Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Мои воспитатели и спасители: семейная история любви, труда и настоящего счастья

14.10.2025

Мама – гэта дзяцінства, каханне, шчасце, бязвоблачны краявід.
Мама – гэта сумленне, прызванне, цярпенне, подзвіг і проста быт.

Звычайна пра сваіх мам пішуць вучні ў сачыненні. А вось мне, бабулі, з далечыні маіх гадоў захацелася напісаць пра маіх мам – маму Броню і бабулю Вікцю – пра маіх любых жанчын. Яны даўно пайшлі ў ціхую вечнасць, але заўжды быццам ідуць побач, трымаючы мяне, як некалі, за руку. Яны – нявыдуманыя, сапраўдныя героі майго жыцця.

Мае ратавальнікі, выхавальнікі, настаўнікі. Калі б дзецям далі права ўзнагароджваць сваіх бацькоў, то я скарысталася б і ўручыла ордэн Мужнасці маёй матулі – Саўчанцы Браніславе Адамаўне. За выратаванне ад смерці дзяцей у гады вайны. Я дзіву даюся, як яно, дваццацідвухгадовае дзяўчо, не адчаілася, не разгубілася, а адразу ж, як толькі на граніцы, пад Беластокам, пачаліся страляніна, жудасны гвалт вакол, схапіла нас, дзяцей, мяне, пяцімесячнае немаўлятка, і трохгадовага майго браціка Жэніка, і кінулася наўцёкі. Шлях быў доўгі, цяжкі з-пад Беластоку, дзе жыла наша сям’я (бацька ў гэты час быў на ваенных зборах, дзе, мабыць, і загінуў), да Капыля, дзе ў вёсцы Думічы жылі маміны бацькі.

І вось той шчаслівы момант, калі яна бачыць родную бацькоўскую хату… Уяўляю ўсхваляваную бабулю Матусевіч Вікторыю Францаўну, калі яна ўпершыню ўбачыла тую, за якую Богу малілася, аб выратаванні прасіла, убачыла мяне – сваю ўнучку. Мабыць, з гэтага імгнення мы з’ядналіся з ёй на ўсё жыццё. І ў першы клас вясковай школкі менавіта яна мяне адвяла – накіравала на шлях навукі…

Сёння, калі я часта чую словы аб выхаванні, а на справе бачу вельмі нявыхаваных людзей, я ўспамінаю бабулю і маму, якія гэтае слова наогул не ўжывалі. Бабуля ўпэўнена гаварыла нам, малым:

– Не рабіце, дзеткі, нічога дрэннага, бо гэта вялікі грэх. Бог вас пакарае.

На дзіцячай мове мы разумелі, што гэта значыць: нельга біцца, сварыцца, красці, падманваць, гаварыць брыдкія словы.

Мама прадоўжыла бабуліну навуку:

– Што зробіш дрэннага чалавеку, тое да цябе абавязкова вернецца. Думай, што гаворыш, што робіш. Жыві акуратна.

Вось і ўсё выхаванне. Яно прадаўжалася ўжо на асабістых прыкладах. Бабуля заўсёды ў працы, пры нейкай справе.

З мамай я жыла ўжо з дзевяцігадовага ўзросту. То яна бяжыць на ферму, дзе працавала даяркай, то завіхаецца каля печы, то шчыруе ў агародзе, то сядзіць за швейнай машынкай (ад бабулі навучылася добра шыць). Мы, малыя, былі заўсёды накормленыя, адзетыя, абутыя. А што галоўнае для дзіцяці? Каб многа гуляць і смачна паесці. У бабулі на гэта была раскоша! У лес – там грыбы, ягады, арэхі. На рэчку – купайся колькі хочаш! Бяры кошык – лаві рыбу, ракаў (іх нават рукамі лавілі). Бабуля аднойчы дазволіла мне басанож па снезе пабегаць! Вось як! Весела!

