Крыху з гісторыі
Дарэчы, дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай былі ўсталяваны яшчэ ў студзені 1992 года. 11 студзеня 1993 года ў Пекіне была падпісана сумесная беларуска-кітайская заява аб супрацоўніцве. Абедзве дзяржавы выказаліся ў падтрымку стварэння шматпалярнай сістэмы міжнародных адносін і імкнуцца актыўна падтрымліваць адзін аднаго на міжнароднай арэне. Наш лідар неаднаразова наведваў Кітай. Другі візіт адбыўся ў 2001 годзе. У гэтым жа годзе Беларусь наведаў старшыня КНР Цзян Цзэмінь. У снежні 2005 года Лукашэнка наведаў КНР, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам і падпісаў шэраг кантрактаў. Ён прысутнічаў таксама на адкрыцці Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне, сумясціўшы сваю паездку з рабочым візітам. А лідары абедзвюх краін называюць пры сустрэчах адзін аднаго сябрамі і таварышамі. Самі паэтычна-літаратурныя назвы – Сінявокая і Паднябесная – у многім падобныя. Яны – пра мірнае блакітнае неба над нашымі галовамі, і пра тое, што войны не павінны больш паўтарацца.
У кожнага – свая Вялікая Перамога
Саміт 2025 года стаў самым аб’ёмістым і змястоўным за ўсю гісторыю аб’яднання. Лідару Беларусі прапанавалі слова аднаму з першых. Прэзідэнт павіншаваў прысутных і іх народы з важнай датай – 80-годдзем Вялікай Перамогі, якая прынесла свабоду ўсяму цывілізаванаму свету, але якую многія сёння так хочуць адабраць у пераможцаў, перапісаць вынікі Другой сусветнай вайны. Па запрашэнні кіраўніцтва ў Пекіне Лукашэнка не мог не прыняць удзел і ў святочных мерапрыемствах, парадзе, прысвечаных 80-годдзю Перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнню Другой сусветнай вайны.
Дарэчы, калі 10 год назад, у 2015-м, адбываўся візіт Сі Цзіньпіна ў Мінск, адной з кропак маршруту стала наведванне Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І ў гэтым быў пэўны сімвалізм, бо візіт Сі Цзіньпіна прыпаў на 70-годдзе Вялікай Перамогі. Старшыня КНР тады скрупулёзна пазнаёміўся з музейнымі экспазіцыямі, пасля чаго пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. Пазней лідар Кітая прызнаўся, што застаўся пад глыбокім уражаненнем ад убачанага. І, вядома, перамога над фашызмам была агульнай!
Дзень сённяшні
Цяперашні візіт у Кітай для беларускага лідара стаў ужо 16-м па ліку. І тым не менш Аляксандр Лукашэнка ў размове з Сі Цзіньпінам не стаў хаваць прыемнага здзіўлення ад таго, якімі шпаркімі тэмпамі развіваецца Кітай, і сумленна прызнаўся, што калі «бачыш каласальныя змены літаральна за паўгода-год – забываеш пра тое, што хацеў сказаць». Прэзідэнт акцэнтаваў, што ў палітычным уладкаванні дзяржавы Беларусі ёсць што пераняць у Кітая: «Некалі Савецкі Саюз і Кітай вельмі дружна выбудоўвалі тую мадэль, якую вы зараз не згубілі, якая ў вас дзейнічае пры арганізацыі і кіраўніцтве КНР. Мы, на жаль, многае згубілі. І сёння ўжо той, хто над гэтым сур’ёзна думае, разумее, што мы вельмі многае страцілі. Я вас віншую, што вы па-кітайску мудра, акуратна, без рэвалюцый і патрасенняў накіроўваеце сваю краіну да той мэты, якую вы вызначылі». Старшыня КНР падкрэсліў, што ў вайну «кітайскі і беларускі народы змагаліся плячом да пляча, унеслі важкі гістарычны ўклад у разгром мілітарызму і фашызму, змацаваўшы паміж сабой непарушнае сяброўства». «Сёння, калі ў свеце адбываюцца агромністыя перамены, а чалавецтва зноў знаходзіцца на ростанях, мы гатовы з нашымі беларускімі партнёрамі разам выконваць місію часу, увасабляць у жыццё сапраўдную шматбаковасць дзеля міру, развіцця, супрацоўніцтва і ўсеагульнага выйгрышу ва ўсім свеце», – адзначыш кітайскі лідар.
Развіццё тэхналогій і адносін
Успомнім, што па выніках візіту ў Беларусь Прэм’ера Дзяржсавета КНР Лі Цяна яшчэ ў жніўні 2024 года была вызначана стрыжнёвая задача на сярэднетэрміновую перспектыву – вялікі прыход кітайскіх тэхналогій у Беларусь, а таксама судакрананне развіцця краіны з канцэпцыяй новых вытворчых сіл Кітая на падставе тэхналогій, інавацый і чалавечага патэнцыялу. З 2020 года Кітай з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. За 5 год доля КНР у нашым экспарце ўзрасла ў 1,6 раза (з 2,7 працэнта ў 2020-м – да 4,3 працэнта ў 2024-м). Беларусь уваходзіць у топ-10 пастаўшчыкоў у КНР калійных угнаенняў (2-е месца), рапсавага масла (3-е месца), мяса птушкі (5-е месца), малака сухога (7-е месца). У 2024 годзе тавараабарот склаў 8,6 млрд долараў.
На форуме была прынята Цяньцзінськая дэкларацыя і зацверджана стратэгія развіцця ШАС на перспектыву – да 2035 года. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце і ў фармаце «ШАС плюс», дзе да ўдзельнікаў далучыліся высокія госці з іншых дзяржаў – больш чым з трох дзясяткаў краін. Прэзідэнт падкрэсліў: «У нас ёсць моцная валюта, юань, на які сёння арыентуюцца многія краіны, і мы ў тым ліку. У нас ужо разлікаў у юані больш, чым у доларах. Гэта звязана і з тымі санкцыямі, якія ўвялі бяздумна ЗША. Рупія, расійскі рубель у тым ліку – гэта моцныя валюты».
Дададзім, што абсалютная большасць беларускага тавараабароту і экспарту сёння прыходзіцца менавіта на краіны ШАС. Беларусь у Кітаі купляе ўсё тое, што раней купляла на Захадзе, – і рухавікі, і гідраўліку, і камплектуючыя для нашых аўтамабіляў. Прэзідэнт распавёў, што па многіх пытаннях Беларусь вучыцца ў Кітая і пераймае вопыт: «Я перакананы чалавек, што да Кітая трэба не проста прыглядацца, а пераносіць у сваю рэальнасць».
Аляксандр Лукашэнка выступіў за ўдасканаленне механізмаў ШАС па супрацьдзеянні пагрозам і выклікам бяспекі, а таксама за ўзмацненне каардынацыі па лініі спецслужб і абаронных ведамстваў. Беларусь падтрымлівае ініцыятывы ШАС па сумеснай барацьбе з тэрарызмам, кіберпагрозамі, транснацыянальнай злачыннасцю.
Плённыя сустрэчы
Прэзідэнт Беларусі на палях саміта ШАС правёў звыш дзясятка нефармальных сустрэч з замежнымі лідарамі. Камеры зафіксавалі вельмі цёплыя прывітанні, якімі абмяняліся з Прэзідэнтам Лукашэнкам Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі і Прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган. Фотакамеры адлюстравалі сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным і Прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. Затым мы ўбачылі сустрэчу з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і Прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Мы сачылі таксама за суадносінамі нашага Прэзідэнта з Прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам, Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, лідарам Мьянмы Мін Аўн Хлайнам, Прэзідэнтам Туркменістана Сярдарам Бердымухамедавым, Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, Прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам.
Наша краіна надае вялікае значэнне ўмацаванню сувязей паміж краінамі ШАС у сферах адукацыі, навукі і культуры. Гуманітарнае вымярэнне ШАС важна пастаянна напаўняць канкрэтным зместам і новымі магчымасцямі: «Нам неабходна ствараць паўнацэнную рэгіянальную адукацыйную платформу, напрыклад, на падставе Універсітэта ШАС. І на гэтай пляцоўцы праз праграмы ШАС фарміраваць пакаленне спецыялістаў – людзей, якія ведаюць адзін аднаго, паважаюць культурныя асаблівасці і дасягненні краін-партнёраў. Іншымі словамі, свайго роду «народных дыпламатаў», якія дапамогуць культываваць на міжасобасным узроўні атмасферу даверу, сфарміраваную лідарамі краін «шанхайскай сям’і», – адначыў Прэзідэнт.
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии