Ціхім і цёплым сакавіцкім надвячоркам, калі сонца ўжо амаль схавалася, пайшоў з жыцця наш тата. Пайшоў, не сказаўшы «бывайце», не пацавалаўшы на развітанне сваіх «дарагіх хлопцаў» (так ласкава называў ён унукаў). Яму б яшчэ жыць і жыць, ды сэрца стамілася біцца ў грудзях. Колькі яно перанесла, гэтае сэрца, ніхто не ведае, бо пры жыцці тата не любіў скардзіцца на здароўе. І памёр ён там, дзе прайшло ўсё яго працоўнае жыццё – у калгаснай майстэрні.
Я не перабольшу, калі скажу, што тату, былога механізатара калгаса «Крыніца» Рымашэўскага Канстанціна Канстанцінавіча, ведалі і паважалі не толькі ў гаспадарцы, а і амаль ва ўсім раёне. Выдатны трактарыст, заўзяты аматар-пчалавод, ён шмат каму дапамог, даў пуцёўку ў жыццё.
Шчыміць сэрца ад думкі, што ўжо ніколі-ніколі не ўбачым мы татавай усмешкі, не стрэне ён нас на парозе роднай хаты і не засмяецца ў свае знакамітыя вусы пры сустрэчы з любымі ўнукамі.
Кажуць, што жыццё не дарэмна пражыта, калі чалавек пасадзіў дрэва, пабудаваў хату і выгадаваў сына. Тата ўсё гэта асіліў. Памяць аб ім і яго працы жыве і цяпер. Мабыць, ніхто ў калгасе не ўмеў лепей за тату заараць поле, пасадзіць бульбу ці пасеяць збожжа. Безатказны працаўнік, ён на першае месца заўсёды ставіў грамадскія справы.
Прайшла ўжо не адна вясна, адцвілі яблыні, пасаджаныя татавымі рукамі. Яны напамінаюць нам аб самым дарагім і блізкім чалавеку. І боль страты з кожным годам мацнее і мацнее, таму што ў мяне выраслі трое сыноў, якіх ён мог бы навучыць араць на трактары і даглядаць пчол, пасадзіць дрэўца і асвежаваць парсюка. Для таты не было такой справы, якую б ён не зрабіў.
І ўсё ж памяць пра тату будзе жыць яшчэ доўга-доўга, пакуль будуць жыць людзі, якія яго ведалі, пакуль будзем жыць мы, яго дзеці і ўнукі. Не зарасце ніколі сцяжынка да яго апошняга прытулку.
Ніна КРАЎЧАНКА, в. Слабада-Кучынка
Комментарии