Помнік - пад наглядам
Мемарыяльны комплекс на месцы былой вёскі Масявічы не застаецца без увагі сельвыканкама – аб гэтым паведаміла Ірына Запольская: па неабходнасці яго фарбуюць, праводзяць паляпшэнне прылеглай тэрыторыі. Таксама манумент выклікае цікавасць у вучняў Лясноўскай СШ. У межах заняткаў школьнікі наведаліся да помніка (на здымку), аднавілі ў памяці трагедыю вёскі Масявічы, якая была сцёрта з твару зямлі 2 лютага 1943 года. Тут было забіта і спалена 130 чалавек, сярод якіх – 11 дзяцей да двухгадовага
ўзросту і 47 дзяцей да 12 гадоў.
Новы год - новыя ўзнагароды
Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў, індывідуальных жылых дамоў і прылеглых да іх тэрыторый. Так, Дыпломам Капыльскага райвыканкама і грашовай прэміяй узнагароджана УП «ПІ К-Лясное» ў катэгорыі «лепшае навагодняе афармленне сельгасарганізацый».
Канцэрт на выбарах Прэзідэнта
На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у кожным куточку Капыльшчыны гучалі спевы – так запрашалі ўсіх выконваць свой грамадзянскі абавязак. Калектывы Лоцвінскага ЦАТ «Свае хлопцы» і «Лоцвінскія ўдалухі» стваралі атмасферу свята на ўчастку для галасавання № 7 у Бабоўн і. Канцэртам «З добрым настроем выбіраем заўтрашні дзень» аматары народнай творчасці зараджалі пазітывам выбаршчыкаў, а таксама артысты прынялі ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Месца сустрэчы змяніць нельга
Традыцыйна ў першую суботу лютага адзначаецца вечар сустрэчы выпускнікоў – дзень, калі можна вярнуцца ў сцены роднай школы. Лясноўская СШ не стала выключэннем – у актавай зале чакалі ўсіх, хто пажадаў акунуцца ў прыемную настальгію, наведаць настаўнікаў, пагутарыць з аднакласнікамі. Выпускнікі паспелі прагледзець канцэрт, падрыхтаваны вучнямі, паўдзельнічаць у тэматычных конкурсах.
Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Комментарии