Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Копыльский практикант-«ревизор» – на полях «Великой Раёвки»

14.03.2025

Зноў мае студэнцкія дні змяніліся працай у рэдакцыі: доўгая пераддыпломная практыка дае мне шанец паспрабаваць і пра біятлон пісаць, і віншаванні з 8 Сакавіка ад капылян здымаць на відэа. Але ўсё ж трошкі сумавала па прасторах палёў, якія аб’язджала ў сезон жніва. І калі мне сказалі, што паеду ў сельгаспрадпрыемства, была бязмежна рада. Дык яшчэ якая ўдача – філіял ААТ «Крыніца» «Вялікая Раёўка», у якім была толькі мімаходам.

Ужо ўявіла сабе бязмежныя зялёныя пагоркі да самага гарызонту, дзе я стаю на краі поля з айфонам і падбіраю лепшыя ракурсы для відэа. Увогуле, мая фантазія намалявала ідылію, якую гатовая была захаваць для тэксту, які павінен скарыць майго кіраўніка практыкі.

Машына пад’ехала – і мы з карэспандэнтам Сяргеем Козелам адправіліся гля-дзець, што ж цяпер адбываецца на бязмежных палях Капыльшчыны. Дарэчы, гэта быў толькі пачатак. Галоўная падзея дня – сустрэча з дырэктарам філіяла Іванам Дамашэвічам.

Гэтага кіраўніка я ведала па яго праектах па абнаўленні вёскі. І тут вы са мной пагодзіцеся, што Вялікая Раёўка хутка стане «культурнай міні-сталіцай». Я нават сваім універсітэцкім сябрам паказвала фота – студэнты былі ўражаныя. І, дарэчы, пыталіся, ці можна трапіць на экскурсію. А я ж сапраўды прывязу гэтых «сталічных» – няхай паспрабуюць самі, як класна часам па полі прабегчыся, а затым прагуляцца па скверах і парках, як у Вялікай Раёўцы.

Дырэктар пачаў з кароткага, але ёмістага лікбезу. Зразумела, што «старт працы» – гэта не проста трактары выехалі ў поле. Гэта складаны алгарытм, дзе важна ўсё: адзін няўдалы зімовы дзень можа паўплываць на цэлы ўраджай. Пакуль Сяргей Леанідавіч распытваў пра планы на пасяўную кампанію, я разглядала дыпломы і граматы. А іх нават складана пералічыць – відаць, што тут на працу ідуць не адсе-дзець восем гадзін без толку, а сапраўды гараць жаданнем абысці паказчыкі мінулых гадоў. На іх фоне Іван Віктаравіч распавядае пра ход працы з імёнамі механізатараў і мадэлямі трактароў! Для мяне гэта стала як адукацыйны семінар – месцамі складана, месцамі незнаёма, але вельмі цікава!

Інфармацыя сабрана – выезд у поле. І тут я зразумела, што пасля атрымання дыплома перш за ўсё падару сабе гумовыя чаравікі і зменную вопратку «для палёў»: калі летам лёгкае адзенне і красоўкі падыходзілі, то паліто перашкаджала. Так і пазначу сабе ў спісе пажаданняў.

Тое, што ўбачыла, нагадвала здымкі фантастычнага блокбастара. Велізарная машына з крыламі-распыляльнікамі (аказалася, гэта апырсквальнікі) рухалася па полі з дакладнасцю да міліметра. Мне толькі паспелі крыкнуць «Адыдзі!», каб ветрам на мяне не патрапіла вадкасць ад гэтай цуда-тэхнікі. Адначасова паглядала пад ногі – той самы залацісты дыван, што я назірала ў ліпені, у сакавіку выглядае проста: роўныя шэрагі невялікіх зялёных парасткаў.

На наступным полі я ўпершыню пазнаёмілася з тэрмінам «закрыццё вільгаці». Вольнае поле, а нешта і закрываюць. Але ўсё больш сур’ёзна. Дастатковая ўвільготненасць – ключавая ўмова багатага ўраджаю. У выніку раставання снегу (калі ён ёсць) і інтэнсіўных дажджоў зямля насычаецца вільгаццю. Вясновыя вятры і цеплыня падсушваюць верхні пласт глебы, у ім утвараецца мноства капіляраў, праз якія вільгаць інтэнсіўна выпараецца. Каб прадухіліць страту вільгаці, трэба разбурыць глебавыя капіляры. Для гэтага звычайна праводзяць баранаванне або неглыбокую культывацыю – гэтыя тэрміны я памятаю з лета. Глядзіш, такімі тэмпамі пайду на другую вышэйшую адукацыю – агратэхнічную! Усмешлівыя механізатары, пакінуўшы ў баку чырвоныя «Беларусы», удакладнілі: хто ж такая. «Я мінская, толькі ведаеце... на выхадныя на маршрутцы у Капыль «дахаты еду», – адказваю я, і механізатары заўсміхаліся.

– Як табе трактар? Сядай за руль – і паехалі! – зазываюць мяне паспрабаваць апарат.

– Вы што, вадзіцельскіх правоў жа няма.

– На ровары катаешся? Ну, дык на трактары яшчэ прасцей!

Але не-не – у паліто лазіць па трактарах, ды яшчэ і без правоў і ведаў тэхнікі бяспекі... Перашкаджаць не буду – няхай працягваюць сваю працу.

«Што пасееш, тое і пажнеш», – так кажа народная прыказка. І я ўпэўнена, што веснавая падрыхтоўка філіяла «Вялікая Раёўка» адгукнецца добрымі паказчыкамі і шыкоўным ураджаем. Спадзяюся, сустрэнемся летам. А пакуль жадаю добрага надвор’я і плённай працы!

Ганна МАТУСЕВІЧ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей