Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Работа в копыльской районке? А почему бы и нет?

20.12.2024

Да такіх высноў прыйшла я, малады аўтар «СП» Ганна Матусевіч, на шляху да перамогі.

Адзін са складаных этапаў у жыцці кожнага чалавека – выбар прафесіі. Ці будзе абраны варыянт актуальным праз дзесяцігоддзі, ці не будзе эмацыянальнага выгарання ад працы. І так разважае кожны падлетак, які яшчэ некалькі месяцаў таму спакойна жыў школьныя дні.

Тэарэтычна…

Я таксама разважала. І зараз разумею, што журналістыка – лепшы варыянт. Але неабходна паспяваць і сачыць за тым, што дадае ў звычайныя працоўныя моманты «лічбавае стагоддзе». Дзеля гэтага штогод праводзіцца Форум маладых журналістаў. Сёлета я мела магчымасць стаць удзельнікам гэтай доб-рай сустрэчы калег.

Першапачаткова ў фае Прэзідэнт-атэля прадстаўлялі друкаваныя медыя для моладзі. Усім студэнтам факультэта журналістыкі гэтыя старонкі вядомыя: хтосьці вучыў на залік, а хтосьці піша матэрыялы ў «Бярозку». Не абыходзілі і перыядычныя выданні факультэта журналістыкі – назапашванне практычных навыкаў падчас атрымання тэарэтычных ведаў.

Распачаўся форум. Тэма: «Роля новых медыя ва ўмовах электаральнай кампаніі» – сур’ёзная для пакалення «зумераў», якія ўбачылі СМІ ўжо каналамі ў Telegram, старонкамі ў Instagram і TikTok. І як карэктна карыстацца такімі «падарункамі» падчас прафесійнай працы? Але першапачаткова неабходна было распавесці юным даследчыкам медыя пра электаральную кампанію. Таму слова далі старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Ігару Карпенка.

Пра свой прафесійны вопыт і погляд на сучасную журналістыку студэнтам і маладым журналістам расказвалі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў, дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) МТРК «Мір» у Рэспубліцы Беларусь Вольга

Шпілеўская і загадчык аддзела навін – намеснік галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва «Мінск-навіны» Вікторыя Аль Алі.

Вольга Шпілеўская прадэманстравала, як штучны інтэлект і сацыяльныя сеткі ў некаторых момантах з’яўляліся «правай рукой» і лепшым дапаможнікам падчас піяр-кампаній палітычных дзеячаў. Ад узаемадзеяння з маладымі выбаршчыкамі да стварэння фэйкавых навін, калі на фотаздымкі дадавалі натоўп людзей. Прыводзілі прыклады выбараў у ЗША і Румыніі, дзе абраны Джорджэску ўплываў на грамадзян праз TikTok. Па-першае, думаеш – жах, але гэта сучаснасць! І блогеры зараз не проста «галава ў экране», а транслятары думак, якія потым падтрымліваюць усё больш і больш людзей.

Вікторыя Яўгенаўна Аль Алі шукала сакрэты прасоўвання кантэнту ў новых медыя. Задавала пытанні ў залу, і кожны журналіст, ці з асабістай практыкі, ці з погляду на газеты з усёй краіны, адказваў спікеру ўзнятай рукой як сімвалам згоды з тэзісам. З пункта гледжання студэнта падкажу, што некаторыя моманты яшчэ з першых курсаў вывучаюцца на факультэце журналістыкі БДУ, але лепш паўтарыць і адзначыць нешта новае.

А дзе ж раёнкі? Ці такі вопыт закранае толькі рэспубліканскія выданні? На маю радасць, з тэмай «Як з дапамогай сацсетак зрабіць друкаваную версію газеты паспяховай?» пра шлях станаўлення газеты «Кобрынскі веснік» расказвала галоўны рэдактар Вольга Белазерская. Шыкоўнае прадстаўленне таго, што раённая газета – гэта таксама пляцоўка для рэалізацыі сваіх творчых ідэй і праектаў, сучасных трэндаў і падтрымкі друкаванай версіі.

…і практычна

Фінал форуму быў сапраўды ўрачыстым – адзначалі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код». Прызёры падымаліся на сцэну: лепшыя відэаблогі, спецыяльныя праекты, карыкатуры і фотарэпартажы. І як прыемна было пачуць доўгачаканае «Ганна Матусевіч, пераможца ў намінацыі «Лепшы аўтарскі матэрыял» і атрымаць узнагароду з рук першага сакратара ЦК ГА «БРСМ» Аляксандра Лук’янава са словамі віншавання.

Крыху раней

Рэспубліканскі этап конкурсу прайшоў яшчэ ў канцы кастрычніка на факультэце журналістыкі БДУ. З раніцы абараняла свае тэксты праекта «Погляд маладых», а пасля вярнулася на заняткі. Канкурэнцыя адчувалася: хтосьці чытаў вершы, хтосьці рыхтаваў відэапрезентацыі. Але нешта ўнутры падказвала, што гэтым днём поспех будзе на маім баку: тэму сельгаспрадпрыемстваў ніхто не закранаў. Прадставіла праект, перадала камісіі старонкі газеты «Слава працы» з маімі тэкстамі, адказала на пытанні. Сталічных рэдактараў вельмі цікавіла: «Вы сапраўды паедзеце дадому адпрацоўваць?» Не разу-мею чаму не – хай студэнты б’юцца за тэлеканалы, а я на свае палі прыеду – колькі яшчэ гектараў, не праверыла! І амаль на два месяцы ўсё сціхла, а страх быў – можа не ацанілі маю творчасць? Але вось, момант «Х» адбыўся на форуме.

Хачу шчыра падзякаваць калектыву рэдакцыі газеты «Слава працы» за такі шанец праявіць сябе на старонках роднай раёнкі. За цярпенне да ўсіх правак, за веды, якія перадавалі мне пасля кожнай паездкі. І адзначу калектывы сельгаспрадпрыемстваў Капыльшчыны, куды я заязджала ў ліпені і жніўні – без ветлівасці працаўнікоў не было б тэкстаў, якія здзівілі сталічных рэдактараў!

А пакуль я пераключаюся на акадэмічыя моманты с залікамі і экзаменамі – у 2025 годзе мяне чакае дыплом. А там – новыя цікавыя тэмы і непаўторныя моманты працы журналіста! Да новых сустрэч, чытачы раёнкі!

Ганна МАТУСЕВІЧ,
юнкар «СП», студэнтка факультэта журналістыкі БДУ


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей