Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Новая эра энергетики: сколько энергии в наших душах?

06.10.2025

Як грамадзянін самай міралюбівай у свеце краіны Рэспублікі Беларусь не магу не ганарыцца, што майму народу па сілах літаральна ўсё.

Нашы пабывалі ўжо і ў космасе. Успамінаю, колькі памыяў і бруду было выліта непрыяцелямі з Прыбалтыкі, калі мы будавалі Беларускую АЭС – першую атамную электрастанцыю тыпу АЭС-2008. Яна размясцілася ля паўночна-заходняй мяжы Беларусі, паміж аграгарадкамі Варняны, Гярвяты і Міхалішкі. Гэта на адлегласці 18 км ад Астраўца і 40 км ад сталіцы Літвы – Вільнюса.

Запуск першага і другога блокаў

Яшчэ 2 лістапада 2013 года Прэзідэнт падпісаў Указ № 499 «Аб будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі», які дазволіў генеральнаму падрадчыку, расійскаму ЗАТ «Атамбудэкспарт», пачаць будаўніцтва станцыі. Адзначым, што фізічны запуск першага блока АЭС адбыўся яшчэ ў жніўні 2020 года. А афіцыйны – з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі – 7 лістапада 2020 года. Гэта ўжо традыцыя Бацькаўшчыны – адкрыццё вялікіх будоўляў ажыццяўляць на свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Так што хутка мы ўсе разам будзем адзначаць першы невялічкі, але такі знакавы, юбілей – пяцігоддзе Астравецкай атамнай электрастанцыі. Штодзённы аб’ём вытворчасці электраэнергіі першым энергаблокам складае каля 27–27,5 млн кВт/г пры агульным аб’ёме вытворчасці ў айчыннай энергасістэме парадку 95 млн кВт/г.

Будоўля, канешне, не стаяла на месцы. 3 мая 2023 года адбылося першае ўключэнне ў сетку другога энергаблока, а 19 мая – афіцыйная цырымонія яго запуску. Братэрская Расія выдзеліла нам крэдыт на будаўніцтва на суму 10 млрд долараў тэрмінам на чвэрць стагоддзя.

Новая атамная будоўля – усё яшчэ інтрыга

Сёння вялікі рэзананс у грамадстве выклікала навіна пра будаўніцтва новай атамнай станцыі ў Беларусі. Яшчэ канчаткова не вырашана, дзе ж яна размесціцца. Калі ў Астраўцы, то гэта будзе будаўніцтва трэцяга блока ў дадатак да двух папярэдніх. Калі ж прымуць канчатковае рашэнне будаваць на Магілёўшчыне, то гэта будзе новая двухблочная станцыя. Рашэнне ўсё яшчэ застаецца інтрыгай. Нагадаю, што на Глабальным атамным форуме ў Маскве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разам з расійскімі партнёрамі ў Беларусі пабудавалі самую сучасную і прыгожую АЭС. І на парадку дня – ужо будаўніцтва новай АЭС у Беларусі, якое беларускі лідар скрупулёзна абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным.

Сінявокая – ядзерная дзяржава

Нагадаем, што Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 Мвт была пабудавна па расійскім праекце «АСЭ-2006», які адносіцца да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі трэцяга пакалення павышанай бяспекі. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічнывя паказчыкі: галоўная іх уласцівасць – унікальнае спалучэнне пасіўных і актыўных сістэм бяспекі. У час форуму на ВДНГ Лукашэнка падзякаваў Пуціну не толькі за тое, што была пабудавана АЭС у Астраўцы, але і за тое, што беларускія будаўнікі атрымалі ўнікальны вопыт. Так што ўзводзіць новую станцыю нам будзе ў нейкім плане ўжо прасцей – цаліна пройдзена, прычым неабсяжная цаліна. Каштоўна і тое, што будаўнікі з Беларусі па просьбе «Расатама» ўжо бяруць удзел у будаўніцтве падобных станцый у іншых краінах. Спецыялісты і ўрад схіляюцца да таго, што прапануюць будаваць трэці блок у Астраўцы – гэта танней. З другога боку, як падкрэсліў наш лідар, калі будуецца такі капітальны і салідны аб’ект, гэта дае паўнавартаснае развіццё цэламу рэгіёну. Пра будаўніцтва каля Магілёва Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з працоўным калектывам МАЗа. Наш лідар разлічвае і на ўзнаўленне працы на ядзерным цэнтры ў Беларусі, пра што было заяўлена ў час форуму ў Маскве. Наш Прэзідэнт выказаў вялікую ўдзячнасць Расіі, дзякуючы якой мы сталі ядзернай дзяржавай, займелі доступ да таннай электраэнергіі.

Сусветны атамны тыдзень

Сусветны атамны тыдзень, на які ў Маскву прыехалі больш за 20 тысяч гасцей са 118 краін, яшчэ і яшчэ раз прадэманстраваў бясспрэчнае расійскае лідарства ў свеце. Падчас дыскусій былі заяўлены перспектывы ажно на бліжэйшае стагоддзе. «Не без гонару можна сказаць, што толькі Расія сёння валодае кампетэнцыямі ва ўсім тэхналагічным ланцужку атамнай энергетыкі. АЭС расійскага дызайну з’яўляюцца самымі запратрабаванымі ў свеце. Мы развіваем праекты малых наземных і плывучых АЭС, зусім хутка будзем выпускаць іх серыйна», – падкрэсліў на форуме Уладзімір Пуцін. А гендырэктар «Расатама» Аляксей Ліхачоў дадаў: «За апошнія гады стала відавочным, што атамная энергетыка – безальтэрнатыўная частка будучага энергетычнага балансу». Атамная энергетыка – устойлівая, стабільная, прадказальная, у яе доўгія тэрміны эксплуатацыі аб’ектаў. І ў сілу комплекснасці станоўчага ўплыву на эканоміку і на тэхналагічны дызайн усё больш і больш краін у ХХІ стагоддзі выбіраюць атамную энергетыку як надзейны шлях развіцця.

Было падпісана каля 50 пагадненняў. Іран гатовы пабудаваць з «Расатамам» чатыры блокі вялікай магутнасці і падпісаў таксама мемарандум пра будаўніцтва АЭС малой магутнасці. Падпісана пагадненне з Мьянмай, з Узбекістанам – пра будаўніцтва першага ў свеце энергакомплексу вялікай і малой магутнасці і забеспячэння яго палівам. Узгаднілі план у дзеяннях у гэтым кірунку і Расія з Эфіопіяй. А з Беларуссю было заключана пагадненне аб рэалізацыі сумеснай праграмы «Новая сілавая электроніка». Дарэчы, сам Суветны атамны тыдзень быў прымеркаваны да 80-годдзя атамнай прамысловасці Расіі.

«Экалогія: зробім планету чысцейшай»

Красамоўнымі былі нават і назвы саміх пляцовак форуму. Бо ў ХХІ стагоддзі без надзейнай экалогіі не зробіш і кроку. «Даступная чыстая энергія», «Прамысловыя інавацыі: удасканалім вытворчасць», «Экалогія: зробім планету чысцейшай», «Перадавая медыцына: на варце здароўя людзей», «Лічбавы прарыў», «Мабільнасць – лагістыка без межаў», «Камфортнае асяроддзе», «Навука і адукацыя».

Напрыканцы не магу не адзначыць, што ўсе змены ў навакольным свеце адбываюцца ў выніку нашай актыўнай дзейнасці. Мы пераўтвараем свет пад нашы патрэбы, і, каб было больш зручна жыць, патрабуецца ўсё больш рэсурсаў і энергіі. За камфорт даводзіцца плаціць тым, што забруджваецца навакольнае асяроддзе. Атрымліваецца, што спачатку мы ствараем праблемы, а потым пачынаем іх мужна вырашаць.

Сучаснае грамадства ў значнай ступені залежыць ад энергазабеспячэння, таму кіраванне энергетычнымі рэсурсамі з’яўляецца як само паветра неабходным і штодзённа запатрабаваным. Усе арганізацыі Беларусі павінны выконваць патрабаванні па энергазберажэнні, а тыя з іх, што працуюць аддалена (аўтазапраўкі, асобныя крамы і гэтак далей), за кошт наяўнасці там вялікай тэрыторыі могуць устанавіць ветраэлектрастанцыі, сонечныя батарэі і такім чынам выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі.
І многае, вядома ж, залежыць пры гэтым ад энергіі нашых душ і палымянасці сэрцаў.

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей