Кропкі ў гісторыі
Пагартаем старонкі нашага жыцця-быцця крышачку назад. 27 ліпеня 1990 года Беларусь абвясціла сваю незалежнасць: Вярхоўным Саветам была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены канстытуцыйны статус. Тады ж, ЗША другімі ў свеце – пасля Украіны (!) – прызналі незалежнасць нашай Бацькаўшчыны – яшчэ 25 снежня 1991 года. Пасля таго, як дзве краіны ўсталявалі дыпламатычныя адносіны, у Мінску 31 студзеня 1992 года афіцыйна адкрылі пасольства ЗША. Пасольства Рэспублікі Беларусь у ЗША было створана ў 1992 годзе. ЗША і Беларусь неаднаразова абменьваліся афіцыйнымі візітамі на вышэйшым узроўні. Прэзідэнт ЗША ўпершыню наведаў Беларусь 15 студзеня 1994 года. Аляксандр Лукашэнка здзейсніў візіт у Злучаныя Штаты ў 1995 годзе. З таго часу ў двухбаковых адносінах назіраліся як узлёты, так і падзенні. Напрыклад, 7 мая 2015 года ў Брэсцкай крэпасці, а 9 мая ў Мінску, на ўрачыстасцях у гонар 70-годдзя разгрому нацызму выступаў вайсковы аркестр ЗША. А 30 лістапада 2020 года Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ўхваліла законапраект «Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі». Быў бы беларус, а амерыканец заўсёды знойдзе, што ў нашага суайчынніка не там тырчыць...
Вучымся разумець
Мне захацелася больш скрупулёзна і ўважліва паслухаць, паглядзець па ТБ, паразважаць, узважыць усе «за» і «супраць». Дарэчы, «СП» ужо неаднаразова пісала пра розных амерыканскіх надзвычай цікаўных візіцёраў у нашу краіну. Аднак сам тон новай сустрэчы быў, на здзіўленне, больш цёплы і прыязны, больш аптымістычны і шматабяцаючы.
Аляксандр Лукашэнка як мудры гаспадар ветліва сустрэў новых наведвальнікаў. І мне як грамадзяніну самай міралюбівай, самай прыгожай і гасціннай краіны ў свеце вельмі захацелася паверыць, што сяброўства вялікай і маленькай краін будзе плённым і сапраўдным ў ХХІ стагоддзі. Будзем спадзявацца, што перагорнута новая старонка двухбаковых адносін. Усе мы добра памятаем папярэднія размовы Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі па тэлефоне, калі наш Прэзідэнт запрасіў амерыканскага калегу з сям’ёй ў Беларусь – і той запрашэнне прыняў. А пакуль Лукашэнку перадалі пісьмо ад Трампа з цёплымі віншаваннямі з днём нараджэння і пажаданнямі: «Шаноўны спадар Лукашэнка, Мялання далучаецца да мяне, каб перадаць нашы найлепшыя пажаданні ў сувязі з вашым днём нараджэння». У лісце ад амерыканскага лідара таксама ўзгадваецца пра нядаўнюю перамогу беларускі на тэнісным турніры US Open: «Пры-знаём вялікую перамогу беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленкі на адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Нью-Ёрку. Яна прадстаўляе сабой самае лепшае з таго, чым з’яўляецца ваша краіна. І мы ведаем, што вы вельмі ганарыцеся яе дасягненнямі… Мы молімся за ваша здароўе і дабрабыт, а таксама за прагрэс па дасягненні нашых сумесных мэт ад імя народаў ЗША і Беларусі», – гаворыцца ў пісьме.
Джон Коўл адзначыў той факт, што ліст падпісаны «Дональд». Амерыканскі прэзідэнт рэдка падпісваецца першым імем – гэта асаблівы знак сяброўства. Ён перадаў Аляксандру Лукашэнку падарунак – запанкі з выявай Белага дома. «Я ўжо выходзіў з авальнага кабінета. Ён мяне спыніў і папрасіў: «Пачакай, не забудзься вось гэта перадаць Прэзідэнту», – падзяліўся Джон Коўл.
Наш лідар выразіў удзячнасць госцю за тое, што ён знайшоў мажлівасць прыехаць у Беларусь, нягледзячы на складаную міжнародную абстаноўку, і прапанаваў да абмеркавання шэраг стрыжнявых пытанняў, уключаючы развіццё двухбаковых зносін, глабальную павестку ў кантэксце абе-дзвюх краін і эфектыўнае эканамічнае супрацоўніцтва.
Крокі насустрач
ЗША прапанавалі вярнуць пасольства ў Мінск і нармалізаваць адносіны з Беларуссю. Пра гэта па выніках сустрэчы з лідарам Беларусі заявіў Джон Коўл: «Мы хочам, каб паміж нашымі краінамі развіваліся экнамічныя адносіны, развіваўся гандаль… Мы гатовы і прэзідэнт Трамп гатовы, каб нашы ўзаемаадносіны нармалізаваць канчаткова».
Не можа не радаваць, што нарэшце «лёд крануўся»... ЗША знялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Джон Коўл перадаў словы Трампа: «Зрабіце гэта без затрымак». Фактычна пытанне адмены санкцый і стала галоўнай прычынай прыезду амерыканскай дэлегацыі на гэты раз.
Ці ўсім даспадобы?
Аднак у свеце разгортваюцца падзеі, што сведчаць, з якім негатывам, нават нянавісцю, ставяцца ў Еўропе да таго, што Дональд Трамп аддаў перавагу Расіі і Беларусі ў сваіх сустрэчах-стасунках. І нават па адной з версій у забойстве ў ЗША, у штаце Юта, кансерватыўнага актывіста Чарлі Кірка многія бачаць украінскі след, накіраваны на тое, што, маўляў, не з тымі сябруеце... Нават выказваюцца злосныя меркаванні, што гэтае забойства будзе не апошнім.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці беларускага боку ўстаць побач з Дональдам Трампам і дапамагаць яму ў місіі па ўстанаўленні міру. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы з дакладам пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова. Наш лідар надзвычай удзячны Дональду за тыя намаганні, якія ён робіць у сусветнай палітыцы сёння. Пажадаў яму паболей аб’ектыўнасці: «Слухаць трэба ўсіх, гэта Дональд умее, але высновы ён павінен рабіць сам».
Джон Коўл прызнаўся, што ён вельмі задаволены сустрэчай з кіраўніком беларускай дзяржавы. «Сапраўды, гэтак жа, я ўпэўнены, будзе задаволены вынікамі нашай сустрэчы і прэзідэнт Трамп пасля таго, як я далажу яму аб выніках. Прэзідэнты Беларусі і ЗША –гэта лідары, якія робяць усё для таго, каб нармалізаваць нашы адносіны і канцэнтравацца пры гэтым не на адрозненнях, а на агульных момантах», – адзначыў прадстаўнік прэзідэнта ЗША.
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии