку на бок, каб аблегчыць мядзведзю ўставанне з зімовай бярлогі.

Сяляне займаліся прыборкай двароў, палілі вогнішчы, каб прагнаць нячыстую сілу. Калі ноч цёплая, вясна таксама будзе цёплай; калі надвор'е дажджлівае, то год будзе лёгкі для хатняй жывёлы.

7 красавіка

Звеставанне. Гэты дзень лічыўся святам прылёту буслоў, якія ўвасабляюць продкаў. Шчасціла таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. Нельга было гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў. У гэты дзень «дзеўка касу не пляце, птушка кубла не ўе».

Калі замаразкі — будзе добры ўраджай; калі ідзе дождж, то лета будзе засушлівым; якое надвор'е сёння, такое будзе на Вялікдзень.

8 красавіка

У гэты дзень жанчыны заканчвалі прадзіва, а тым, якія яшчэ працягвалі гэту справу, казалі: «Не пойдзе». Лічылася, што ўсё, што зроблена ў гэты дзень, атрымаецца непрыгожым.

Якое надвор'е 8 красавіка, такое яно будзе 8 кастрычніка.

9 красавіка

Нашы продкі называлі гэты дзень Матрона-паўрэпніца. Без рэпы не абыходзілася ні адно свята. Таму ў календары быў дзень у гонар гэтай расліны. У гэты час бабулькі садзіліся каля акенцаў і адбіралі насенне рэпы для пасеву.

Калі ў гэты дзень ломіць цела — надвор'е будзе кепскім; калі птушкі раскрычацца вечарам — надвор'е будзе ясным; птушкі лётаюць нізка – вясеннія дні будуць сухімі.

10 красавіка

Звычайна ў гэты дзень чысцілі бераг сажалкі. Лічылася, што 10 красавіка губляе сваю магічную сілу вянок, які сяляне плялі 15 жніўня і захоўвалі на покуці. Нашы продкі верылі, што гэты вянок надзяляў здароўем і прыгажосцю ўсю сям'ю.

Калі сонца на ўсходзе ярка-чырвонае — будзе дождж; калі сонца на захадзе чырвонае – назаўтра будзе добрае надвор'е; калі ў гэты дзень ідзе дождж, то ўраджай будзе добрым.

11 красавіка

Па традыцыі гэты дзень называўся Бярэшчанне, бо працавалі з бяростай. У гэты дзень «слухалі бярозу» — прыкладвалі вуха да дрэва і прыслухоўваліся да руху соку. Бярозу лічылі дрэвам, якое прыносіць поспех, дабрабыт, здароўе і шчасце.

Калі сарокі звілі гнёзды на дрэвах нізка, лета будзе грымотным; лівень у гэты дзень — да добрага ўраджаю.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей