А быў жа час, калі гэта жывёла (і не адна) была на кожным сялянскім падворку. Не трымалі карову хіба толькі лайдакі, якіх па-мясцоваму клікалі Бабiцкiя. У кожнай хаце гадаваліся па трое, чацвёра, пяцёра дзяцей. І без кароўкі ніяк не абысціся. Малачко сваё, смятанка, масла, тваражок – усё гэта было добрым падспор’ем, каб выгадаваць дзяцей.
У 60-70-ых гадах мінулага стагоддзя ў Лоцвiнах налічвалася 8 статкаў. У нашым было каля 30 кароў. Дзесьці раз у месяц выпадала пасвіць чаргу. Да гэтага мерапрыемства рыхтаваліся загадзя. З вечара адкладвалася вопратка, дзе абавязковым атрыбутам быў плашч на выпадак дажджу. З усходам сонца будзілі нас, малых. І вось ужо па вуліцы гучала: «Каровы выганяйце! Каровы выганяйце!».
Жывёла пасля ранішняй дойкi бадзёра пакідала свае выгульныя двары, каб хутчэй уліцца ў адзіны паток, які шпарка набліжаўся да пашы. Яшчэ не спаўшая раса прыдавала асаблівую хрумкасць свежай траве, якая ў парадак спажывалася жывёлай. Праз некалькі гадзін, наталiўшы голад, яны клаліся перадыхнуць. А ў нас, пастушкоў, быў час для снедання. Вараныя яйкі, агуркі, памідоры, духмяны капыльскі хлеб, кавалачак сала, малако ў шкляной бутэльцы... На свежым паветры, пад спеў жаўрукоў такі сняданак быў самым смачным у нашым жыцці. Потым можна было і задрамаць на некалькі хвілін, пакуль каровы адпачывалі і «жувалi жвачку».
У абед прыганялi статак у вёску, а пасля, як сонца прытомiцца, зноў займалі чаргу. Вечарам каровы ішлі павольна, нібы баючыся праліць поўнае вымя малака. Каля кожнай хаты іх сустракалі гаспадыні, каб паспець да цямна падаiць сваю кармiцельку.
Марыя ШЭІНА,
заслужаны журналіст Беларускага
саюза журналістаў
Комментарии