Адзначым, што карэспандэнт выдання Сайман Шустэр сустрэўся з нашым Прэзідэнтам яшчэ 25 ліпеня, аднак некаторы час ні назва СМІ, ні прозвішча інтэрв’юера не раскрываліся, каб захаваць інтрыгу і эксклюзіўнасць матэрыялу. Наш Прэзідэнт – прынцыповы чалавек, з пустога ў нішчымнае пераліваць не будзе! Праўда, падчас амерыканская крынічка з вуснаў Саймана біла праз край: той, нягледзячы ні на што, на пасаду суразмоўцы перабіваў Прэзідэнта, устаўляў, як кажуць, свой пятак, імкнуўся нават дапоўніць адказы лідара краіны, падагульніць, зрабіць вывады. Так і хацелася запытацца: калі так добра ведалі адказы, навошта было прыязджаць?
Сайман не мог не зрабіць адсылку на нядаўнія візіты ў Мінск амерыканскіх дыпламатаў. І ў прынцыпе, мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не можа не радаваць хаця б той факт, што адносіны паміж ЗША і Беларуссю зрушыліся.
Як звычайнаму турысту, Сайману давялося пяць гадзін быць на мяжы, адчуць увесь сервіс еўрапейскай мытні. А ў Беларусі пропуск арганізаваны якраз на вышэйшым узроўні. Карэспандэнт адзначыў, што неабходна тэрмінова ўзнавіць кантроль на межах паміж краінамі Еўрасаюза, якія ўваходзяць у Шангенскую зону. Канешне, па лініі спецслужб каналы ўзаемадзеяння працягвалі існаваць заўсёды.
Time – амерыканскі штотыднёвы часопіс і інфармацыйны партал са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Ён мае каля 30 мільёнаў чытачоў па ўсім свеце, большасць з якіх жыхары ЗША, дзе часопіс неаднойчы прызнаваўся самым папулярным друкаваным, самым распаўсюджаным палітычным, самым аўтарытэтным выданнем свету. Сайман – карэспандэнт часопіса з 2013 года. Цікава, што ён нарадзіўся ў Маскве ў 1983 годзе, а ў 1989 годзе яго сям’я эмігрыравала ў ЗША. У 2006 годзе Шустэр вярнуўся ў Маскву, працаваў журналістам (вось чаму ў яго такое добрае веданне рускай мовы!) The Moscow Times, The Associated Press, Reuters.
Лукашэнка і Шустэр за 2,5 гадзіны паспелі абмеркавць найбольш рэзанансныя праблемы: мірны працэс паміж Расіяй і Украінай, роля Беларусі і Прэзідэнта Лукашэнкі ў гэтым працэсе. Чаго чакае Лукашэнка ад патэнцыяльных беларуска-амерыканскіх перамоў. Актыўны міжнародны дыялог Беларусі і санкцыі з боку ЗША і ЕС. Спецыяльная ваенная аперацыя – у дэталях. Беларуска-рускія вучэнні «Захад-2025» і змяненне іх плана. Ядзерная зброя і ракетны комплекс «Арэшнік» як моцныя аргументы. Суверэнітэт Беларусі і забеспячэнне яе бяспекі.
Прэзідэнт прызнаўся, што сёння Беларусь не верыць у хуткую адмену санкцый, як і ў тое, што Амерыка сур’ёзна хоча нармалізаваць адносіны. У Беларусі ўсё яшчэ няма пасла ЗША. Ды і само зняцце санкцый расцэньвалася б Беларуссю як значны крок у нармалізацыі адносін. А пакуль што толькі вызваленне заключаных у турме пасля візіту амерыканцаў было паднесена ў ЗША як вялікае дасягненне Трампа. Сярод іх быў адзін грамадзянін Германіі, прыгавораны да смяротнага пакарання. Дарэчы, «беглыя» аказаліся асабліва незадаволенымі, што адпусцілі Сяргея Ціханоўскага. Вось вам і салідарнасць апазіцыі!
Лукашэнка ў час інтэрв’ю раскрытыкаваў публічныя выступленні Дональда: яны, маўляў, нярэдка супрацьлеглыя і галаслоўныя, а значыць – не могуць нікім успрымацца ўсур’ёз і выклікаць давер.
Шустэр, канешне, не мог не агучыць думку, што ЗША праз узнаўленне дыялогу з Беларуссю імкнецца яе аддаліць ад Расіі. Дарэчы, з боку ЗША такое жаданне было заўсёды. Пра гэта казаў яшчэ Джордж Сорас, калі ў 1990-я гады прыязджаў у Беларусь і сустракаўся з Лукашэнкам.
Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Саюзнай дзяржаве надзвычай цесныя адносіны, якія склаліся не толькі гістарычна, але і замацаваны ў шматлікіх дакументах: «Таму нейкія заходнія еўрапейцы і іншыя, нават амерыканцы, у нашы адносіны з Расіяй няхай не лезуць. У нас ёсць адносіны ў ваеннай галіне. Пачынаючы з «Арэшніка», заканчваючы ядзернай зброяй. У нас ёсць адносіны ваенна-тэхнічнага характару. Самы ёмісты рынак для Беларусі – расійскі. Мы ў Расіі купляем энерганосьбіты. Расія ўжо ва ўсе свае дакументы ўключыла: нападзенне на Беларусь – гэта нападзенне на Расію. Так і ў нас: нападзенне на Расію – гэта нападзенне на Беларусь». Разарваць нашы адносіны ніхто не здолее, асабліва балбатуны Еўрапейскага саюза.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды імкнулася развіваць дружалюбныя адносіны са сваімі суседзямі. Бо яны, як часта паўтарае наш лідар, ад Бога, іх не выбіраюць. Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнымі саюзнікамі для Беларусі застаюцца Расія і Кітай. А ў ліку прыярытэтаў – краіны дальняй дугі.
З самага пачатку канфлікту ва Ўкраіне пазіцыя Беларусі і яе лідара заставалася нязменнай – трэба сядаць за стол перамоў і знаходзіць мірныя спосабы ўрэгулявання. Беларусь і сёння працягвае настойваць на вяртанні да сумленнага, прынцыповага дыялогу. Аднак, на жаль, гарачая фаза ваенных падзей усё яшчэ працягваецца – хапае ва Украіне і наёмнікаў-забойцаў, якім усё роўна, па якой мішэні патрапіць, галоўнае, каб заробак выплачвалі... Неабходна, каб дагаварыліся не толькі пра перамір’е, але і пра мір, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што, калі ў Мінску адбываліся першыя перамовы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне, ён яшчэ тады казаў пра неабходнасць падключэння да гэтага працэсу амерыканцаў – інакш карысці не будзе. Аднак ні Дональд у час першага тэрміну, ні тым больш Джо Байдан гэтага так не зрабілі. Ды і ў сённяшніх паводзінах Трампа Лукашэнка бачыць нейкі заакіянскі спектакль.
Мне, грамадзяніну суверэннай Беларусі, так хочацца, каб у нашу самую прыгожую і міралюбівую краіну ў свеце прыязджала як мага больш гасцей, турыстаў. Дыпламатаў, паслоў, карэспандэнтаў-міжнароднікаў. Каб яны там, у сябе на радзіме, распавядалі праўду, а не распаўсюджвалі фэйкі пра Беларусь. А не ехалі да нас увесь час толькі цікаўныя Варва́ры. Ужо настаў час прыязджаць і сябраваць. Сумленна, па-сур’ёзнаму. Прыязджаць у гасцінную і добразычлівую Сінявокую!
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии