Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Год после инаугурации: что изменилось в стране?

27.03.2026

«Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў»... Гэтае выказванне беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча як мага лепш падыходзіць да апісання дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі. 

Мы, беларусы і беларускі, добра запомнілі, што цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі адбылася 25 сакавіка 2025 года. Здаецца, той шчодры вясновы дзень – час адраджэння прыроды-матухны і зямлі-карміцелькі - быў зусім нядаўна, аднак прайшоў ужо цэлы год.

За кандыдатуру А.Р. Лукашэнкі было пададзена 5 136 293 галасы выбаршчыкаў, што склала 86,82 працэнта ад колькасці, якая ўзяла ўдзел у галасаванні. Кажуць, што лічбы нярэдка сухія і пратакольныя, аднак толькі не такія – вялікія і шматзначныя. Прыгожыя і аптымістычныя!

У той векапомны дзень...

У той велічны дзень лідар прынёс Прысягу, якая згодна з айчыннай Канстытуцыяй, адбываецца не пазней за два месяцы пасля выбараў. Пасля таго, як кіраўнік дзяржавы падпісаў акт аб прынясенні прысягі, старшыня ЦВК уручыў яму пасведчанне Прэзідэнта.

Цырымонія заступлення на пасаду Прэзідэнта праходзіць ў Палацы Незалежнасці – у самай вялікай у краіне Зале ўрачыстых цырымоній. Гэтую надзвычай эмацыянальную і красамоўную падзею разам са сваім лідарам пражывалі ўсе мы – народ, уся Бацькаўшчына. Інаўгурацыю вочна пашчасціла ўбачыць 1100 запрошаным. Сярод іх быў і старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык. Мы помнім, што вайскоўцы Бацькаўшчыны таксама далі клятву на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту – Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі. Згаданая цырымонія адбылася на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх з перамогай на выбарах, падкрэсліўшы, што гэта не толькі яго асабістая перамога, але і яго прыхільнікаў, мільёнаў беларусаў: «Мы зноў большасцю выбралі сваю незалежнасць, пераемнасць палітычнага курса і ўпэўненую будучыню. Паказалі сталасць беларускай нацыі».

А пасля інаўгурацыі – зноў напружаны рабочы графік

Рабочы графік Прэзідэнта заўсёды насычаны падзеямі, мерапрыемствамі і праектамі. Ён штодзённа праводзіць нарады і сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях. Рэгулярна бывае ў рэгіёнах, здзяйсняе замежныя візіты і сам прымае салідных гасцей, размаўляе з зацікаўленасцю з журналістамі, падпісвае ўказы і законы. Як любіць канстатаваць наш Бацька, трэба ва ўсім ісці ад жыцця. Лічу, што зусім не выпадкова мы сталі называць Аляксандра Рыгоравіча Бацькам, Першым: у гэтым таксама аўтарытэт і любоў да Чалавека з вялікай літары, якому мы ўжо традыцыйна давяраем свой лёс. Зусім не выпадкова нават кнігу пра яго назвалі сціпла і проста «Наш Прэзідэнт». Аднак які глыбокі крыецца ў гэтым сэнс.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: «Наша перамога – гэта магчымасць зрабіць яшчэ больш на карысць роднай Беларусі. Таму галоўнае, запомніце, – вы жывяце ў сваёй краіне, на сваёй зямлі. Ваш Прэзідэнт вас ніколі не кідаў і не кіне, не здрадзіць і не ўцячэ. Вы – усё маё жыццё, і я прыкладу максімум намаганняў, каб апраўдаць аказаны мне вамі вялікі давер. Ні ў аднаго лідара дзяржавы няма такіх працавітых і надзейных людзей, як вы, беларусы! Таму я – шчаслівы Прэзідэнт, а Беларусь – краіна, у якой хочацца жыць».

Беларусь – краіна працаўнікоў і стваральнікаў

Мы не можам не ўзгадаць пра дасягненні ў развіцці касмічнай галіны, атамнай энергетыкі, біятэхналогій, лічбавых тэхналогій, оптыкі і мікраэлектроннай прамысловасці. Нас ведаюць як радзіму самых вялікіх БелАЗаў. Кожны дзясяты трактар на планеце Зямля сышоў з канвеера МТЗ. А яшчэ ёсць МАЗы, электробусы, легкавыя аўтамабілі. Распрацаваўшы праграму развіцця вёскі, мы за апошнія дзесяцігоддзі не толькі забяспечылі ўласную харчовую бяспеку, але і ўвайшлі ў дзясятку сусветных экспарцёраў харчавання.
Айчынная медыцына – адна з самых высокатэхналагічных і пры гэтым самых даступных у свеце. Беларусь уваходзіць у дваццатку сусветных цэнтраў транспланталогіі.

«Калі гаворка ідзе пра справядлівасць і праўду, зусім усё роўна, якога памеру твая краіна на карце свету. Голас Беларусі заўсёды гучны і ўпэўнены. За гады сваёй незалежнасці мы сталі ўдзельнікамі вялікай палітыкі. І я магу з усёй адказнасцю заявіць, што ў нас, улады і народа, дастаткова вопыту, каб выстаяць на любых вятрах гісторыі», – канстатаваў лідар.

Далейшае развіццё рэгіёнаў Аляксандр Лукашэнка назваў важнейшым агульнанацыянальным праектам. «Моцная краіна – гэта моцныя рэгіёны!» – падкрэсліў ён. Лідар заклікаў СМІ не змяншаць набраны тэмп і ажыццяўляць усё, каб пра Беларусь ведалі праўду. «Праўда – гэта наша сіла», – падкрэсліў кіраўнік.

«Дзверы мы адчынілі не толькі ў напрамку Расіі і Кітая – вялікая цікавасць сёння ў Інданезіі, М’янме. Паўночная Карэя ўжо просіць у нас пэўны аб’ём нашай прадукцыі. У Афрыцы наогул чакаюць – калі. Таму проста трэба кожнаму варушыцца. Чаму я і прапанаваў у кожным раёне стварыць хаця б па адным прадпрыемстве: «Адзін раён – адзін праект».

Будуем масты, а не сцены... ад суседзяў...

Не сакрэт: цяжкімі былі шляхі-дарогі беларусаў да сённяшняга дня. Адстаялі, перамаглі, захавалі любоў і павагу. Не страцілі сваёй самабытнасці, годнасці. Здабылі незалежнасць. Незалежнасць для мяне – гэта шчаслівая будучыня, стабільнасць, гэта мары і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Гэта шчаслівыя вачаняты нашых дзетак – так хочацца, каб іх нараджалася ў Сінявокай як мага больш!

Шмат магчымасцей у нашай краіне для моладзі. Бацькаўшчына з любоўю адчыняе дзверы розных навучальных устаноў, якія з нецярпеннем чакаюць сваіх юных вынаходнікаў, вучоных, касманаўтаў, настаўнікаў, дактароў, а прасцей кажучы – хлопцаў і дзяўчат, гатовых да складаных выпрабаванняў, да пакарэння новых вяршынь. Магчыма, мы не кожны дзень задумваемся пра такія важныя і складаныя паняцці, як самаідэнтычнасць нацыі ці незалежнасць дзяржавы. Але кожнаму з нас неабходна памятаць, што, з’яўляючыся на свет, мы ўжо адразу становімся часткай беларускага народа, творцамі яго сучаснасці. І будучыні! А цяперашняя моладзь актыўная, мэтанакіраваная, таленавітая будучыня Бацькаўшчыны. І ад кожнага з нас залежыць, якой будзе наша самая прыгожая і светлая Сінявокая заўтра. Наша задача – зберагчы і не растраціць усё, што засталося ў спадчыну ад продкаў. Я ганаруся, што нарадзіўся і жыву ў Беларусі.

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей