З павагай да ўзросту
Падчас навагодняй акцыі «Ад усёй душы» людзі сярэбранага ўзросту атрымалі салодкія падарункі ад старшынь пярвічных ветэранскіх арганізацый філіяла ААТ «Крыніца» «Вялікая Раёўка» і СГФ «Руднае» Ганны Лупанос і Таццяны Тупіцы, а таксама старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Цімкавіцкага сельсавета Алены Насевіч.
Віншаванні – юбіляру
80-годдзе адзначыў жыхар вёскі Кукавічы Васіль Вячаслававіч Фалько – адзін з заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі, які быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. У рамках праекта «Душы не хочацца спакою!» прадстаўнікі Вялікараёўскай сельскай бібліятэкі-клуба сумесна са старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі філіяла ААТ «Крыніца» «Вялікая Раёўка» Ганнай Лупанос і адміністрацыяй сельгаспрадпрыемства павіншавалі юбіляра (на здымку).
Цікава аб важным
У Цімкавіцкай СШ адбылася дыялогавая пляцоўка «Важныя этапы гісторыі суверэннай Беларусі і дасягненні прэзідэнцкай палітыкі». Удзел у сустрэчы прынялі вучні 8–11 класаў, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Наталія Прохарава і загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Вольга Радкевіч. Школьнікі даведаліся пра дасягненні суверэннай Беларусі, пра землякоў, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё рэгіёна і краіны.
А вось для вучняў пачатковых класаў арганізавалі экскурсію ў музей 17-га Цімкавіцкага Чырванасцяжнага пагранатрада, што функцыянуе на базе ўстановы адукацыі. Дзеці з цікавасцю знаёміліся з экспанатамі, слухалі расповед пра подзвігі пагранічнікаў.
«Шчодры вечар, багаты вечар»
Калядныя валачэнні пад такой назвай арганізавалі і правялі работнікі Браткаўскай сельскай бібліятэкі-клуба. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і дзеці. Калядоўшчыкі наведалі вёскі Браткава і Дзягцяныя. Мясцовыя жыхары з задавальненнм сустракалі самадзейных артыстаў, якія выконвалі абрадавыя песні і танцавалі.
Комментарии