Як і чакалі многія, новаспечаным прэзідэнтам нашай суседкі Польшчы па выніках выбараў стаў Караль Наўроцкі, пратэжэ правакансерватыўнай апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць». Аднак гэтая перамога была прама-такі вырвана ў суперніка – мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага. Так што перавага аказалася вельмі сціплай, мінімальнай. Тшаскоўскі абяцаў выбаршчыкам стаць «прэзідэнтам усіх палякаў», нават ужо аб’явіў пасля першага тура сваю перамогу, але... А вось Наўроцкі сціпла маўчаў да апошняга. І перамог. Так што, спадарства, не забывайце, шо маўчанне – золата. І не балбачыце, асабліва па смартфонах, што трэба і чаго не трэба. Асабліва ў грамадскіх месцах! Падслухаюць і зробяць вывады!..
Спадар Наўроцкі набраў – 50,9% галасоў, Тшаскоўскі – 40,9%. Цікава, калі ўспомнім, што варшаўскі мэр прайграў прэзідэнцкія выбары другому кандыдату «Права і справядлівасці» практычна з такім жа лікам.
Мяне, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, найперш цікавіць, што можа змяніцца для нас, па-суседску? Мусіць, зусім няшмат. Чаму? Гэта ў нас Прэзідэнт – вялікая асоба, якую ўсё больш і больш паважаюць як суайчыннікі, так і ва ўсім цывілізаваным свеце. А ў Польшчы роля лідара дзяржавы – бадай, у многім цырыманіяльная. Праўда, тамтэйшы прэзідэнт мае права налагаць вета на новыя законы, уплываць на знешнюю і абаронную палітыку. Гэта, канешне, не можа не паўплываць на адносіны з Украінай. Польшчы, мусіць, не перастане ўсё ж мроіцца і жамчужына ля мора – Адэса. Аднак, як кажуць, пажывём – пабачым!
Перамога Наўроцкага, безумоўна, пагражае яшчэ больш ускладніць працу ўрада, яшчэ мацней падарваць праграму рэформ Дональда Туска і паслабіць ролю Польшчы ў Еўрасаюзе як адданага паплечніка Украіны ў яе канфлікце з Расіяй. Яна, як сапраўдны член калектыўнага Захаду, спрытна навучылася калектыўна сябраваць супраць няўгодных – Расіі, Беларусі. Цікава, як адгукнуўся на перамогу экс-прэм’ер ва ўрадзе «Права і справядлівасці» Матэвуш Маравецкі: «Гэта будзе добрай процівагай уладам».
Мне, грамадзяніну самай міралюбівай у свеце краіны, канешне, адразу не спадабалася, што новаспечаны прэзідэнт паабяцаў траціць яшчэ больш на абарону. І не бузем забываць, што Варшава і так была лідарам сярод краін НАТА па аб’ёмах інвестыцый у гэтую «гарачую» і непрыстойную сферу. Аднак, калі мэр Варшавы лічыў членства Украіны ў НАТА неабходным для бяспекі Польшчы, то Наўроцкі нядаўна заявіў, што не стаў бы ратыфікаваць гэты дагавор з-за бяспекі ўцягвання альянса ў вайну з Расіяй. З Украінай наогул усім краінам складана: ужо і Трамп хоча адступаць ад украінскага пытання, абрыдла яно яму.
Не магу не ўспомніць і той факт, што яшчэ ў лютым 2024 года Наўроцкі быў унесены ў пералік асоб, якіх вышуквалі па падазрэнні ў дачыненні да зносу помнікаў савецкім воінам на тэрыторыі Польшчы. Наўроцкі выступае супраць прыёму Украіны ў ЕС, матывуючы гэта тым, што краіна, якая не гатова панесці адказнасць за масавае забойства 120 тысяч грамадзян суседняй краіны, не мае права наогул уваходзіць ні ў якія міжнародныя саюзы. Тут маем на ўвазе да гэтага часу нявырашаную Варшавай і Кіевам гістарычную праблему Валынскай разні. Смешна, бо бачачы, з якім «імпэтам» зараз у Турцыі, а раней у Мінску, падначаленыя Зяленскага падпісвалі дагаворы пра мір, палякам яшчэ ох як доўга давядзецца чакаць. І я прыйшоў да такой кур’ёзнай думкі. Вялікія ўсё ж крывадушнікі – гэтая эліта калектыўнага Захаду. Не, панове, яны, заморскія цёткі ды дзядзькі даўно бы ўцягнуліся ў трэцюю сусветную, калі б не палохала думка-маланка: адразу ж прыляціць з неба адказ з боку Расіі – і не адзін. Прыляціць адказ і з боку Беларусі, калі толькі зачэпяць нашу тэрыторыю, як неаднойчы адзначаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Ад Наўроцкага не пашанцавала і ўкраінцам, што аблюбавалі сабе Варшаву: новы прэзідэнт не хоча плаціць ім дапамогу, пагражае выдварэннем. Парадокс: многія ўкраінцы ездзяць па Польшчы на лепшых іншмарках, чым самі палякі. Прэзідэнт паабяцаў, як і Трамп амерыканцам, што будзе дзейнічаць найперш на карысць карэннага насельніцтва.
Ды й і сам Еўрасаюз не ўзрадаваўся вынікамі выбараў. Там у Наўроцкім, які пачаў рэўнасна адстойваць нацыяналістычныя і ўльтракансерватыўныя каштоўнасці, даўно бачаць патэнцыяльнага саюзніка прэм’ера Венгрыі Віктара Орбана і яго славацкага калегі Роберта Фіца. А там, глядзіш, неўзабаве восенню выбары яшчэ і ў Чэхіі, дзе лідарам выходзіць экс-прэм’ер Андрэй Бабіш, які лідзіруе ў шматлікіх апытаннях грамадскай думкі. Так што, выходзіць, Вялікабрытанія паказала дастойны прыклад, выйшаўшы з ЕС. Выйшла па-англійску, не развітваючыся і асабліва не цырымонячыся ні з кім, затое шмат чаго патрабуючы ад іншых!
Абсурд, па версіі Польшчы, Мінск і Масква збіраюць мігрантаў па ўсім свеце, каб падкінуць да мяжы з Польшчай. Дзікунства, але адзін кандыдат на пост прэзідэнта Польшчы аднойчы нават заявіў, што патрэбна адстрэльваць мігрантаў на мяжы. У Польшчы афіцыйна дазволілі прымяняць зброю супраць мігрантаў.
Польшча забыла, што Беларусь актыўна дапамагала спраўляцца Польшчы з мігрантамі, больш таго – і з наркатрафікам, і кантрабандай зброі. Фактычна абараняўся і Еўрасаюз. Сёння Польшча страляе перш за ўсё сабе ў нагу. Але вось калектыўны Захад падзякаваў нарэшце нам – аб’явіў санкцыйную вайну!
Аднак, панове, не трэба пад прыкрыццём буфернай зоны сцягваць да мяжы ваенную тэхніку НАТА. Польшча нават хоча пабудаваць завод па вытворчасці боепрыпасаў для патрэб НАТА і Украіны. Адбываецца мадэрнізацыя узброеных сіл Польшчы. Не сакрэт, што Польшча хоча вывесці сваю краіну ў лідары. І гэта ў той час, калі Францыя і Германія губляюць свае пазіцыі.
Як падкрэсліваў наш Прэзідэнт: мы ў цэнтры Еўропы, і Беларусь заўсёды на першым рубяжы!
Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК
Малюнак штучнага інтэлекту
Комментарии