Да дня вызвалення Беларусі...
Кіраўніцтва сельвыканкама, прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі кветкі да помніка ахвярам фашызму, спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Жавулкі, а таксама да брацкай магілы ў аг. Пацейкі. Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Прагрэс 2010» Раіса Лянько адзначыла, што мы павінны захоўваць памяць і перадаваць дзецям і ўнукам, каб яны ведалі, праз якія цяжкасці давялося прайсці продкам, што фашызму няма месца на нашай зямлі, а вайна не павінна паўтарыцца.
...і 100-годдзя сельсавета
У апошнія дні чэрвеня жыхары аграгарадка Пацейкі адзначылі Дзень вёскі і 100-годдзе з дня ўтварэння Пацейкаўскага сельсавета. Яркая і насычаная праграма парадавала вяскоўцаў. Са святам павіншавалі старшыня сельвыканкама Сяргей Цвірка і дырэктар ААТ «Прагрэс 2010» Валерый Тароцька. Самадзейныя артысты з г.п. Старобін Салігорскага раёна выступілі з запамінальнымі нумарамі. Многіх уразіла выстава «Героям-землякам прысвячаецца!» – аб Героях Савецкага Саюза, ураджэнцах Капыльшчыны, арганізаваная Капыльскай раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь». Фінальным акордам урачыстасці стала танцавальная праграма.
Віншаванні ветэранам
Напярэдадні Дня незалежнасці віншавалі Вольгу Мікалаеўну Мялешку з вёскі Крывое Сяло (на здымку), якая з’яўляецца членам сем’і загінулых у гады вайны, і Уладзіміра Міхайлавіча Каўша з вёскі Бабавенка – інваліда з дзяцінства па наступствах Вялікай Айчыннай вайны.
Комментарии