Нарадзілася дзіця
У аграгарадку Грозава на аднаго жыхара стала больш. У Дзень ведаў на свет з’явілася маленькая Васіліса.
Цікавы навучальны працэс
Бібліятэкар Камсамольскай сельскай бібліятэкі-клуба Сняжана Цішчанка правяла з першакласнікамі мясцовай сярэдняй школы ўрок «Першы раз у першы клас». Пасля пазнавальнага занятка навучэнцы атрымалі салодкія пачастункі. Акрамя гэтага, для іх была арганізавана экскурсія ў бібліятэку – «Дом, дзе жывуць кнігі» (на здымку). Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з правіламі ўстановы, а таксама даведаліся, як трэба звяртацца з кнігай. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаў куток цацак, міма якога яны не змаглі прайсці. У завяршэнні з навучэнцамі групы падоўжанага дня правялі квэст-гульню «Збяры слова ДЗЯКУЙ».
«Ліпавы рай» запрашае
У Грозаўскім сацыяльным пансіянаце «Ліпавы рай» адбылося доўгачаканае мерапрыемства – Дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаванае да 10-годдзя адкрыцця ўстановы. Пастаяльцаў наведалі сябры-валанцёры з Ірландыі, Мінска і Слуцка. Мерапрыемства прайшло на вясёлай і пазітыўнай ноце. Госці змаглі прыняць удзел у розных гульнях, а таксама паглядзець канцэрт з удзелам пражываючых і работнікаў пансіяната.
У вёсцы музыка гучала
У аг. Камень прайшлі «Дажынкі» і Дзень вёскі (на здымку). Выставы, атракцыёны, гандлёвыя павільёны, узнагароджанне лепшых працаўнікоў вёскі – усё гэта стварала святочную атмасферу. У гэты дзень падарункі прымалі самы юны жыхар аграгарадка, самая маладая сям’я і сям’я, у якой самы працяглы шлюб, і многія іншыя.
Словы падзякі гучалі і ў гонар прадаўца Наталлі Катанекшы, якой прысвоена званне «Чалавек года» ў намінацыі «Лепшы прадавец магазіна» ў адпаведнасці з пастановай Праўлення Белкаапсаюза па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за 2023 год.
Потым адбылася канцэртная праграма, танцы і феерверк, якія пакінулі незабыўныя ўражанні.
Комментарии