Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Арсений Выскварко - сельский работник, удостоенный высокого звания - Герой Социалистического Труда

23.06.2024

Хутка мы адсвяткуем 100-годдзе з моманту стварэння Капыльскага раёна. А, як вядома, наша малая радзіма багата на працавітых і таленавітых людзей, дзякуючы якім і заваявала заслужаную славу і гонар. Менавіта яны заклалі трывалы фундамент дабрабыту краіны і назаўсёды застануцца прыкладам самаадданасці для многіх наступных пакаленняў.

Сярод многіх ярка ззяе імя Арсенія Мікалаевіча Выскваркі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, былога механізатара калгаса імя Ціміразева – сельскага працаўніка, які быў удастоены высокага звання – Герой Сацыялістычнай працы.

Арсеній Мікалаевіч нарадзіўся 28 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Блеўчыцы ў сям’і сялян. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. У час Вялікай Айчыннай вайны заставаўся на акупіраванай тэрыторыі.

Пасля вызвалення Беларусі наш зямляк быў мабілізаваны і са жніўня 1944 года знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ваяваў на 1-м і 3-м Беларускіх франтах, быў мінамётчыкам, удзельнічаў у вызваленні Польшчы, Літвы, у баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Вызначыўся 22 студзеня 1945 года ў баях ля горада Гумбінен. Нягледзячы на моцныя артылерыйскія налёты ворага, бесперапынна падаваў міны і ў складзе разліку разбіў два бліндажы і два станкавыя кулямёты праціўніка, а пры контратацы мінамётчыкі знішчылі 20 нямецкіх салдат. За гэта чырвонаармеец Выскварка быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». У адным з наступных баёў ён быў цяжка паранены, у шпіталі яму змаглі выратаваць нагу, і баец зноў вярнуўся ў дзеючую армію. Прымаў удзел у савецка-японскай вайне ў жніўні 1945 г.

Пасля дэмабілізацыі Арсеній Мікалаевіч вярнуўся на радзіму. Скончыў курсы вадзіцеляў аўтамабіляў, пасля перападрыхтоўкі з 1951 г. працаваў трактарыстам-камбайнерам у Чыжэвіцкай МТС і калгасе імя Ціміразева. У дасканаласці авалодаў трактарам і камбайнам, стаў механізатарам высокай кваліфікацыі.

Палюбіў сваю працу ўсёй душой. Вясной на трактары развозіў угнаенні на палі, араў і сеяў. Летам пачыналася касавіца, затым уборачная. Некалькі гадоў запар Выскварка перамагаў у спаборніцтве на жніве па намалотах збожжа. У 1965 г. Арсеній Мікалаевіч намалаціў рэкордную тысячу тон хлеба. А па выніках сямігодкі за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак збожжавых і кармавых культур, быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Ударна працаваў у гады восьмай і дзявятай пяцігодак. У трэцім, вырашальным годзе дзявятай пяцігодкі, узначаліў бульбаводчае звяно, якое сабрала з кожнага гектара па 230 цэнтнераў клубняў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 снежня 1973 г. за вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы, цукровых буракоў і іншых прадуктаў земляробства ў 1973 г. Арсенію Мікалаевічу Выскварку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

Арсеній Выскварка працаваў у калгасе імя Ціміразева да выхаду на заслужаны адпачынак. Неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, быў адзначаны медалямі і дыпломамі.

...Пахаваны Арсеній Мікалаевіч на радзіме, на блеўчыцкіх грамадзянскіх могілках, дзе побач з ім ужо знайшлі спакой жонка Марыя Рыгораўна і сын Уладзімір. Траіх жа прадстаўнікоў малодшага пакалення сям’і героя – сына Івана і дзвюх дачок Ганну і Таццяну – лёс раскідаў па розных гарадах Міншчыны. Але родная хата Выскваркаў не пустуе – у ёй жыве ўнук Арсенія Мікалаевіча Ігар.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей