Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

День народного единства - праздник нашей борьбы

19.09.2025

З’яўленне Дня народнага адзінства ў нацыянальным календары – своеасаблівая даніна памяці суайчыннікам, якія не захацелі змірыцца з несправядлівасцю так званай Рыжскай мірнай дамовы. Нашы продкі мужна змагаліся за ўз’яднанне беларускага народа ў адзіную дзяржаву. А сёння ўжо мы не можам мірыцца, што нас «культуралагічныя» еўрапейцы імкнуцца на казе аб’ехаць...

Крыху з гісторыі

Але так было, на жаль, у далёкім 1921-м, калі мірны дагавор завяршыў савецка-польскую вайну і быў падпісаны 18 сакавіка 1921 г. у Рызе без удзелу беларускага боку. Гэта прывяло да таго, што этнічныя беларускія землі, наш народ амаль на два дзесяцігоддзі былі штучна падзелены на часткі. Канечне, гэты падзел нанёс велізарны ўдар па працэсах нацыянальна-культурнага і палітычнага будаўніцтва Беларусі, зрабіў «беларускае пытанне» адным з асноўных палёў напружанасці ў польска-савецкіх адносінах і ў наступныя гады. І таму нічога выпадковага няма, што праз сто год – 7 чэрвеня 2021 года – Прэзідэнт выдае Указ аб Дні народнага адзінства. Прайшло стагоддзе – і што: палякі, прыбалты супакоіліся?! Якое там?! Палітычная, эканамічная барацьба яшчэ больш разгараецца.

Адзінства – наша нацыянальная каштоўнасць

Як бы ні хацелася сёння ворагам, ўз’яднанне стала актам гістарычнай справядлівасці і падаравалала магчымасць беларускаму народу зноў уз’яднацца, жыць і развівацца ў адзінай суверэннай нацыянальна-тэрытарыяльнай супольнасці. Адзінства – наша сапраўдная нацыянальная каштоўнасць, якую неабходна самааддана паважаць, скрупулёзна берагчы і абараняць ад недругаў, якіх, як аказалася, хапае і на роднай зямлі... Нельга не сказаць, што адноўленае адзінства дазволіла беларусам выстаяць суровыя 1418 дзён і начэй Вялікай Айчыннай, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў ААН. Шкада толькі, што гэтая міжнародная арганізацыя сёння ўжо не карыстаецца былым даверам і аўтарытэтам. Тут у офісах шмат хлусні, адны краіны лічацца вышэйшымі і прыгажэйшымі, чым іншыя – «гарбатыя ды крывыя». Мне прыемна, што Дзень народнага адзінства для нас служыць красамоўным напамінам аб самадастатковасці нашай нацыі і непахіснасці беларускай дзяржаўнасці, сімвалізуе пераемнасць пакаленняў, фарміруе пачуццё дакранальнасці кожнага грамадзяніна да лёсу Бацькаўшчыны, умацоўвае згуртаванасць грамадства на шляху будавання ў ХХІ стагоддзі моцнай, суверэннай і квітнеючай Беларусі!

Што мяне хвалюе...

Мяне як грамадзяніна самай міралюбівай і прыгожай краіны Рэспублікі Беларусь не можа не кранаць тое, што інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная» ўжо традыцыйна з 2021 года праходзіць напярэдадні славутай і знакамітай даты – 17 верасня. Бясспрэчна: Беларусь адзіная – гэта не проста словазлучэнне, гэта стратэгія нашага жыцця... Матэрыяльнага і духоўнага. Сустрэчы акцыі дапамагаюць нам складаць мэтанакіраваную карціну бачання свету, жыццё людзей на нашай планеце. У гэты час мы звяраем жыццёвыя арыенціры, умацоўваем жаданне і імкненне зрабіць нешта па-сапраўднаму важнае для Айчыны. На жаль, негатыўныя і крывавыя падзеі гісторыі паўтараюцца.

Ворагі не маглі супакоіцца, пакуль не развалілі магутную дзяржаву – СССР, разарвалі нас на кавалачкі, як некалі дзве Беларусі. А сёння ўжо зносяцца помнікі савецкім салдатам і афіцэрам у «дэмакратычнай» Еўропе, перапісваюцца падручнікі гісторыі. Больш за тое, адбіраецца Вялікая Перамога ў адзінага яшчэ тады савецкага народа, які, дарэчы, таксама ў многім перамог, бо народы аб’ядналіся. Для іх інтэрнацыяналізм, адзінства не былі пустым гукам... У нас жа, наадварот, узводзяцца новыя помнікі героям. Дрэнна толькі, што некаторыя абыякавыя нашчадкі ўсё ніяк не могуць знайсці туды дарогу...

Ужо і сёння нас, беларусаў – ужо ў адзінай дзяржаве – тая ж Польшча, Прыбалтыка, іншыя заморскія краіны імкнуцца атакаваць з усіх бакоў. Закрываюцца межы, нават паветраныя. Марудна працуюць мытні. На мяжы спецыяльна псуюцца беларускія прадукты – як усё гэта можна назваць? Калі не эканамічным і палітычным тэрорам, сабатажам?! Зноў бежанцы з розных куткоў свету, як і ў пачатку ХХ стагоддзя...

А ў Польшчы чамусьці галоўная будоўля апошніх год – беларуска-польская сцяна адлегласцю 186 км. Вось куды ідзе бюджэт палякаў, а яшчэ і на ўзбраенне. Выйшлі на забастоўкі працаўнікі, фермеры ў Германіі, Францыі. А старшыня ЕК Урсула фон дэр Ляен усё яшчэ балбоча: «Мы пускаем у Еўропу не ўсіх, Каб прыехаць да нас, трэба яшчэ заслужыць!». Не, панове, служыце сабе самі... Нярэдка заморска-заакіянскія дзядзечкі ды цётачкі кажуць, што ў Беларусі выбары дэпутатаў, Прэзідэнта сфальсіфікаваны. Народ у гэтай «бульбяной» рэспубліцы, маўляў, не можа, не баючыся, нічога сумленна сказаць, у нас адсутнічае свабода слова, проста няма яе і ніколі не было. Гэта не проста фэйкі заходніх СМІ, гэта глупства і ідыёцтва.

Людзі не спяшаюцца разыходзіцца...

Акцыя «Беларусь адзіная» традыцыйна адбываецца ў розных гарадах, вёсках, аграгарадках Беларусі, відавочна даказвае і паказвае, наколькі адкрыта мы разважаем пра самыя вострыя, супярэчлівыя, канфліктныя пытанні і праблемы нацыянальнага жыцця. На сустрэчах гучаць пытанні, што датычацца ідэалогіі (дарэчы, скептыкі і ныцікі зноў жа спрабуюць даказваць з пенай ля рта, што ніякай ідэалогіі ў Беларусі няма). Ім што толькі ні скажы, адразу пачуеш: гэта не мае дачынення да сутнасці ідэалогіі! З другога боку, таленавіты скульптар Канстанцін Касцючэнка, якому была прысуджана Дзяржаўная прэмія за праект стварэння манумента «Вароты памяці» ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец», на адной з дыялогавых пляцовак прадствіў сваё бачанне нацыянальнай ідэі: «Гэта, у першую чаргу, наша адзінства, наша агульнасць, нягледзячы на тое, што мы знаходзімся ўвесь час існавання ў такім складаным геаграфічным становішчы. Беларусь аднаўлялася пасля кожнага катаклізму, як птушка Фенікс, і праносіла свае асноўныя каштоўнасці на працягу гісторыі».

Канечне, на сучасным этапе нам неабходна быць адкрытымі новым ідэям, тэхналогіям, дасягненням. Але пры гэтым вельмі важна заставацца сумленнымі і справядлівымі, скрупулёзна асэнсоўваць, што ў ХХІ стагоддзі толькі захаванне адзінства і абарона Радзімы – айчынныя галоўныя прыярытэты. Радуе, што наша моладзь такая розная: нават з супярэчлівымі і неардынарнымі поглядамі ў ХХІ стагоддзі гатова ўжо красамоўна праяўляць сябе і галоўнае – браць адказнасць за будучыню Бацькаўшчыны. Менавіта стратэгія будучага сёння хвалюе як рабочую, так і студэнцкую моладзь. Прычым маладыя людзі гатовы развівацца, абавязкова захоўваючы той паспяховы фундамент, які залажылі старэйшыя пакаленні. Нельга не адзначыць, што такія мажлівасці ёсць далёка не ў кожнай краіне свету. Вельмі важна захоўваць гістарычную памяць, фарміраваць нацыянальную самасвядомасць: знакавым месцам павінен стаць новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску. Разам з музеем Вялікай Айчыннай яны пакажуць кожнаму жыхару і госцю Беларусі: хто мы такія – беларусы. Хто яна – наша Бацькаўшчына. І кожны турыст менавіта тут будзе пачынаць сваё адкрыццё нашай краіны.

А наш народ ціха і спакойна, мудра і талкова штодня разважае пра жыццё-быццё, пра працу для маладых і вопытных спецыялістаў, пра арэнднае жыллё, статус настаўніка, пра выдатную і перадавую айчынную медыцыну. На сустрэчах акцыі, якая пераняла традыцыі марафона адзінства, важнымі з’яўляюцца і змест, і атмасфера. Калі заканчваецца сустрэча, людзі не спяшаюцца разыходзіцца, як было раней. Яны абмяркоўваюць, прапануюць свае праекты, задаюць дадатковыя пытанні лектарам. Гэта сведчыць пра тое, што акцыя «Беларусь адзіная» неабходная, актуальная і запатрабаваная як моладдзю, так і старэйшым пакаленнем. Ні ў якім разе нельга самазаспакойвацца.

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей