Беларусы заўсёды тварылі дабро, любілі парадак і гармонію ва ўсім. А «благоустройство» – гэта таксама па-народнаму мудра. Нашы продкі вышэй за ўсё ставілі «благое дело». Нават лексіка нашых братніх народаў тоесная, прыгожая, разумная, высокаінтэлектуальная. У апошнія гады з сястрой Расіяй шмат зроблена і ў сумесных гаспадарках. Мы разам паляпшаем дабрабыт, наша жыццё.
І вось новы шчаслівы момант – паказаць сябе, зрабіць так, каб Бацькаўшчына яшчэ больш заззяла вакол, каб чысціня запанавала ў нашых душах. Каб малая радзіма кожнага з нас, уся Сінявокая ў цэлым была прыбрана ды прыгалублена. Трэба, каб суботнік пастаянна жыў у нашых душах, а не толькі па распараджэннях. Трэба заўсёды сачыць за сваім дворыкам, пад’ездам, ліфтам. Бо малая радзіма гэта назаўсёды – у памяці, у душы, у сэрцы.
Добра, што наш народ пастаянна наводзіць парадак на ваенных могілках. Гэта наш абавязак перад тымі, хто змагаўся за наша шчаслівае будучае. Але ж і пра мірныя могілкі мы не павінны забываць. А то даводзіцца бачыць паваленыя крыжы, забытыя магілкі, парослыя бур’янам ды чартапалохам. Лічу, што не павінна быць так: нашчадкаў хвалюе толькі лёс кватэры памерлага, а не праводзіны яго ў апошні шлях… Гэта, можна сказаць, добраўпарадкаванне душы.
Спартыўныя пляцоўкі ля дамоў – нярэдка нейкія шаблонныя, невыразныя і сціплыя. Такое ўражанне, што іх хутка ў некаторых месцах зусім выцясняць аўтамабілісты. Дзіўна: пра дзіцячае крэсла ў аўто мы не забываем, а пясочніцу пачалі лічыць другасным… А як жа, што дзеткі – нашы кветкі, наша будучыня?!
Часам не хапае нават звычайных лавачак: ля дамоў, у крамах, на прыпынках грамадскага транспарту. Так, малады можа пастаяць, але ў нас многа састарэлых, хворых на ногі людзей, інвалідаў. Для іх, стаміўшыся ў дарозе, прысесці – што мёду напіцца…
З такіх, здавалася б, дробязей і складваецца імідж краіны. У нас многа турыстаў, якія заўсёды бачаць чысціню ў нашых гарадах, пасёлках, вёсачках, аграгарадках. І для нас жа цудоўна – гэта паляшэнне якасці нашага штодзённага жыцця, быту.
Лічу, што ў Год добраўпарадкавання мы, грамадзяне, і дзяржава павінны сумеснымі намаганнямі зрабіць не проста добра, а вельмі добра. Мы павінны паказаць у гэтым плане ўвесь матэрыяльны і духоўны патэнцыял Рэспублікі Беларусь. Дрэнна, што не заўсёды ўлічваем народную ініцыятыву па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый. Нельга забываць і пра дарогі, пра тэрыторыі ўздоўж шашы і чыгункі. Нельга забываць і пра малыя архітэктурныя формы, пра пасадку лясоў, алей, садоў. Кожная мясцовасць мае права на свае адметныя дэндрапаркі.
Нельга засмечваць акаляючае асяроддзе! Мудры чалавек кажа: чыста не там, дзе штодзённа прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Дрэнна толькі, што ў той час, калі адны саджаюць дрэўцы, іншыя тут жа іх ламаюць. Трэба неяк навучыцца змагацца і з вандаламі рознага кшталту, з раскрадальнікамі грамадскай уласнасці.
Так, Бацькаўшчына – святое. Але не трэба сюды ехаць з горада з пустымі рукамі. Трэба абавязкова прыязджаць з намерам нешта зрабіць талакой, нешта палепшыць для землякоў, нешта карыснае для людзей ажыццявіць. А не толькі скардзіцца і шукаць вінаватых.
Нехта з заможных грамадзян можа заасфальтаваць некалькі кіламетраў дарогі. Нехта ў стане нават мемарыял паставіць загінуўшым землякам. Нехта царкву ў роднай вёсачцы будуе. Прыкладаў такіх добрых спраў ужо багата. Чаму б не пераняць?! Працы для сапраўдных гаспадароў і патрыётаў (і не толькі!) заўсёды хапае!
Неабходна адраджаць малую радзіму. І не прыгожымі словамі за трыбунамі. Кожны з нас абавязкова, дзе б ён ні знаходзіўся, павінен чуць голас сваіх бацькоў, голас малой радзімы – адзінай сапраўднай мясціны на планеце Зямля, якая ніколі не здрадзіць, заўсёды сагрэе.
Давайце адраджаць роднае! Давайце цаніць яго! Давайце зберагаць для нашчадкаў.
Упэўнены: стане яшчэ больш прыгожа вакол – стануць яшчэ больш прыгожымі і нашы душы! Ды і само жыццё надзвычай прыгожае, калі пачынаеш па-сапраўднаму яго заўважаць.
Прыгажосць выратуе свет. Нас і нашы душы.
Спецыяльна для «СП»
Канстанцін КАРНЯЛЮК
Комментарии