22 сакавіка
У гэты дзень адзначалі Саракі. Многія лічаць, што гэта самае старажытнае свята сустрэчы новага года па сонечным календары, якое захавалася да нашага часу. Прынята было выпякаць булачкі ў форме птушачак – жаўрукі. Дзеці насілі іх у поле, насоўвалі на вілы і клікалі вясну, звяртаючыся да «жаўрука»: «На табе зіму, а нам лета! На табе санкі, а нам калёсы!». Таксама выпечанае крышылі на зямлі, каб прыцягнуць птушак.
23 сакавіка
З даўніх часоў дайшло павер’е, што «Васіліса ў гэты дзень па высокіх грудах ходзіць і вясновую ваду ад хат, ад гумнаў ды ад скляпоў адводзіць». Казалі, што людзі, народжаныя ў гэты дзень, асаблівыя: баявыя, звонкія, але характарам няпростыя, як і вясновыя воды.
24 сакавіка
Нашы продкі называлі гэты дзень Зара-зязюля. Верылі, што сёння можна ўбачыць, як зара гарыць, зязюляй па галінках дрэў лётае.
25 сакавіка
Раней казалі: «Феафан наганяе туман». На тых палях, дзе туман асабліва густы, лічылася, што вырасце высокі лён. Таксама прываблівалі птушак да родных хат, да град ільняным ды канапляным насеннем.
У гэты дзень трэба было вельмі пільна даглядаць коней, нельга было, каб яны заставаліся галоднымі. Кепскай прыкметай было пасварыцца сёння – увесь год няшчасце будзе. Незамужнім дзяўчатам забаранялася ламаць галіны бярозы, бо суджанага не сустрэнуць. лепей 25 сакавіка не пазычаць рэчы, бо кепскія людзі могуць сурочыць, з той самай прычыны нельга было нічога бясплатна браць.
26 сакавіка
З гэтага дня пачынаецца Міжблагавешчанне (ад 26 сакавіка да 7 красавіка). Нашы продкі лічылі, што ў гэты час трэба быць асцярожным, каб не наклікаць ваўкоў на статак кароў. Калі прыляцелі гусі – будзе ўраджай; жаўрукі – хутка пацяплее; стаіць туман – лета будзе дажджлівым.
27 сакавіка
Раней гэты дзень называлі Хведар-жывёлавод. Гаспадары выводзілі жывёлу ў двор, чысцілі яе, ветрылі хлявы, выкідвалі гной. «Бяры венік – ідзі да цяляці. Бяры дзяркач – каровін бок паскрабі!» Таксама спяшаліся звезці ў двор рэшту сена і саломы, якія захоўваліся з летняй пары ў стагах. Мароз у гэты дзень азначае, што халодна будзе цэлы тыдзень; грыміць гром – год будзе ўраджайны. Некаторыя лічылі, што нельга глядзецца ў люстэрка, а таксама калоць дровы.
28 сакавіка
Па-старадаўняму гэты дзень завецца ляснічым. Нашы продкі жылі ў адзінстве з лесам, з яго жывёламі. «Да лесу – з мірам, і лес – з дабрынёй». Народжанаму ў гэты дзень прадракалі быць надзейным лесніком з моцным, як у звера, слыхам. На Аляксандра, лічылі старыя людзі, прылятаюць першыя чайкі. Калі чайкі купаюцца, будзе халодна; калі вераб’і расчырыкаліся – пацяплее.

Комментарии