Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Пенсионер пенсионеру друг и товарищ: шутливая зарисовка с натуры

23.05.2025

Апошнім святочным днём заглянула я выпадкова на наш міні-рынак, што ў цэнтры горада. Вока прыкмеціла невялічкі латок з расадай капусты.

Раслінкі маленькія, слабенькія, лісцікаў няшмат, але яны зялёненькія, жывенькія. У карэньчыках сіла адчуваецца. Гаспадар – моцны, вясёлы дзядуля. Прапаноўвае свой «тавар». Цікаўлюся коштам. Паглядзеўшы на мяне, старэнькую бабулю з крывулькай, весела рапартуе:

– Вам, як пенсіянеру, скідка! Бо пенсіянер пенсіянеру – друг і таварыш! Па 50 капеек за адно каліва, а не за 60 – як для ўсіх астатніх.

Мне ж капуста непатрэбная, але дай, думаю, вазьму якіх пару штук, падсаджу да тых, што раней пасадзіла.

– Ну, то давайце мне, як таварышу і другу, на два рублі. Чатыры калівы з мяне хопіць, бо там, на градцы, іх некалькі ўжо нядзельку таму назад як пасаджаны.

– Ат, што тут на два! Бярыце на тры! Больш будзе! – адказвае мой шчыры дзядуля, складаючы хуценька гэтую кволую малечу ў пакецік.

– Вы добра палічылі? – шуткую я, забіраючы пакупку.

– Ну а як жа! Точна! З арыфметыкай у мяне ўсё ў парадку! Шэсць тут. Не сумнявайцеся. Хуценька сунуў мне ў рукі пакецік.

– Што ж тут сумнявацца!

«Таварыш і друг», я думаю, стрымае сваё слова. Як не паверыць! Сапраўды, якой смешнай была б бабуля, былая настаўніца, якая пералічвае шэсць каліў капусты. Ды яшчэ пасля такіх рэкламных слоў.

І вось я дома. Пасля дожджыку зямелька быццам сама просіць раслінку на градку. Дастала я гэтыя свае каліўцы на сонечнае святло, адно да аднаго. Пералічваю і… І атрымліваю – пяць! Вось табе і арыфметыка. А дзе ж шостая? Ах ты, друг і таварыш! Ах ты, стары дуралей-гарлапан! Смешна мне стала. Так зняважыць сябе, гаспадара. Так зняважыць сваю працу. І, мабыць, задаволены ён, што бабулю перахітрыў, 50 капеек сэканоміў. А сумленне ж, калі яно ёсць, то яго абмануць немагчыма, бо гэта «справа боская ў чалавеку». А з Богам спрачацца ці ж можна?

А вось д’ябал, сапраўды, залез у вантробы гэтага старога сквапнага дурня (душа адтуль, напэўна, даўно ўцякла) і хвастом круціць, у жартачкі гуляе…

Не сярдую я. Шкада мне гэтага старога. Так сорамна за яго, няўцямлівага чалавека, пражыўшага сваё некароткае жыццё і не адкрыўшага, не зразумеўшага яго сакрэтаў. У любой жыццёвай сітуацыі імкнуцца заставацца чалавекам з чыстым сумленнем, з чыстымі думкамі, з чыстымі рукамі, «а остальное все приложится», – запэўнівае нас мой любімы паэт Булат Акуджава – духоўны сімвал нашай эпохі.

Не вельмі жартаўліва атрымалася. На жаль. Будзем думаць, хочацца думаць, што стары проста памыліўся па прычыне сваёй старэчай рассеянасці. Бо іначай вельмі сумна… Жарт жартам, а падумаць, на мой погляд, усё ж такі ёсць над чым.

Валянціна САЎЧАНКА,
ветэран працы


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей