Праведзены суботнік
Наступленне цёплага надвор’я – нагода для навядзення парадку на зямлі. Так, у аг. Цімкавічы быў праведзены суботнік, падчас якога прыбралі дзіцячыя пляцоўкі. Акрамя гэтага, на тэрыторыі сельсавета прыступілі да навядзення парадку каля помнікаў, воінскіх пахаванняў, брацкіх магіл і іншых месцаў баявой славы.
Адказныя жыхары населеных пунктаў актыўна прыбіраюць каля сваіх пабудоў. Тым, хто да гэтага пытання адносіцца нядобрасумленна, нагадваюць пра абавязак утрымліваць у парадку прылягаючыя да домаўладанняў тэрыторыі. Часам даводзіцца прыбягаць і да афіцыйных прадпісанняў.
Даніна павагі
Жыхарка аг. Цімкавічы, былы малалетні вязень Кацярына Яфімаўна Дзятловіч прымала віншаванні з днём нараджэння. З падарункамі і пажаданнямі да яе завіталі прадстаўнікі Цімкавіцкага сельвыканкама і ААТ «Капыльскае».
Займальнае падарожжа
Вучні Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага падчас экскурсійнай паездкі наведалі сталіцу. Праграма для школьнікаў была падрыхтавана насычаная: яны пабывалі ў музеі гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, музеі Мінскага метрапалітэна, а таксама на выставе «Мая Беларусь» (на здымку). Займальнае падарожжа пакінула шмат уражанняў і эмоцый.
На кантролі - дрэвы
Працягваецца выяўленне аварыйна-небяспечных дрэў. Нядаўна такая работа была праведзена ў вёсках Руднае, Вялікая Раёўка, Чарнагубава, аграгарадках Браткава і Цімкавічы. Пасля выдачы адпаведнага заключэння дрэвы, прызнаныя небяспечнымі, будуць выдалены.
Фота Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага
Комментарии