Праца ўсім на карысць
На тэрыторыі сельсавета прайшлі суботнікі па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Так, у аг. Цімкавічы на вул. Сонечнай спілавалі кустарнікі і дрэвы, якія перашкаджалі праезду транспарту. У в. Сцяпуры добраўпарадкавалі ўезд у населены пункт. Удзел у работах прынялі прадстаўнікі сельвыканкама, філіяла «Аўтобусны парк № 21» ААТ «Мінаблаўтатранс», СХФ «Руднае», жыхары населеных пунктаў. Акрамя гэтага, у Сцяпурах да агульнай справы прыцягнулі грамадзян, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку і нідзе не працуюць.
Актыўныя і зацікаўленыя
У в. Рачкевічы адбыўся сход грамадзян (на здымку). Абмеркавалі пытанні, якія датычаць вулічнага асвятлення, падсыпкі і грэйдзіравання дарогі, прыбірання могілак. На сустрэчы выбралі і старэйшыну вёскі. Ёю стала Наталля Сцяпанава. Неабходна адзначыць, што жыхары гэтага населенага пункта сваімі сіламі правялі добраўпарадкаванне на мясцовых грамадзянскіх могілках: выразалі параснік і спілавалі аварыйныя дрэвы.
Папярэдзіць бяду
Суб’екты прафілактыкі пастаянна праводзяць абследаванне домаўладанняў адзінокіх грамадзян і тых, хто стаіць на розных відах уліку, наведваюць сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падчас такіх рэйдаў нагадваюць аб правілах пажарнай бяспекі.
У ветэранаў – новы старшыня
У Цімкавіцкім сельсавеце адбыліся выбары старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі пры сельвыканкаме. Старшыня раённага Савета ветэранаў Людміла Камёнка выказала падзяку за добрасумленную працу Зоі Лявар і ўручыла ёй знак «Ганаровы ветэран». Добрыя словы ў бок Зоі Канстанцінаўны прагучалі і ад намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Капыльскае» Галіны Пашко. Новым старшынёй пярвічкі была абрана Алена Насевіч. Старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Наталія Прохарава падзякавала Зоі Лявар, а Алене Міхайлаўне пажадала поспехаў у працы.
Комментарии