Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Грустные мысли об Украине и не только

31.05.2025

Цяпер, у ХХІ стагоддзі, наша свядомасць даволі ўжо цяжка можа адлюстраваць нялёгкі пасляваенны час. Мірнае неба над галавой, упэўненасць у заўтрашнім дні. І ўсё дзякуючы Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які зрабіў нашу дзяржаву самай міралюбівай ў свеце.

...У 60-я – 70-я гады па вёсачках Беларусі блукала-вандравала адна кабета Аўдоцця. Не мела яна ні кала ні двара. Казалі, у вайну загінулі ўсе яе родзічы. Пасляваенныя людзі былі надзвычай гасціннымі: і накормяць Аўдоццю, і нанач пакінуць. Аднак Аўдоцці не сядзелася на месцы. Была яна з тых, пра каго кажуць, не ўсе дома... Але любіла і ўмела распавядаць розныя верагодныя і не зусім гісторыі. А калі яе пачыналі абзываць, плявузгала, крыўдзілася і адразу пакідала чарговую кампанію слухачоў з прыгаворваннем «Не ўсіх дурных вайна забрала». Мы, тады падлеткі з дзіцячымі мазгамі, нярэдка смяяліся, пацяшаліся над ёю. А дарослыя, наадварот, лічылі яе знахаркай, чараўніцай. Казалі, што яе прадказанні абавязкова збываюцца. Адным словам, тутэйшая Ванга.

Мая памяць раней вельмі рэдка вярталася да вобраза Аўдоцці. Аднак, калі ў чарговы раз пачынаў асэнсоўваць пасляваенны час, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, адразу ўспамінаў яе. Не ведаю, як склаўся яе далейшы лёс, аднак выраз гэты ўрэзаўся ў памяць назаўсёды. Тады мне здавалася, што яна гэтым выразам абражае франтавікоў, ачарняе само аблічча Вялікай Перамогі. Ну як гэта можна жадаць, каб вайна забірала яшчэ і яшчэ? Нейкая злосная ўсё ж жанчына... А на паверку выходзіла: відаць, «накарквала» яна трэцюю сусветную вайну, каб усіх дурняў дабіла... Але ж вайна не робіць адрозненняў: гінуць і дурні, і разумныя людзі. І па подлай логіцы: часцей якраз добрыя і светлыя людзі паміраюць, а вар’яты застаюцца жыць і тварыць свае чорныя і ўбогія справы... Нават не справы, а так...

Гэта ўжо значна пазней я даведаўся, што выраз гэты мае мноства варыянтаў: не ўсіх дурных вайна забіла (пабіла), вайна не ўсіх дурных забіла. Так у народнай фразеалогіі казалі пра чалавека, чые дзеянні выклікалі недаўменне, пратэст. Аднойчы давялося нават пачуць зусім ганебнае і дурное: на вайне ваююць адны дурні... З такім агрэсіўным вывадам зусім не згодны. На вайне – салдаты і афіцэры са сваім доўгам і абавязкам! І ваююць за наша шчаслівае, светлае жыццё!

Лёс Аўдоцці мне ўзгадаўся і зусім нядаўна, калі пачаў скрупулёзна сачыць за ходам перамоў наконт дасягнення перамір’я паміж Украінай і Расіяй. Вось ужо сапраўды: не ўсіх дурных вайна забрала. І прычым не нейкая новая вайна, а ўсё яшчэ Другая сусветная. Інакш: як жа так многа на планеце Зямля магло нарадзіцца дурняў, вар’ятаў, пярэваратняў, маньякаў, зусім бязмозглых істот? Бо гэта не людзі! І Україна была б нармальнай дзяржавай, развівалася б і далей, каб не такія яе «лідары»: адзін прыгажэй за другога...

Па ТБ глядзіш кадры – і дзіву даешся. Пір у час чумы. Як нядаўна, у час кавіду, калі збірацца было забаронена. Але гэтае правіла, канешне, не распаўсюджвалася на еўрапейскую «эліту», для якой законы не пісаны... А зусім нядаўна ў час пасяджэння адной з такіх камісій журналістамі было заўважана на сталах нешта падобнае на наркотыкі... І што гэта не дурні, не спадкаемцы тых недабітых фрыцаў?.. Вось і атрымліваецца, што адурманеныя мазгі, наадварот, за тое, каб вайна ніколі не спынялася. Мірнае вырашэнне не ўкладваецца ў камерцыйныя схемы!

۷...Бо толькі крывыя дурні могуць сёння знішчаць помнікі героям-вызваліцелям!
۷Бо толькі круглыя дурні імкнуцца адабраць Перамогу ў вайне ў СССР!
۷Бо толькі невукі-дурні могуць перапісваць гісторыю Другой Сусветнай!
۷Бо толькі шалёныя дурні могуць пачаць усталёўваць помнікі нацыстам!
۷Бо толькі новаспечаныя дурні на сваю вопратку могуць чапляць эмблемы са свастыкай, маляваць яе на будынках дамоў...
۷Бо толькі дурні-вар’яты выступаюць вандаламі на могілках салдат і афіцэраў!
۷Бо толькі дурні могуць захапляцца малюнкамі з канцлагераў, рабіць там сэлфі!
۷Бо толькі дурні маглі дазволіць разваліць магутную дзяржаву – СССР.
۷Бо толькі дурні радаваліся, калі ГДР і ФРГ аб’ядноўваліся ў адну дзяржаву...

Мне яшчэ яскрава помняцца перамовы ў Мінску, што доўга буксавалі на месцы. Якое ж было маё расчараванне, калі напрыканцы былая канцлер, фрау Ангела Даратэя Меркель заявіла: «Гэтая затрымка была патрэбна, каб Украіна змагла лепш падрыхтавацца да вайны!». Прызнацца, я нават некалі паважаў гэтага лідара, якому за «заслугі» плацяць пенсію 14 тысяч еўра.

Ужо сёння Польшча палажыла вока на Адэсу, для ЗША гэта зямля для шматлікіх далейшых здзелак Дональда Трампа. Расія, безумоўна, прэтэндуе на свае гістарычныя землі. І самае галоўнае – мір на паперы гэта яшчэ не зусім мір. Некалі, у той пасляваенны час, пра які мы гаварылі, напачатку паўсюль «заззяла» халодная вайна. Без гэтага словазлучэння, на жаль, не абысціся і зараз. Нам яшчэ надта доўга давядзецца жыць ва ўмовах халоднай вайны: калі друг не друг, а партнёр – вораг..
Не веру я ў дружбу ЗША і Расіі. Для ЗША ўсё гэта – камерцыйныя здзелкі. А ва ўмовах халоднай вайны не будзе і дружбы Еўрасаюза і Расіі. Краіны ЕС таксама кожная па сабе, гэта яны толькі аб’ядноўваюцца пасябраваць на тэрмін: усе разам сябруюць супраць адной Расіі, і, канешне, супраць нашай Айчыны.

У ХХІ стагоддзі людзьмі валадараць грошы, а не розум. І вайну ва Украіне будуць пакуль што весці, каб яшчэ больш на ёй маглі нажыцца. Гэта не для такіх «лідараў» выраз «Кроў людская – не вадзіца»... Іх жа дзеці там не гінуць. Наадварт, бацькі на вайне зарабляюць для іх грошы.

А пакуль што ў Стамбуле прайшлі першыя за тры гады прамыя перамовы Расіі і Украіны. Было вырашана абмяняцца палоннымі і перадаць адзін аднаму прапановы па спыненні агню. Колькі ж будуць выпрацоўвацца прапановы, калі ўлічыць, што ўкраінская дэлегацыя не затрымалася, а бессаромна спазнілася... Куды ж там было спяшацца да «бутафорскага» складу ворагаў?! На Украіне ж – адны вялікія эксперты, высокія адносіны ў дыпламатыі. Толькі цікава: калі ўжо Зяленскі пачне прыязджаць у шортах, а то па-пратакольнаму яму недаспадобы.

Папера, канешне, сцерпіць любыя дамоўленасці, аднак хто іх бу-дзе выконваць на справе? Гэта як ААН. Здаецца, што гэтая структура павінна змагацца з праблемамі ўсіх краін. Наіўна думаеце! Яна будзе змагацца сабе ў кішэню. Гэта як сённяшнія шматлікія фонды, арганізацыі напаўцьмяных валанцёраў, якіх распладзілася сёння у свеце процьма, а дапамогі ад іх – камару па каленца...

Думаеце, што толькі наш Леанід Ільіч любіў цалавацца з дэлегацыямі? Ён у гэтай справе быў яшчэ сціплым савецкім хлопчыкам, сёння падраслі сапраўдныя асы гэтай «высакароднай» ці высакалобнай справы. Вы паглядзіце на зборышчы ЕС на чале з атаманшай Урсулай Гертрудай фон дэр Ляен – старшынёй Еўракамісіі. 66-гадовая фрау амаль па-спартыўнаму падбягае у кампаніях да мужчын-лідараў, абдымаецца, цалуецца. Затым ідуць зноў за стол і ўжо ў каторы раз думаюць, як жа найлепей сябраваць супраць Расіі. Вось сядзіць Макрон, яго рот акуратненька перапрацоўвае жавачку – мусіць, каб «Напалеон» лягчэй засвойваўся і не смярдзеў. І пра нешта думу думае. Пра простых французаў? Начэй ён не дасыпае, толькі каб аблегчыць быт суайчыннікаў. Ды не, гэта не цікава корпацца ў будзёншчыне. Лепш мроіць пра ЛГБТ, пра арганізацыю парадаў геяў, пра нумарацыю дзяўчынак і хлопчыкаў, каб маглі хадзіць у адну прыбіральню...

Урсула, тая, што камандуе ўсёй Еўропай, раптам заяўляе: «Давайце ўводзіць сямнаццаты пакет санкцый супраць Расіі». Цікава: а што будзе, калі раптам у ЕС пакеты скончацца? Будуць заказваць іх бандэролькамі з Расіі?! Ці, мо, з Беларусі?
Меркель у Мінску зацягвала перагаворы, а Урсула...? Ангела была толькі надта сквапнай на жэсты і міміку, Урсула, наадварот, – энергічная, рухавая, трэба ж паспець з усімі пацалавацца – а на пасяджэннях не адна сотня людзей. Ды й тараторыць-балбатаць надта любіць. Ну пра яе папулізм мы таксама нешта чулі. Гатовы майстра пайсці яшчэ далей, чым Ангела.

А мне, ужо не зялёнаму юнцу, больш даспадобы простая вяскоўка Аўдоцця. І як жа з шалёнай хуткасцю ў галаве – праз пражытыя дзесяцігоддзі – пачаў вярцецца-круціцца яе мудры выраз: «Не ўсіх дурных вайна забіла»!

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК

Ілюстрацыя «СП»


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей