Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Руководитель несвижского ансамбля "Рябинушка" родом с Копыльщины

03.11.2024

Капыльшчына, край партызанскі, край вядомы на ўсю нашу краіну славутымі людзьмі. Мы са школы ведаем, што тут нарадзіліся Кузьма Чорны, паэт-песеннік Адам Русак, Герой Беларусі, генеральны канструктар аўтамашын Міхаіл Высоцкі, пісьменнікі Цішка Гартны, Анатоль Астрэйка і многія іншыя вядомыя асобы. А для нас, несвіжан, прыемна, што адтуль родам і кіраўнік ансамбля «Рабіначка» Таццяна Хоміч (дзявочае прозвішча Цвірко).

Вядома, яе паслуговы спісак яшчэ не такі багаты, але яна ганарыцца сваёй радзімай, вёскай Лешня, дзе адчула пах лугавых кветак і бацькоўскія клопаты, працу на палетках. А яшчэ Таня палюбіла народную песню дзякуючы сваёй маці Святлане Сяргееўне, якая ўмела і любіла спяваць, выступала на сцэне вясковага клуба. Дачка пайшла па яе слядах: мела цудоўны голас і пасля школы паступіла ў Мінскі музычны каледж. Па заканчэнні працавала дырэктарам Высакаліпскага Дома культуры, пазней – у дзіцячым садзе г. Нясвіжа. Цікавым быў творчы перыяд работы ў Нясвіжскім цэнтры культуры і адпачынку, кіравала вакальным ансамблем «Лянок» Аношкаўскага СДК.

Шляхі-дарогі прывялі Таццяну ў Нясвіжскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе яна працуе з маладымі інвалідамі, вучыць іх асновам музычнай творчасці, і даволі паспяхова. Акрамя такой няпростай работы Таццяна Георгіеўна вырашыла запрасіць некаторых наведвальнікаў дзённага аддзялення забеспячэнння пажылых паспяваць ра-зам. Пачыналі з вячорак, а потым стварыўся вакальны ансамбль «Рабіначка». Вучыліся, рэпеціравалі, потым пачалі выступаць: у дзённым аддзяленні ТЦСАН, затым ездзілі з канцэртамі ў Лявонавіцкі дом кругласутачнага пражывання пажылых і інвалідаў і ў Асмолавіцкі псіханеўралагічны дыспансер. Далей – болей: калектыў заўважылі і запрасілі да ўдзелу ў раённым конкурсе патрыятычнай песні. Затым кіраўнік «Рабіначкі» падумала пра новыя касцюмы для ўдзельнікаў, і са сваёй мамай яны пашылі яркія сукенкі, зрабілі чырвона-жоўтыя пацеркі, завушніцы і вяночкі. Убор спадабаўся многім гледачам, і дзе б мы ні выступалі, у нас пыталіся, хто нам яго зрабіў.

Дарэчы, сёлета на «Славянскім базары» ў Віцебску група з сацыяльнага Цэнтра прадстаўляла Мінскую вобласць і ў намінацыі «Вакальны калектыў» атрымала Дыплом І ступені.

Між тым, Таццяна Хоміч не забывае і пра сваю малую радзіму, бо там засталіся сведкі яе першых выхадаў на сцэну з песнямі. Так, на Дзень пажылых людзей Таццяну Хоміч запрасілі ў Капыльскі раён, дзе яна ў дуэце з Вячаславам Курчыкам выканала песню «Бирюзовые глаза». Пасля землякі пажадалі, каб вакальны ансамбль «Рабіначка» прыехаў з канцэртам на радзіму кіраўніка, у вёску Лешня. Там нас прыветліва сустрэла загадчыца клуба-бібліятэкі Лілія Шчэтко. У выкананні «Рабіначкі» прагучалі лірычныя песні, а ўдзячныя слухачы адрасавалі артыстам шчодрыя апладысменты. Вядома ж, сольна з цудоўнымі песнямі выступіла і Таццяна, а таксама ў дуэце з Вячаславам Курчыкам. Шмат апладысментаў выпала на долю салісткі ансамбля Яўгеніі Петручэні, якая выканала шчымлівую песню «Позвоните, дети, матерям». Канцэрт адбыўся напярэдадні Дня маці, таму гэты твор прагучаў асабліва замілавана.

У канцэрце прымаў удзел і сын Таццяны Георгіеўны Мацвей – юны артыст ужо неаднаразова выступаў на сцэне, і гэта выдатна, што ён працягвае традыцыю маці і бабулі. А яшчэ былі прыемныя моманты: у зале сядзеў бацька Тані, Георгій Іосіфавіч Цвірко, які ўсхваляваўся і павіншаваў дачку. На канцэрт прыйшлі яе першая настаўніца Таццяна Міхайлаўна Стружко і класны кіраўнік Марыя Іванаўна Стружко. Іх шчырыя апладысменты і віншаванні сталі для былой вучаніцы лепшым падарункам. Вось такая незабыўная падзея адбылася нядаўна на малой радзіме Таццяны Георгіеўны Хоміч – чалавека творчага і энергічнага, выдатнай спявачкі, самародка з суседняй Капыльшчыны.

Раіса ХВІР,
удзельніца ансамбля «Рабіначка», г. Нясвіж


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей