Маё дзяцінства і юнацтва прайшлі на Капыльшчыне. Калі пераехалі сюды з бацькамі, я пайшла ў пяты клас. Жылі мы ў вёсцы, і таму дабрацца дахаты адразу пасля ўрокаў атрымоўвалася не заўсёды. Калі паспявала на аўтобус, які ішоў у абед, а калі і не. Куды было дзявацца? Ішла ў гарадскую бібліятэку і знаходзілася там да самага вечара. Заняцца было чым: рабіла ўрокі, чытала кнігі, а яшчэ гартала падшыўкі часопісаў па рукадзеллю. У школьныя гады вельмі любіла вязаць спіцамі, але для вязання патрэбны былі схемы, таму я перамалёўвала сабе ў сшытак розныя ўзоры. Прыходзіла амаль кожны дзень. З цягам часу ўтульная чытальная зала стала мне другім домам і тым куточкам, наведаць які было востра неабходна. Калі скончыла школу, паехала вучыцца ў Навагрудак, а пасля ўжо выйшла замуж і пераехала жыць у Гродна. З тога моманту ў бібліятэку не заходзіла, але, наведваючы Капыль, заўсёды вітала яе шчырым позіркам і цёплай усмешкай.
У гэтым годзе, збіраючыся ў водпуск да бацькоў, мне ў галаву прыйшла ідэя: чаму б не выступіць у бібліятэцы, дзе, магчыма, і ўзяў свой пачатак мой творчы шлях. Я напісала пісьмо загадчыцы бібліятэкі і прапанавала наладзіць сустрэчу. На наступны дзень яна мне пазваніла і сказала: “Мы толькі за!”. Гэты адказ настолькі абрадаваў мяне, што я ўжо чакала не водпуску, а тога запаветнага дня, калі пераступлю парог дарагога мне будынка. Дзень за днём, гадзіна за гадзінай – і вось нарэшце надыйшоў той самы жаданы момант. Хвалявалася я моцна. І не таму, што трэба выступаць, а таму, што слухаць мяне будуць сцены, якія былі для майго дзяцінства пяшчотнымі крыламі, а глядзець на мяне будуць кнігі, на старонках якіх жывуць бессмяротныя класікі беларускай літаратуры. Гэта не толькі вялікая павага, але і адказнасць.
На сустрэчу я пайшла разам са сваімі дзеткамі. Яны не маглі не падтрымаць матулю, а мне вельмі хацелася, каб яны прайшліся па сцяжынках маёй мінуласці. Сустрэлі нас з цеплынёй. Правялі ў чытальную залу і прапанавалі крышку аглядзецца. Зала, канешне, стала ўжо зусім другой: новая мэбля, іншае размяшчэнне, але мне здавалася, што я бачу ўсё тую ж ўтульную залу дзіцячых гадоў, адчуваю ўсё той жа пах пажоўклых падшывак і даўніх кніг. І гэта цудоўна. Мой настрой адразу расфарбаваўся ва ўсе колеры вясёлкі, і на сэрцы стала так спакойна, як бывае толькі пры сустрэчы з чымсьці вельмі блізкім.
Мерапрыемства прайшло, як кажуць, на адным дыханні. Гучалі вершы пра Радзіму, пра бацькоў і, канешне, пра Вялікую Перамогу. А як жа без яе, тым больш, што Анатоль Астрэйка, імя якога носіць бібліятэка, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і разам з астатнімі змагаўся за мір на нашай зямлі. Яго партрэт, які вісіць на ўваходзе ў чытальную залу, вылучае столькі чароўнага святла, што не адчуць яго проста не магчыма. А яшчэ, ведаеце, для мяне стала вялікім адкрыццём, што Анатоль Астрэйка з 1946 па 1948 гады працаваў кіраўніком Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Зараз адчуваю бязмежны гонар, што працую вядучым спецыялістам у Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. І мяркую, што нітачка, якая звязвае мяне з Капылем намнога мацнейшая, чым я сабе ўяўляла. Гэтая выснова стала падставай для таго, каб задумацца і, мажліва, глыбей даследаваць жыццёвыя шляхі пісьменнікаў, родныя мясціны якіх прыцягнулі мяне ў свой час да сябе.
Падчас выступлення гучалі вершы не толькі з маіх вуснаў, але і з вуснаў маёй дачушкі – Валерыі Алізар. Яна, дарэчы, сама выклікалася выступіць, і мне было вельмі прыемна. Таксама ўдзел у мерапрыемстве прыняў мой сыночак Ягор Алізар. Ён паіграў на піяніна і тым самым разбавіў вершаваную абстаноўку. У цэлым мерапрыемства прайшло выдатна і спадзяюся, што яно пакінула прыемныя пачуцці не толькі на тварах слухачоў, але і ў іх сэрцах. На доўгі ўспамін пра гэты дзень мы атрымалі ад бібліятэкі шыкоўны падарунак – кнігу “Копыльщина”. Яна зойме важкае месца на нашай хатняй палічцы ў Гродне.
Я шчыра дзякую кіраўніцтву бібліятэкі за магчымасць выступіць і за тую цеплыню, з якою сустрэліся мае радкі. Спадзяюся, што гэта была толькі першая сустрэча, і што ў хуткім часе мы сустрэнемся зноў. І завяршу свой артыкул словамі Анатоля Астрэйкі: “Я вершы, я песні пакіну народу свайму на ўспамін…”.
Вольга АЛІЗАР, г. Гродна
Комментарии