Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

А кто в доме хозяин? О том, чего ожидать от выборов в Польше

16.05.2025

Доўгія гады Польшча для савецкіх людзей была нейкай казачнай і загадкавай, таямнічай і каларытнай краінай. Гэта там ва ўсю шуравалі спекулянты, аднак яны ўжо тады называлі сябе ганарова і велічна «Мы – камерсанты», «Мы – бізнэсмэны».

Хутка і беларусы ўбачылі тыя самыя хвалёныя грошы – злотыя. I каб займець іх, ужо нашы вандроўнікі везлі сюды гарэлку, інструменты, халадзільнікі, тэлевізары і г.д. Дадому прывозілі таксама патрэбнае і карыснае, якое можна было пры існуючым дэфіцыце перапрадаць з барышом.

Везлі і палякі свае тавары ў Беларусь і перапрадавалі тут іх па спекулятыўных цэнах. Асаблівым «золатам-злотым» для беларускіх дзяцей сталі жавачкі, розныя там «Болекі», «Лёлекі»... Некаторыя нават калекцыяніравалі наклейкі. Мне запомніліся гэтыя першыя гандляры ды гандляркі надзвычай гаваркімі, вясёлымі, але трохі сквапнымі ды ганарлівымі. Мо, гэта і ёсць асноўныя якасці паспяховага камерсанта – «каб мазгі пакупніка запудрыць». Але і беларускі фальклор аддзячыў ім, падвёўшы рэзюмэ: «Курыца – не пціца, Польшча – не заграніца»...

На міжнароднай арбіце Польшча літаральна да апошняга дзесяцігоддзя заставалася нягледзячы ні на што спакойнай, памяркоўнай еўрапейскай дзяржавай. Аднак, асабліва ў апошнія гады, краіна паспела ўжо выплеснуць столькі агрэсіі і варожасці, быццам спяшалася папоўніць сваю палітыку пярэваратняў за ўсё прапушчанае і недададзенае. 3 патроенай хуткасцю. I Расія ёй дрэнная, і Беларусь – не суседка, а вораг. I пяцімятровую загароджу Польшча ўзвяла, каб не дай бог не ўкралі Болекаў і Лёлекаў.
Алё?! А як жа мы, суседзі? Гэта ж не па-суседску адгароджвацца ад нас на працягу 186 км?! Ці гэта якраз і ёсць тыя самыя вароты ў псеўдадэмакратычны рай?!

...Прэзідэнцкія выбары ў краіне Болекаў-Лёлекаў адбудуцца 18 мая гэтага года. Прычым Анджэй Дуда не мае права балаціравацца згодна з Канстытуцыяй Польшчы, таму што займаў гэтую пасаду два тэрміны. А гэта максімум! Выбары тут праводзяцца па двухступеньчатай сістэме: калі ніводзін кандыдат не набярэ больш за 50% у першым туры, праводзіцца другі тур паміж двума кандыдатамі. Прэзідэнты выбіраюцца на пяцігодку і могуць быць перавыбраны толькі аднойчы.

Цікава, што важнымі фактарамі для вызначэння пераможцы стала сітуацыя ва Украіне, украінскае пытанне, а таксама магчымы прыезд Дональда Трампа ў Польшчу. Ну куды ж і Польшчы без усемагутнага і абаяльнага рыжага баюна-казачніка?!

Сапсаваліся міжнародныя адно-сіны Польшчы і з Беларуссю. Канечне, я не маю на ўвазе простых людзей. Антысуседзямі нас вырашылі зрабіць «хвалёныя» польскія ўлады. А працы ў іх і так непачаты край – трэба, напрыклад, пранумераваць усіх бацькоў – № 1, № 2, правесці гей-парады...

Нельга тут не ўзгадаць і пра парламенцкія выбары 2023 года, калі скончылася васьмігадовая эпоха праўлення правапапулісцкай партыі «Права і справядлівасць», пры якой у Польшчы адбыўся адкат у сферы дэмакратычных стандартаў. Не будзем забываць, што тады было прынята самае жорсткае ў Еўропе заканадаўства наконт абортаў. А адносіны Варшавы з Бруселем сапсаваліся як ніколі. Пасля тых выбараў да ўлады прый-шла кааліцыя левых, ліберальных і кансерватыўных сіл, якія высунулі ў прэм’еры Дональда Туска. Мімаходзь заўважу, само імя «Дональд» не падаецца вам нейкім актуальным і дзіўна-прыгожым, сябры?! У перакладзе са старажытнакельцкага Дональд – «уладар свету» ці «кіраўнік свету». I нехта ўсё яшчэ будзе сцвярджаць, што імя не вызначае лёс чалавека?!

Інтрыга наступная. Калі на прэзідэнцкіх выбарах пераможа вылучэнец партыі Дональда Туска «Грамадзянская платформа», то ў руках каманды стане кантроль над усёй палітычнай сістэмай краіны. Калі выйграе чалавек ад апазіцыі «Права і справядлівасць», то супрацьстаянне паміж прэзідэнцкім палацам і кабінетам міністраў можа скончыцца вялікім палітычным крызісам, датэрміновымі парламенцкімі выбарамі і магчымым вяртаннем гэтай палітычнай сілы да ўлады.

Партыя Дональда Туска прапанавала кандыдатам мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага. Ён мае тры вышэйшыя адукацыі, быў стыпендыятам у Оксфардзе і Парыжы. У палітыцы больш за 15 гадоў. Выбіраўся дэпутатам Еўрапарламента і польскага Сейма, быў міністрам лічбавага развіцця Польшчы і дзяржсакратаром МЗС. Ужо мэрам браў удзел у варшаўскіх маршах ЛГБТ...

Партыя «Права і справядлівасць» падтрымлівае на гэтых выбарах фармальна незалежнага кандыдата Кароля Наўроцкага, які ўзначальвае «Інстытут нацыянальнай памяці». Ён наогул не займаўся публічнай палітыкай да выбрання кандыдатам. Яго параўноўваюць з дзеючым прэзідэнтам, называюць нават «Дуда 2.0». Яго кандыдатуру спецыяльна шукалі не ў партыі, а як незалежную асобу. Згодна з апошнімі сацапытаннямі, за Рафала гатовы прагаласаваць прыкладна 35%, за Кароля – 25% выбаршчыкаў.
Як бы там ні было, сёння на палітычнай арбіце Польшчы ўжо назіраецца імклівая трампізацыя польскага грамадства. I як толькі ён паспявае ўладарыць усім светам? Нагаворыць, нагаворыць, а там хоць трава ні расці...

Больш за тое, сёння ў Польшчы наогул будзе папулярным той палітык, які дапаможа адбіцца ад «ненавіснай і лютай» Расіі, якая, канечне, будзе ўмешвацца ў суверэнныя польскія выбары. Мараль: хто будзе найлепш абараняць ад Расіі, той і лепшы кандыдат. А што ж Амерыка? А Амерыка нам дапаможа!

Ой! Не крычыце, панове і паненкі, гоп, пакуль не здолееце пераскочыць праз вамі ж узведзеную загароджу. Нават зубры не ў стане гэта зрабіць! А ёсць жа 22 дзверцы ў загароджы, бяда толькі, што яны зачыненыя...

Напрыканцы згадаем, што двухбаковыя адносіны Польшчы і Беларусі былі ўсталяваны 2 сакавіка 1992 года. А першы візіт у Мінск польскага міністра замежных спраў адбыўся ў лістападзе 1990 года. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі і прызнання яе Польшчай у кастрычніку 1991 года была падпісана Дэкларацыя аб добрасуседстве, узаемазразуменні і супрацоўніцтве, а 23 чэрвеня 1992 года – базавы палітычны прававы акт – Дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. 3 таго часу многа вады ўцякло. Пра добрасуседства і дружалюбнае супрацоўніцтва сёння рэдка гаворыцца.

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей