Па вёсцы гуляла байка, нібыта гэтыя пазыўныя будзяць мясцовага брыгадзіра. Хто жартам, а хто ўсур’ёз, але падпявалі ў такт: «Ку-ку-ла, пара на работу! Ку-ку-ла, пара на работу!» Дзядзька Кукула быў чалавек сур’ёзны, паважаны на сяле. Вось і думалі мы, што ажно з Мінска яго будзяць. Ведама ж, праца брыгадзіра адказная і нялёгкая, каб хаця не праспаў.
А яшчэ неяк прайшла чутка, што камета хутка ўпадзе. Адкуль пайшло гэта, невядома. Я вучылася тады ў пятым класе. Апранулася раніцай, партфель сабрала і сяджу. Мама завіхалася па гаспадарцы, а калі зайшла ў хату, то здзівілася:
– Ты чаго ж у школу не ідзеш? Можа захварэла?
– Не, здаровая, – ціхенька прашаптала я, а пасля заплакала. – Баюся. Сёння камета ўпадзе.
– Вось бяда! – усклікнула мама. – Мала што людзі могуць наплесці. Давай паслухаем перадачу з Капыля. Там праўду скажуць.
Яна дабавіла гук у прыёмніку і панеслася: «Гаворыць Капыль! Добрай раніцы!» Я прагна ўслухоўвалася ў кожнае слова дыктараў. А там усё пра надоі ды пра гектары... І нічога пра камету. «На гэтым перадача закончана. З вамі былі Тамара Корзун і Рыгор Швец. Усяго добрага, таварышы!».
Мама пагладзіла мяне па галоўцы, паправіла банцiкi і сказала :
– Вось бачыш, і ў Капылі нічога не ведаюць. Хуценька бяжы на ўрокі. Ты і так крыху спазнілася.
Задаволеная, я подбегам накіравалася ў Цялядавiчы праз карыцiну. Нягледзячы на цяжкі партфель і тры кіламетры хадзьбы, у мяне быў цудоўны настрой. На сэрцы было радасна ад таго, што ніякая камета не ўпадзе, што я ўбачу сваіх аднакласнікаў, а пасля вярнуся ў родную хату...
З той пары я не прапускала ніводнай перадачы з Капыля. Мне здавалася, што там працуюць самыя разумныя людзі, якія ўсё пра ўсё ведаюць. І неўдамёк было, што праз некалькі гадоў я ўжо сама буду вітацца са слухачамі: «Гаворыць Капыль! Добрай раніцы!»
Марыя ШЭІНА,
заслужаны журналіст Беларускага
саюза журналістаў
Комментарии