Экалагічны баланс
Сумесна з прадстаўнікамі Капыльскай ЖКГ праведзена абследаванне аварыйных і аварыйна-небяспечных дрэў, запланаваных да выдалення ў бягучым годзе. Па выніках абследавання складзены адпаведныя заключэнні.
Усяго ў 2026-м на гэтыя работы прадугледжана 6000 рублёў. Плануецца спілаваць 23 дрэвы, якія ўяўляюць пагрозу для бяспекі грамадзян і інфраструктуры. Пры гэтым важным складнікам мерапрыемстваў стануць кампенсацыйныя пасадкі, якія дазволяць захаваць зялёны фонд.
Летапіс сельскага жыцця
У сельвыканкаме прайшла, здавалася б, звычайная працэдура – закладка пагаспадарчых кніг. Аднак для сельскай мясцовасці гэта падзея асаблівая. На бліжэйшыя пяць гадоў такія кнігі стануць галоўным дакументам, які фіксуе жыццё кожнага падворка.
Колькі чалавек у сям’і, хто нарадзіўся, хто пераехаў, якая гаспадарка вядзецца – усё гэта знойдзе адлюстраванне на старонках. Пагаспадарчыя кнігі – не проста ўлік, гэта своеасаблівы летапіс, па якім у будучыні можна будзе вывучаць гісторыю сельскіх населеных пунктаў.
Клопат у дзеянні
У гэтым сезоне халады правяраюць многіх на трываласць. І калі адны без праблем чакаюць адступлення снегападаў і маразоў у цёплых кватэрах, то другім патрэбны падтрымка і кантроль. Таму абследаванне домаўладанняў тых, хто ў сілу ўзросту або жыццёвых абставін знаходзіцца ў групе рызыкі, працягваецца.
Шматдзетныя сем’і, адзінокія, пенсіянеры, інваліды – да іх асаблівая ўвага. Спецыялісты глядзяць, як працуе печ, ці не перагружаная праводка, ці не ствараюць самі гаспадары небяспечных сітуацый. І нагадваюць: захаванне простых правілаў можа выратаваць жыццё.

Комментарии