Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Каждый народ сам себе господин!

04.07.2025

Не памылюся, калі скажу: Дзень Незалежнасці – галоўнае свята Рэспублікі Беларусь. Яно адзначаецца 3 ліпеня – у дзень вызвалення ў 1944 годзе сталіцы нашай Бацькаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рашэнне пра святкаванне было прынята яшчэ на рэферэндуме 1996 года.

А стрыжнявым мерапрыемствам свята стаў традыцыйны ўрачысты ваенны парад. Упершыню парад з удзелам ваеннай тэхнікі, авіяцыі і пешых разлікаў прайшоў у Мінску 3 ліпеня 1997 года. Тады яго правялі на плошчы Незалежнасці. Парад нагадаў усім суайчыннікам і гасцям сталіцы, што беларускі народ коштам велізарных страт заваяваў свабоду і незалежнасць Бацькаўшчыны і застаецца верным і адданым сваёй незалежнасці.

На жаль, у свой час знайшліся сярод нас і тыя, для каго паняцці «Бацькаўшчына», «Айчына», «Радзіма» – сталі пустымі гукамі. Іншыя даказвалі, што незалежнасць не мае нічога агульнага з Перамогай у вайне. І святы не трэба адзначаць у адзін дзень. Скажу прама: пустыя, нікчэмныя людзі. Ці коннікі без галавы, бо для некаторых усе мазгі зацьміла карцінка «Конніка» з Пагоні.

Для мяне, грамадзяніна Беларусі, гэта самы святы дзень, які яшчэ і яшчэ раз аб’ядноўвае ўсіх нас, жыхароў беларускай зямлі, нагадвае, якім коштам дасталася беларускаму народу права на свабоду, права вольна жыць на свабоднай зямлі. Мы, сучаснікі, аддаём даніну павагі мужнаму пакаленню герояў, пераможцаў. Хочацца пажадаць Бацькаўшчыне – самай міралюбівай краіне ў свеце – працягваць свой мірны шлях у развіцці, шанаваць свабоду і незалежнасць. Толькі ўсе разам мы здольны памнажаць поспехі і дасягненні Беларусі – самай прыгожай і любімай.

У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі, якія становяцца кропкай адліку новага этапу ў гісторыі дзяржавы і садзейнічаюць яднанню ўсіх грамадзян. Для Беларусі такой вехай і стаў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэта гістарычная дата па волі беларусаў стала Днём Незалежнасці, звязаўшы ў адно святыя словы – Свабода і Незалежнасць. І як горка, што знаходзяцца тыя, хто сёння імкнецца ачарніць Перамогу, перапісаць старонкі Другой сусветнай вайны. У свеце зносяцца нават помнікі пераможцам. Рознага кшталту вандалам дараваць гэта нельга!

Несумненна, свята стала сімвалам далейшага нацыянальнага адраджэння нашай дзяржавы. Менавіта ў час Беларускай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён» (буйнейшай стратэгічнай аперацыі) пры ўзаемадзеянні 1-га і 3-га Беларускіх франтоў і пры падтрымцы партызан 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зразумела і тое, што без гэтай аперацыі не было б сёння ні беларускага народа, ні беларускай дзяржаўнасці. Напрыклад, на рахунку мінскіх герояў-падпольшчыкаў звыш 1,5 тыс. дыверсій, самая гучная з якіх – знішчэнне ката беларускага народа Вільгельма Кубэ. За праяўленую мужнасць і гераізм 600 удзельнікаў мінскага падполля былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, восем чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. У нашы дні імёны падпольшчыкаў увекавечаны ў назвах вуліц.

Вельмі добра, што сучасныя пакаленні беларусаў здолелі правільна распарадзіцца дараванай магчымасцю будаваць сваю дзяржаву. За гады суверэнітэту ў Беларусі пад мудрым кіраўніцтвам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўдалося стварыць надзейны падмурак для далейшага ўпэўненага развіцця краіны. «Мы захавалі і прымножылі лепшыя дасягненні савецкага перыяду, асвойваем сучасныя высокатэхналагічныя галіны эканомікі. Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя выклікі часу, забяспечваем сацыяльныя гарантыі і магчымасці для самарэалізацыі кожнаму грамадзяніну», – падкрэсліваў Прэзідэнт.

За гады суверэнітэту Бацькаўшчыны склалася ўласная ўнікальная мадэль дзяржавы з моцнай сацыяльнай палітыкай і сацыяльна арыентаванай эканомікай. Мы ўпэўнена рэалізуем розныя сацыяльныя праграмы, накіраваныя на павышэнне якасці жыцця грамадзян і грамадства ў цэлым. Беларусь стала другім домам для тых, хто ўцякае ад войнаў. Сёння тут пражываюць прадстаўнікі амаль 150 нацыянальнасцей, зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і напрамкаў. Усе жывуць у міры і ў згодзе. У нас створаны ўсе ўмовы для забеспячэння міру, стабільнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.

Беларусь стала паўнапраўнай касмічнай дзяржавай, адправіўшы ў супрацоўніцтве з Расіяй на арбіту першага ў сваёй суверэннай гісторыі касманаўта Марыну Васілеўскую. Рэспубліка з’яўляецца 48-й дзяржавай у спісе краін, якія змаглі паслаць сваіх прадстаўнікоў у космас. Мы і будучыя пакаленні павінны памятаць і шанаваць усё тое, што было зроблена для міру і бяспекі Айчыны. Я не паважаю тых абыякавых людзей, хто не можа ўцяміць, што дасягненні незалежнай Беларусі былі б немагчымы без Вялікай Перамогі.

Сучаснае пакаленне беларусаў заўсёды павінна памятаць гераічныя подзвігі сваіх продкаў. «Толькі беражліва захоўваючы памяць аб героях і прымнажаючы дасягнутае, беларусы заўсёды будуць заставацца гаспадарамі на сваёй зямлі і самі вызначаць уласны лёс», – справядліва падкрэсліў Прэзідэнт.

Генеральная пракуратура ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай і пасляваенны перыяд. Спіс вёсак, якія падзялілі трагічны лёс Хатыні (гэта значыць тых, якія былі спалены цалкам з жыхарамі і не аднавіліся пасля вайны), дапоўнены новымі населенымі пунктамі. Іх на сёння налічваецца не менш 288. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш за 580 лагераў смерці, было праведзена каля 180 карных аперацый. Усяго ў вайну на тэрыторыі БССР нацысцкія злачынцы знішчылі цалкам альбо часткова, у тым ліку разам з жыхарамі, не менш як 12 348 сельскіх населеных пунктаў.

А нашым недругам хацелася б прывесці мудрыя словы Янкі Купалы з паэмы «Бандароўна»:

Асцярожна, ясны пане,
З грозьбамі сваімі!

У Купалы ёсць і другі цудоўны верш «Ворагам беларушчыны», дзе Пясняр вучыць нас:

Кожны народ сам сабе пан.
Лепш і не скажаш! Лепшай парады ў спадчыну і не дасі!

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей