Нядаўна мне быў званок з Кобрына. Ад 88-гадовай сяброўкі-настаўніцы. Уся ў слязах, у роспачы. Упала, моцна пабілася… На руках у яе сын-інвалід, бязногі, і муж паўсляпы, нямоглы… А другой сяброўцы-равесніцы каторы дзень тэлефаную і чую адно і тое ж: «Вызываемый номер не доступен…» Яшчэ адной сяброўцы майго дзяцінства і званіць не патрэбна: ужо год, як мы развіталіся. Навечна. Вось такое яно, старэчае жыццё. Нібыта заслужаны адпачынак, пенсія… Але…
Хтосьці з паэтаў пісаў:
На сэрцы цяжка.
І прадаўжаць не хочацца:
Груз за плячамі надта важкі,
І ногі ледзь валочацца…
Нездарма ж кажуць: «Старасць – не ў радасць». І адкуль толькі бяруцца тыя балячкі?! Вылазяць, як увосень апенькі на пянёчку.
Неяк сумна выходзіць, аднак праўдзіва. Але калі б мяне спыталі пра мае адносіны да старасці, то я б аказала – філасофскія. Узрост – гэта ўсяго толькі лічба, каму што наканавана лёсам. «Что назначено судьбою – обязательно случится… Что предназначено, то и стоит у ворот», – пісаў Булат Акуджава. Старасць – гэта непазбежнасць. Як вынік, а жыццё – гэта імгненне паміж мінулым і будучым. І гэта імгненне – маё. Я лаўлю яго. Карыстаюся ім. Пражываю яго… Старасць – гэта час падвядзення вынікаў жыцця «с ущербами и грустным поворотом». І я прымаю яе з удзячнасцю. Я адчуваю яе і як час вольнай вольніцы. І так многа магу сабе дазволіць – позна легчы спаць і позна ўстаць, не хвалявацца, калі што забуду (ёсць у жыцці і такое, што наогул трэба забыць), размаўляць ціха сама з сабою, падоўгу слухаць любімую музыку…
Сваім узростам трэба ганарыцца, паважаць сябе ў любым узросце. У старэчым асабліва. Але вельмі важна, па-мойму, і каб нас, старых, паважалі. У наро-дзе прынята за правіла, што дзяцей і старых людзей крыўдзіць нельга. Таму, хто гэта робіць, – усеагульная ганьба. Вельмі трапна пра старасць сказаў вядомы педагог В. Сухамлінскі: «Старасць не можа быць шчасцем. Старасць можа быць толькі спакоем ці няшчасцем (бядой). Спакоем яна становіцца толькі тады, калі яе паважаюць. Няшчасцем яе робяць забыццё і адзінота».
А колькі яшчэ ёсць адзінокіх, няшчасных старых людзей. І вялікі дзякуй нашаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ад нас, ветэранаў працы, ад мяне асабіста, за тую работу, якую ён праводзіць з грамадзянамі пажылога ўзросту, каб яны маглі жыць і цікава, і з карысцю, ніколі не адчувалі сябе адзінокімі. Наш сацыяльны цэнтр робіць акурат тое, пра што я прачытала ў адным вершы беларускай паэткі:
Любите нас живых, пока мы с вами.
Пока еще над нами облака.
Зачем потом цветы и славословье?
Дарите эти радости сейчас.
Платите, и желательно любовью.
Потом все это будет не для нас.
У нашым раёне многа працуючых ветэранаў, тых, хто вядзе актыўны лад жыцця. І пра гэта многа піша раённая газета «Слава працы», славячы такіх людзей.
Я жадаю маім сябрам, вам, паважаныя ветэраны, добрай, не адзінокай, моцнай старасці. Як піша Ларыса Рубальская:
Не хандрить, не ворчать, не сдаваться.
Всем недугам поставить заслон.
И в строю до конца оставаться,
А годам нашим – низкий поклон!
І ад сябе дабаўлю: яшчэ пажадаю, каб у вашым жыцці ўсяго добрага – было даволі, а бяды – ніколі.
Валянціна САЎЧАНКА,
ветэран працы, пазаштатны аўтар «СП»
Комментарии