А ў мамы ўжо не было такога свавольства. Там былі ў кожнага свае абавязкі: агарод прапалоць, свіней пакарміць, дроў прынесці. Мама брала мяне нават на ферму, вучыла кароў даіць. Была такая спакойная, лагодная Зорачка. Мне ў рукі – маленькі столачак, невялічкае вя-дзерца – і ўперад. Мне падабалася гэта. Бывала, і дзве кароўкі выдойвала. Мама хваліла: «Такая руплівая памочніца ў мяне расце! Малайчына!»

А яшчэ памятаю, як дружна мы ўсе, і дзеці, і ўнукі, дапамагалі бабулі палоць дзялянку буракоў. Унукаў здзіўляла тое, што наша бабуля, убачыўшы на дзялянцы пустое месца, абавязкова засаджвала яго свежай расадай. Мы смяяліся:

– Бабуля! Навошта? Глянь – колькі тут гэтых буракоў! Якое вялізнае поле!

– Не-е-е! Гэта няправільна, зямелька не павінна пуставаць, – упарта стаяла на сваім бабуля.

Вось такое было працоўнае выхаванне! Мы не ведалі слоў не хачу, не буду, не пайду!.. І раслі дужыя, моцныя, без усялякіх там дактароў. А калі, бывала, жывоцік прыхопіць, дык бабуля Вікця давала лыжачку піжмы з мёдам – і хваробу як рукой знімала!

А якімі прысмакамі кармілі нас! У бабулі заўсёды было мяса рознае, мёд з сырам. А свежы хлеб, выпечаны ў печы на кляновых ці дубовых лісціках, – гэта казка! А блінцы! А другія блінцы, таксама надзвычай смачныя, былі ўжо ў мамы Броні. Яны былі з макам. Больш нідзе я не каштавала такога прысмака. Як і незвычайныя катлеты, смак якіх і па сённяшні дзень успамінае мая дачка.

Мама Броня ведала яшчэ сакрэт надта смачнай яечні. І мы, дзеці, з разуменнем адносіліся да таго, калі яечні на стале не было. У такім выпадку ўсе ведалі, што ў мамы на ферме захварэла цялятка – значыцца, наша яечня пайшла на лякарства. З курыных яек мама рабіла толькі ёй вядомае лякарства, давала цялятку – і тое ўжо назаўтра весела падбрыквала вакол сваёй мамы. І нам, дзецям, было весела! А яечня? Такое бяды! У мамы Броні заўсёды было ўсё смачнае: і духмяныя каўбасы, і кумпякі, і сырнікі, і бабка з яблыкамі. А гусак з начынкай! А пірагі! Сухарыкі! Якое ж «смачнае» было ў нас дзяцінства!

Сёння з далечыні маіх гадоў я не магу не сказаць маім маме і бабулі асаблівы, найвялікшы дзякуй за ўнукаў-праўнукаў, гадаваць якіх яны мужна дапамагалі. Невыпадкова я пісала, што з бабуляй Вікцяй мы з’ядналіся з першага імгнення нашай сустрэчы там, на бабуліным двары. Калі ў мяне нарадзіўся сынок (назвалі яго Віктар), бабуля, якой было ўжо больш за 80 гадоў, прыехала да мяне, каб хоць чым-небудзь дапамагчы, хаця б на першым часе. І сапраўды, яе дапамога была для мяне бясцэннай, а тым больш – для яе праўнучка. Пазней за малога ўжо ўзялася мама. Сама ж працавала ў калгасе і неяк на яго, свайго ўнучка, знаходзіла час…

Многа, вельмі многа і доўга можна распавядаць пра вас, мае любыя жанчыны – мама Броня і бабуля Вікця. Сапраўды, вы – мае і выхавальнікі, і ратавальнікі. Працавітыя, добразычлівыя, міласэрныя, адказныя, сумленныя, улюбёныя ў сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, наогул – у жыццё. Ваша жыццё – гэта прызванне, гэта подзвіг. Гэта – маё шчасце!

Валянціна САЎЧАНКА,
ветэран працы


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей