Прадухілілі небяспеку
Праведзена абследаванне аварыйна-небяспечных дрэў. Атрымана заключэнне на выдаленне дзесяці з іх. Такія работы будуць праведзены ў вёсках Чырвоны Партызан, Якубавічы, Вошкаты, Нізкавічы, а таксама аграгарадках Мажа і Скабін.
Без пажараў
Падчас сходаў грамадзян сярод іншага былі абмеркаваны пытанні пажарнай бяспекі. Сустрэчы прайшлі з удзелам прадстаўнікоў Капыльскага РАНС. Так, спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Наталля Шатыка гутарыла з жыхарамі в. Кель, а ў аг. Мажа на сходзе прысутнічаў начальнік службы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання Дзмітрый Макарэвіч.
Інтэрактыў у дапамогу
Акрамя гэтага, Наталля Шатыка правяла інтэрактыўны навучальны занятак з вучнямі Мажскай пачатковай школы (на здымку). З яе дапамогай дзеці аднавілі і папоўнілі свае веды па правілах паводзін у надзвычайных абставінах. Дарэчы, капыльскія выратавальнікі ўпэўнены, што такая форма ўзаемадзеяння – гэта не проста навучанне, а своеасаблівая інвестыцыя ў бяспеку, а значыць, здароўе, кожнага дзіцяці.
Спрацаваць на папярэджанне
Падчас выязнога пасяджэння Савета грамадскага пункта аховы правапарадку, што было арганізавана ў Капыльскім дзяржаўным каледжы, правялі прафілактычную работу з асобнымі катэгорыямі грамадзян – схільнымі да злоўжывання спіртнымі напоямі, а таксама гаварылі пра правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. Застаецца спадзявацца, што тыя, на каго накіраваны намаганні па вяртанні іх на праўдзівы шлях, зробяць для сябе правільныя высновы і, пакуль гэта не позна, прыслухаюцца да парад.
Комментарии