Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

С любовью к Копыльщине

06.07.2025

У хуткім часе ў мяне пачнецца водпуск і я паеду да сваіх бацькоў на любую сэрцу Капыльшчыну. А пакуль знаходжуся ў чаканні гэтага дня, то хачу расказаць вам пра тое, як выглядае Капыльшчына, калі глядзець на яе з далёкай Гародні.

У мінулым годзе, калі рыхтавалася да аднаго літаратурнага конкурсу, які, дарэчы, праходзіў у Нясвіжы, то напісала верш, што пачынаўся са слоў «Жизнь моя есть дорога из Копыля в Гродно». І гэта сапраўды так! Некалькі разоў на год я пераадольваю немалую адлегласць, каб пабачыцца з бацькамі і братамі, каб удыхнуць капыльскага паветра і на хвілінку адчуць сябе той маленькай дзяўчынкай, якая некалі ўпершыню ступіла на гэтую ласкавую зямлю. Ужо шмат гадоў я жыву ў Гародні, але мне здаецца, што сэрцам я назаўжды засталася на Капыльшчыне. Мяне цягне сюды, нібы магнітам, я ўвесь час азіраюся на свае юнацкія гады, якія прайшлі на гэтай чароўнай зямлі, і адчуваю, што сувязь паміж мною і Капыльскай зямлёю толькі мацнее. Магчыма, гэта звязана з каранямі, бо мая матуля нарадзілася тут і для яе гэта зямля, як для мяне Палессе, – малая Радзіма. А магчыма, гэта звязана з тым, што ў дзіцячыя гады, калі мы пераехалі на Капыльшчыну, гэты куток прыняў нашу сям’ю з нябачнай да гэтага цеплынёю. Іншы раз мне здаецца, што тая дабрыня, з якою я стаўлюся да ўсіх знаёмых, а тым больш незнаёмых людзей, прывіта мне менавіта Капыльшчынай. Яна, як ласкавая маці, прыняла нас, прытуліла да сябе, і гэта не магло не знайсці адбітак у маёй дзіцячай душы. І хоць зараз я зусім не дзіця, але пачуцці мае засталіся нязменнымі.

Шмат разоў заўважала, што калі наведваю якія-небудзь новыя мясціны, то ў памяці застаюцца не толькі цікавыя будынкі і прыгожыя вуліцы, але і водар, якім напоўнены той ці іншы горад. Калі вы спытаецеся, чым пахне для мяне Капыльшчына, я адразу скажу, што хлебам. Чаму? Гэта таксама звязана з дзяцінствам. Памятаю, калі пераехалі ў гэты куток, то аднойчы матуля прывезла з горада белы хлеб. Ён выглядаў, як звычайны, але па памеры быў намнога меншы. Мы яго называлі «хлебчык». Смак у яго быў незвычайны, а больш за ўсё падабалася вялікая колькасць разынак, якія надавалі нейкую асаблівую святочнасць. Такога хлеба я больш ніколі і нідзе не каштавала.

Водар хлеба і Капыльшчыны прысутнічае і ў маім гарадзенскім жыцці. Мінулым годам, у ліпені, я таксама гасціла ў бацькоў і мне пашчасціла застаць той дзень, калі пачыналі жніво. Адзін знаёмы, які прымаў удзел у зажынках, атрымаў першы сноп і падарыў яго мне. Я, вядома, прывезла яго ў Гародню і паставіла ў сваім пакоі. Зараз мне здаецца, што кожны куточак кватэры пахне капыльскай зямлёй і капыльскім хлебам.

Шляхі, якія дае нам Бог, мы загадзя не ведаем, але паверце мне, што ўсе яны правільныя і неабходныя. Не губляйце сувязі з зямлёй, дзе вы нарадзіліся, але і дазваляйце сэрцу прырасці да той зямлі, якая прымае вас і адчыняе вам дзверы да сябе. А калі вам пашанцавала і нарадзіцца, і жыць на Капыльшчыне, то ведайце: вы сапраўды шчаслівыя людзі! Памнажайце гэта шчасце і з усяе сілы беражыце свой родны край! А я заўсёды буду побач і сэрцам, і словам, бо «Жизнь моя есть дорога из Копыля в Гродно».

Вольга АЛІЗАР, г. Гродна


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей