Як на самой радзіме вялікага духоўнага настаўніка Тараса Шаўчэнкі, так і ў краінах калектыўнага Захаду, якія больш любяць галаслоўна раіць, а не канкрэтна дапамагаць. Усюды толькі і размоў: магчыма трэцяя сусветная вайна, шалёныя грошы, крывавая зброя, якая ўсё больш удасканальваецца, забітыя і параненыя, памерлыя і непахаваныя, новая дапамога Еўропы і ЗША Украіне.
...А памяць мая ўзгадвае, нягледзячы на ўсе жахі, залатыя савецкія гады, цэласную, магутную і вялікую дзяржаву СССР, гады маленства, юнацтва, маладосці, якія, на вялікі жаль, так хутка прабеглі, пракрочылі. Многа разоў я тады пабываў у розных гарадах тапалінай сястры-Украіны. Наведаў Чарнаўцы, Чарнігаў, Харкаў, Вужгарад, Трускавец, Палтаву, Адэсу, Міргарад, Кіеў. Уражанні засталіся незабыўныя, на ўсё жыццё! Дарэчы, эпітэт «сінявокая» ў дачыненні да Беларусі прыдумаў менавіта ўкраінскі паэт Уладзімір Сасюра. Тады ж я ўпершыню азнаёміўся з вялікім творам – паэмай «Тарасова доля». На ўсё жыццё кранулі радкі:
Чаму ў сэрцы беларускім песня Тарасова
Адгукнулася, запела зразумелым словам?
Чаму вецер з Украіны з думкаю крылатай
Далятаў да Беларусі і шумеў над хатай?
Бо йшла доля беларуса з доляй украінца
Адналькова – ў поце, ў слёзах,
Церневым гасцінцам...
Беларусь і Украіна – традыцыйна блізкія краіны. А сёння нават могілкі сваякоў ва Украіне беларусы не могуць наведаць... Я лічу, што выйграюць не толькі ўкраінцы, але і беларусы, калі СВА як мага хутчэй скончыцца. Інакш і быць не павінна: не было ў СССР рэспублік бліжэйшых, чым Расія, Украіна, Беларусь. Аднак дзікунства ідзе сямімільнымі крокамі. Улады Украіны знішчылі многія савецкія помнікі. Разбураюць цэрквы, паляць Бібліі, іншыя каштоўныя кнігі. Выступаюць бязлітаснымі русафобамі, забараняюць вывучэнне рускай літаратуры, рускай мовы. І гэта ў той час, калі амаль уся Украіна размаўляе па-руску, як, дарэчы, і многія жыхары Прыбалтыкі.
Разбэшчаны калектыўны Захад прынёс у апошнія гады, нават дзесяцігоддзі, антыславянскую, антыправаслаўную, антыментальную палітыку. Імкнуўся згвалтаваць нашу духоўную прастору, падмяніць яе маньяцка-вандальным абліччам. Ёсць на глобусе Еўропа, але няма ў яе абліччы сапраўднай дэмакратыі, ёсць Еўрапейская камісія, аднак ад яе карысці як ад казла малака, ёсць ААН, аднак тут нацыі падзелены на патрэбныя і непатрэбныя, любімыя і нелюбімыя. Беларусь і Расія належаць тут да апошніх!
Мне падаецца, што Масква выказала на апошніх перамовах у Стамбуле досыць празрыстыя, разумныя прапановы, і калі б Украіна на іх пагадзілася, вайна скончылася б. Але за спінай Зяленскага стаіць, палохаючы і пагражаючы, той самы калектыўны Захад. Аднак гэты «калектыўшчык» нічым канкрэтным дапамагчы Украіне не здольны, толькі яшчэ больш шкодзіць. Яшчэ больш абяскровіць, яшчэ больш «падарваць» нябожчыкаў. Гэты «калектыўшчык», аб’яднаўшыся, найлепш навучыўся сябраваць супраць няўгодных – супраць Расіі, Беларусі. А Зяленскаму трэба як мага хутчэй ехаць па парады ў Мінск, да Аляксандра Лукашэнкі. Наш лідар, вопытны палітык, сапраўды можа навучыць яго, як дзейнічаць далей.
Прэзідэнт Пуцін неаднойчы заяўляў, што Масква згодна скончыць ваенныя дзеянні ва Украіне, аднак... Аднак гэта абавязкова(!) павінна прывесці да доўгатэрміновага міру і ліквідаваць першапрычыны крызісу. У міраўсталяванні Украіне можа дапамагчы і наша Беларусь – адна з самых міралюбівых краін у свеце. І гэта не гучныя словы! Некаторыя думаюць, што міраўсталяванне – проста, як раскусіць арэшак. На самай справе тут патрэбны разумныя стратэгіі і глыбокія тактыкі. Само аб’яўленне міру ва ўмовах халоднай вайны – гэты яшчэ зусім не высакаякасны мір! Калі вакол пануе холад, цяжка сагрэцца!
Заўважу, што ўмовы міру для Украіны ў 2022 годзе былі значна больш спрыяльнымі. Ды і мемарандум Расіі 2025 года ўтрымлівае ажно два варыянты. У першым – пачатак поўнага вываду салдат Украіны і яе ваенізаваных фарміраванняў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі – уключаючы ДНР, ЛНР, Запарожскую і Херсонскую вобласці. Падраздзяленні павінны быць адведзены на адлегласць, якую яшчэ дадаткова трэба ўзгодніць.
У другім, «пакетным» варыянце, выключаецца ваенная прысутнасць трэціх краін на тэрыторыі Украіны. Кіеў павінен гарантаваць свою адмову ад дыверсійна-падрыўной дзейнасці. Інакш – ад тэрарызму. Тут ужо хочацца плявузгаць у вочы і некаторым нашым суайчыннікам, якія за еўра, долары гатовы не толькі Бацькаўшчыну, але і бацькоў родных прадаць... Гатовы за апаганеныя, крывавыя грошы падрываць мірнае жыццё сваіх жа грамадзян. Подласць, здраду гэтую трэба будзе потым вылізваць многія дзесяцігоддзі. Яшчэ і нашчадкам нашым застанецца! Словы непавагі хочацца выказаць і ў адрас «беглых», якія калі яшчэ і не з’яўляюцца ўсе тэрарыстамі, то тэрарызм прапагандуюць...
Дзікунства, аднак Зяленскі спалохаўся нават сваіх нябожчыкаў, не хацеў доўгі час забіраць іх пры абмене. І зразумела чаму. Па-першае, усе ўбачаць, якія сапраўдныя страты ўкраінскай арміі. І, па-другое, трэба выплачваць кампенсацыі сваякам, вяртаць ім герояў-нябожчыкаў. А на ўсё гэта трэба грошы, якіх і так няма. І дарэчы, вельмі добра, што Расія апублікавала спісы загінулых украінцаў і наёмнікаў. Няхай ні ў кога не будзе ілюзій! І ў офіс Зяленскага пайшлі тысячы пісьмаў ад раззлаваных сваякоў, якія ўсё ніяк не маглі атрымаць ні грошай, ні дарагое цела салдаціка, ні нават звестак-паведамленняў пра смерць... А што да грошай – дык няхай іх выплачваюць ЗША, Брусель, хвалёная Еўрапейскай камісія – украінскія добраахвотныя памочнікі. Яны ж сваёй зброяй на смерць клічуць.
Сёння, у ХХІ стагоддзі, Украіна нагадвае ў многім прыгонніцкі час. У ХІХ стагоддзі бралі ў рэкруты на 25 год, і цяпер людзей хапаюць прама на вуліцах Украіны – і вязуць ваяваць... Многія маладыя ўкраінцы ўжо даўно паўцякалі ў іншыя краіны, не жадаючы загінуць.
…Прыгожыя высокія ўкраінскія таполі цягнуцца прама ў неба. І так хочацца, каб яно было чыстым і мірным. А памяць мая зноў і зноў вяртае мяне ў тапалінае царства – вечнае і панарамнае...
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии