У час святкавання XXVIII Дня беларускага пісьменства мне пашчасціла прысутнічаць на прэзентацыі кнігі Льва Клейнбарта «Сустрэчы. Янка Купала», якая пабачыла свет у выдавецкім доме «Звязда». Слухаючы знакамітых гасцей, якія шмат гаварылі пра нашага земляка, я разумела: праз сваю кнігу ён нібы вяртаецца ў родны Капыль, дзе яшчэ засталася бацькоўская сядзіба.
Сын паважанага лекара
І на самай справе імя гэтага чалавека звязала родную Капыльшчыну з імёнамі такіх знакамітых людзей, як Уладзімір Ленін і Максім Горкі, Аляксандр Купрын і Аляксандр Блок, Фёдар Салагуб і Янка Купала. Для свайго часу Леў Максімавіч аказаўся чалавекам вельмі перадавых і прагрэсіўных поглядаў. І нядзіўна, бо нарадзіўся ён у сям’і паважанага ў Капылі лекара – Навума (пасля хрышчэння Максіма) Аронавіча Клейнбарта, які атрымаў адукацыю ў Швейцарыі і апроч лячэння трымаў ямскую пошту, арганізаваў пажарнае таварыства. Іх дом з чырвонай цэглы і зараз стаіць ў цэнтры Капыля. У розныя часы ў ім знаходзіліся райвыканкам, дзіцячая школа мастацтваў і нават ДАІ. Сёння ў гістарычным будынку знайшлі свае месцы магазіны.
Пасля заканчэння Слуцкай гімназіі ў 1896-1897 гадах Леў Максімавіч вучыўся на фізіка-матэматычным, затым – на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, але быў выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху. У 1901 годзе прыняў праваслаўе. У сям’і, акрамя Льва, выхоўваліся сын Марк, дочкі Роза і Яўгенія. У свой час Марк скончыў Кіеўскі камерцыйны інстытут, Роза стала стаматолагам, Яўгенія – выдатным педагогам, вяла курс рускай літаратуры ў ГІТІСе ў Маскве. Будучы актыўным удзельнікам расійскага сацыял-дэмакратычнага руху, Леў Клейнбарт быў знаёмы з Уладзімірам Ільічом Леніным. Пасля адной з сустрэч Клейнбарт пісаў: «Наш Капыль быў вядомы не толькі ў мясцовых колах. У.І. ведаў пра яго. Убачыўшы ў мяне на стале канверт з маркай «Капыль», Ленін доўга распытваў мяне пра гэта…»
Слова пра Беларусь
Адна з найбольш вядомых кніг Клейнбарта называлася «Маладая Беларусь» і знаёміла чытачоў з літаратурай і літаратурным рухам рэспублікі. За дапамогу ў яе стварэнні Леў Максімавіч выказваў падзяку яшчэ аднаму знакамітаму земляку: «Перш за ўсё мая ўдзячнасць Цішку Гартнаму, які быў для мяне акном у «Беларушчыну». А расійскі пісьменнік-рэвалюцыянер В. Бонч-Бруевіч у 1929 го-дзе пісаў: «Гэта першая кніга, якая дае шырокім колам рускіх пісьменнікаў магчымасць пазнаёміцца з усімі плынямі і этапамі сучаснай беларускай літаратуры на фоне сацыяльнай гісторыі Беларусі». У фондах Капыльскага раённага краязнаўчага музея захоўваецца два экзэмпляры гэтай кнігі, выда-дзеныя ў Мінску ў 1928 годзе.
Сустрэчы з Янкам Купалам…
З Янкам Купалам Клейнбарта пазнаёміў Цішка Гартны. Пасля чаго і быў на-друкаваны зборнік вершаў Купалы «Шляхам жыцця». А рукапіс кнігі «Сустрэчы. Янка Купала» з 1964 года з’яўляецца часткай фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, куды яна патрапіла дзякуючы пляменніцы народнага песняра Ядвізе Юльянаўне Раманоўскай: жанчына ў 1960–1986 гг. працавала галоўным захавальнікам фондаў Купалаўскага музея. Менавіта яна вяла перапіску з братам Льва Клейнбарта – Маркам Максімавічам, які на той час з’яўляўся ўладальнікам часткі архіва даследчыка і перадаў рукапісы на захаванне ў музей.
У прадмове да выдання чытаем: «Праца па набыцці матэрыялаў з асабістага архіва літаратурнага крытыка Льва Клейнбарта распачалася яшчэ ў 1940-я гады Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч. Іх перапіска – сямнаццаць пісьмаў – сёння захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. «Я ведаю, што вы, дарагі Леў Максімавіч, заўсёды былі лепшым сябрам Янкі і цяпер памятаеце яго», – пісала У.Ф. Луцэвіч. Леў Максімавіч Клейнбарт адказваў: «Купала быў з даўніх часоў маім літаратурным сябрам... Мною напісаны вялікія ўспаміны пра Купалу, дзе выкарыстаны ў першую чаргу яго лісты да мяне, а затым лісты пра яго знакамітых беларусаў. «Сустрэчы» гэтыя выйдуць у нашых рускіх выданнях, але я б хацеў, каб яны выйшлі і ў перакладзе на беларускую мову».
…і Сяргеем Ясеніным
Першая ж сустрэча Клейнбарта з Ясеніным адбылася ў загарадным доме ў Лясным, пад Петраградам, дзе тады жыў Леў Максімавіч. Пазней у сваіх успамінах ён так апіша гэтую сустрэчу: «Ціхія прыцемкі ўжо зацягвалі лаўку, на якой я сядзеў... – Леў Максімавіч? – звярнуўся да мяне хлопец, падыходзячы з боку брамкі майго саду. Зусім юны, у пінжаку, у шэрай кашулі з гальштукам, вузкаплечы, жоўтавалосы. – Ясенін, – сказаў ён сваёй разанскай гаворкай. – Вы пра мяне пісалі ў часопісе «Паўночныя запіскі». Сінія вочы, у якіх было больш бляску, чым цяпла, заўсміхаліся. …Праз кароткі час ён ужо сядзеў са мной на балконе, ціхі сельскі хлопчык… Ён расказваў мне пра ўніверсітэт Шаняўскага, у якім вучыўся ўжо паўтара года, пра сурыкаўцаў, пра часопіс «Друг народа». Аб тым, што прыехаў у Петраград шукаць шчасця ў літаратуры. – Каб паслаў бог добрага чалавека, – казаў ён развітваючыся».
Менавіта такім добрым чалавекам для юнага паэта і стаў наш зямляк. Па ўспамінах сучаснікаў, Леў Максімавіч цяжка сыходзіўся з людзьмі. Але калі ўжо сыходзіўся, то сяброўства гэтае захоўваў на ўсё жыццё. Ён валодаў дзіўнай уласцівасцю выклікаць прыхільнасць да сябе, з вялізным задавальненнем дапамагаў сябрам знаходзіць месца ў жыцці, быў вельмі добразычлівым крытыкам, станавіўся нібыта пуцяводнай зоркай для творцаў. Аўтары заўсёды лёгка давалі яму свае працы для крытычнага разбору. І ў яго нататках адчуваецца добразычлівасць у адносінах да людзей, якія яму даверыліся: Маміну-Сібіраку, Караленку, Серафімовічу, Новікаву-Прыбою, Купалу і многім іншым. Сведчаннем такога сяброўства можна лічыць падарунак першага выдадзенага зборніка вершаў Ясеніна «Радаўніца» з дароўным надпісам «Дарагому Льву Максімавічу. На ласкавым слове дзякуй».
Пісьменнік Леў Клейнбарт быў вельмі пастаянны ва ўсім: і ў сваіх літаратурных прыхільнасцях, і ў асабістым жыцці. Яго жонка, Марыя Францаўна Лесгафт (імем яе бацькі названы інстытут фізкультуры ў Ленінградзе), вельмі рана пайшла з жыцця. Дзяцей у іх не было. І як потым сябры не ўгаворвалі яго зноў абзавесціся сям’ёй, больш Леў Максімавіч не ажаніўся. Жыў у Лясным пад Пецярбургам, дзе ў яго былі дача, сад і любімы сабака Трэзор, там пастаянна бывалі маладыя паэты і празаікі, якім вядомы ўжо ў той час пісьменнік Л.М. Клейнбарт дапамагаў зацвердзіць сябе ў творчасці. Не стала Льва Максімавіча 20 лістапада 1950 года…
Комментарии