Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Визит пока что без автографа...

15.07.2024

У мяне, як у студэнткі факультэта журналістыкі, летам – вытворчая практыка. І гэтыя чатыры тыдні якраз выпадаюць на час жніва, якое ў ліпеньскае гарачае надвор’е ідзе амаль кругласутачна. Поле для мяне ўжо «месца сілы», дзе можна паглядзець на камбайны, залезці ў кабіну і проста паразмаўляць з працаўніком, падыхаць паветрам з водарам свежай саломы. Але мне патрэбна ведаць не толькі пра вонкавую сітуацыю, а і пра стан прадпрыемства па-за межамі залацістых акіянаў.

У гэтым годзе мне пашчасціла прыняць удзел у рэйдзе па сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Разам з карэспандэнтам «СП» Сяргеем Козелам, оперупаўнаважаным АБЭЗ КМ Жодзінскага ГАУС Мікітам Кашэўскім наведалі ААТ «Ціміразеўскі». На мехдвары нас ветліва сустракаў дырэктар Сяргей Галко.

– У нас тут новыя людзі, можна аўтограф узяць? – звярнуўся Сяргей Іванавіч да мяне. Усміхнулася, але прыехала не дзеля аўтографаў.

Гаспадарка маштабная – больш за 11 тысяч  гектараў. Невялікая аглядная экскурсія з аўтамабіля ў мяне атрымалася, калі ехалі разам з дырэктарам да новага камбайна. Паехала я не проста так – добра ведаю выслоўе «без запявалы і песня не спяваецца», таму спачатку трэба было пазнаёміцца  з адміністрацыяй. Размову весці прыемна: чалавек разумеў, што я «гарадская птушка», таму пра гаспадарку распавядаў проста і цікава. Заўважыла добрасумленнасць працаўнікоў: кожны ведае свае зоны адказнасці і не марнуе час ці спіць – прафілактыка  дае вынікі. Адзін вадзіцель і мне паказаў інвентарны нумар, стан транспартнага сродку, а калі пачуў, што я практыкантка, то прапанаваў праехацца па двары за рулём.

– Дзякуй, але адмоўлюся. Калі што здарыцца з машынай, то я ж з’еду ў Мінск давучвацца, а вы застанецеся з ёй гараваць, – пасля такога адказу мужчына ўсміхнуўся.  Спадзявалася, што рэйд не выявіць грубых парушэнняў.

Усю тэхніку мехдвара падзялялі на тры тыпы: працуючая, на рамонце і «спісаная». Я была здзіўлена, як дакладна дырэктар памятае кожны агрэгат, яго асаблівасці, якую праблему вырашаюць майстры. Супрацоўнік ГАУС дэтальна аналізаваў, ці супадае «дэ-факта» і «дэ-юрэ». Схаваць штосьці немагчыма: для вопытных удзельнікаў рэйду ўся тэхніка была як на далоні, а замкі на гаражах адразу здымалі. Усе недахопы прамаўлялі як вусна, так і пазначалі пісьмова.

Камісія абходзіла кожны метр мехдвара – і я за імі. У мяне момантамі атрымліваўся квіз – ці адгадаю, пад якую катэгорыю пападзе тэхніка, якое пытанне задасць інспектар і якія меры будзе прымаць дырэктар. Безумоўна, не музейныя экспанаты, але і добра – усе ў рабочым стане ці выйдзе ў поле праз некалькі дзён. Пасачыла, як акуратна рамантуюць камбайн. Увогуле, праблем няшмат: хоць мехдвор вялікі, але пастаянна пад наглядам адміністрацыі. Добрая заўвага ад мяне – парадак. Я разумела, што еду не на курорт, але ўбачанае парадавала: для кожнай адзінкі тэхнікі  ёсць асобнае месца, да яго лёгка дайсці, у гаражах няма залежаў зламаных механізмаў. Значыцца, работа арганізавана добра.

Сяргей Галко прыняў усе парады да ўвагі, абмеркавалі планы гаспадаркі на сёлетняе жніво. А для мяне – важны вопыт і ўражанні: прыемна паглядзець на добрасумленных працаўнікоў Капыльшчыны. Добрага надвор’я і плённай працы, «Ціміразеўскі»!

Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей