Урачыста і святочна
На тэрыторыі сельсавета падчас святкавання Дня Перамогі прайшлі шматлікія мітынгі. Удзел у іх прынялі прадстаўнікі сельвыканкама на чале з яго старшынёй Наталіяй Прохаравай, працаўнікі сельгас-прадпрыемстваў, сферы культуры, моладзь, мясцовыя жыхары. Памятныя мерапрыемствы адбыліся ў аг. Цімкавічы, вёсках Навасёлкі, Руднае, Вялікая Раёўка і Браткава. Удзельнікі цырымоній аддалі даніну павагі героям, што прысвяцілі сваё жыццё змаганню за свабоду і незалежнасць нашай радзімы, усклалі кветкі і вянкі да падножжа помнікаў, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.
Творчая сустрэча
У Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы сустракалі госця: сюды завітаў пясняр капыльскай зямлі, член літаратурнага аб’яднання «Вясёлка», самабытны паэт, удзельнік і пераможца шматлікіх творчых конкурсаў Мікалай Майсюк (на здымку). Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў розных пакаленняў. На сустрэчу запрасілі членаў пярвічнай ветэранскай арганізацыі Цімкавіцкага сельвыканкама на чале з Аленай Насевіч, а таксама вучняў мясцовай школы. Асноўнай тэмай паэтычных выступленняў стала вайна і яе наступствы. Аднак прагучала шмат іншых твораў, прысвечаных радзіме, родным людзям і ў цэлым жыццю ва ўсіх яго праявах.
Ад старых сцен – да новых ураджаяў
Працягваецца работа з пустуючымі і старымі дамамі. Захаванне падмуркаў, дома і гаспадарчых пабудоў прайшло ў Сцяпурах і Савічах. Зямля пасля апрацоўкі будзе ўключана ў севаабарот.
Нарадзіўся хлопчык
У Цімкавічах – на аднаго жыхара больш: нарадзіўся хлопчык, які стаў другім дзіцем у сям’і. Яшчэ адна пара з аграгарадка вырашыла ўзаконіць свае адносіны і пабралася шлюбам.
Важныя ініцыятывы
Члены сельвыканкама, дэпутаты мясцовага Савета, кіраўнікі арганізацый падчас чарговага пасяджэння сельвыканкама абмеркавалі Дырэктыву № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». На парадак дня таксама было вынесена пытанне аб арганізацыі летняй занятасці дзяцей і моладзі. Аб планах расказалі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры. Як было адзначана, асаблівую ўвагу нададуць арганізацыі вольнага часу дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама непаўналетнім, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа.
Комментарии