Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

«Цімкавіцкія вытокі» – свята, якое аб’ядноўвае

12.06.2024

Класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны пражыў нядоўгае жыццё, але нязгаснаю зоркай назаўсёды застаўся ў беларускай і сусветнай літаратуры. Не адно пакаленне чытачоў захапляецца і будзе захапляцца яго творчасцю. Аддаючы даніну памяці знакамітаму земляку, трэці год запар у чэрвені на гасціннай капыльскай зямлі ладзіцца літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі», прымеркаванае да дня нараджэння пісьменніка. Ініцыятарам правядзення выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Капыльскі раённы выканаўчы камітэт і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Кузьма Чорны быў упэўнены, што радзіма пачынаецца там, «дзе прайшло маленства». Напэўна таму, што гэта самая бесклапотная і шчаслівая пара, а дзіцячыя ўспаміны – самыя яркія і незабыўныя. Дзяцінства і юнацтва будучага пісьменніка прайшлі ў мястэчку Цімкавічы на Капыльшчыне. Тут ён спасцігаў навуку жыцця, бавіў час са сваімі сябрамі, а маляўнічыя пейзажы і шчырыя, працавітыя землякі натхнялі на творчасць. «Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры… Гэта ўсё адтуль, сапраўднае», – так пісаў пісьменнік пра сваю малую радзіму.

Ужо з самай раніцы на цэнтральнай вуліцы мястэчка адчувалася святочная атмасфера, ішлі апошнія прыгатаванні, каб годна сустракаць гасцей і ўдзельнікаў фэсту. Нават прырода, быццам адчуваючы ўсю ўрачыстасць моманту, спрыяла мерапрыемству. Хмары, якія з раніцы засцілалі неба, раптам зніклі, саступіўшы месца ласкаваму летняму сонцу. І свята пачалося.

Сёлетні год знакавы для нашай краіны. Хутка мы будзем адзначаць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 80 гадоў беларускі народ жыве пад мірным небам, якое для нас заваявалі нашы дзяды і прадзеды. Дзякуючы іх мужнасці, гераізму і самаахвярнасці, мы маем магчымасць сёння жыць у мірнай і квітнеючай краіне. Менавіта таму свята пачалося ўрачыстым мітынгам ля помніка героям-пагранічнікам і воінам, якія загінулі пры вызваленні вёскі ад фашысцкай навалы. Старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што беларусы заўжды будуць з удзячнасцю памятаць пра подзвіг народа-вызваліцеля, які выстаяў у віхуры вайны і збярог для нашчадкаў нашу зямлю. Удзельнікі мітынгу і ганаровыя госці, сярод якіх намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Ірына Юха, ушанавалі хвілінай маўчання герояў, якія загінулі ў час вайны, і ўсклалі кветкі да помніка.

Затым госці накіраваліся да царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, дзе адбыўся малебен. Пасля ў азнаменаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у скверы непадалёк ад храма была высаджана алея туй. У пасадцы дрэў прымалі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, пісьменнік, ветэран вайны ў Афганістане Леанід Крыванос, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Юха, настаяцель храма Міхаіл Мардвінаў, старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі, старшыня Цімкавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Прохарава.

Мерапрыемства прадоўжылася на галоўнай сцэне, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурна-музычнага свята «Цімкавіцкія вытокі». З прывітальнымі словамі да гледачоў звярнуліся ганаровыя госці. Прыемным момантам свята стала ўзнагароджванне пераможцаў творчага конкурсу «Родныя мае мясціны…» у намінацыях «Выяўленчае мастацтва» і «Літаратурная творчасць». Дыпломы і падарункі юныя творцы атрымалі з рук дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргея Усіка і старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Леаніда Крываноса, якія пажадалі юным удзельнікам плёну і творчых поспехаў.

Свае вершы прэзентаваў паэт, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктар Шніп. Леанід Крыванос перадаў намесніку старшыні Капыльскага райвыканкама Ірыне Юха падарунак Капыльскаму раёну – кнігу «Радзімы песенныя сцежкі», прысвечаную 80-годдзю вызвалення Беларусі. Святочныя мерапрыемствы прадоўжыла музычна-паэтычная праграма. Вакальнымі і харэаграфічнымі нумарамі гледачоў радавалі творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці нашага раёна, а таксама народны вакальны ансамбль Старобінскага гарпасялковага дома культуры «Вясёлы балаган». Сапраўдным святам для цімкаўлян і гасцей стала выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь вакальнай групы «Чысты голас». Са сцэны гучалі песні розных эпох і жанраў, што несумненна задавальняла розныя густы, пасколькі свята аб’яднала людзей розных пакаленняў. Гледачы з цеплынёй і шчырымі апладысментамі прымалі артыстаў.

Прыхільнікаў літаратуры, меладычнай роднай мовы, творчасці пісьменніка-земляка не пакінула абыякавымі музейная пляцоўка. З экспазіцыяй музея наведвальнікаў знаёміла загадчык філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» Людміла Ніжэвіч. У залах музея – кнігі пісьменніка, яго малюнкі, асабістыя рэчы, дзённікавыя запісы і архіўныя фотаздымкі, а таксама ўнікальны магнітафонны запіс голасу класіка. Пасля экскурсіі ўсе, хто меў жаданне, засталіся на чаяванне «Ля самавара Кузьмы Чорнага». А «Літаратурная гасцёўня» сабрала поўную залу аматараў мастацкага слова. Перад прысутнымі выступалі і вядомыя пісьменнікі, і маладыя аўтары. Творы, вынесеныя на суд, былі прыхільна сустрэты слухачамі. У музейным дворыку працавалі майстар-класы. Кожны мог паспрабаваць зрабіць сувенірны магніт, кніжную закладку ці беларускую традыцыйную ляльку. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся майстар-клас «Сакрэты каліграфіі». Па прызнанні некаторых удзельнікаў, каліграфічнае пісьмо для сучаснага чалавека не такая ўжо і простая рэч. Свае веды па гісторыі дарослыя і дзеці маглі праверыць, паўдзельнічаўшы ў краязнаўчай гульні «Азбука гарадоў».

Кожны наведвальнік свята мог знайсці сабе справу па душы. Падчас мерапрыемства дзейнічалі тэматычныя пляцоўкі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «Беларускі саюз жанчын», Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, рэдакцыі газеты «Слава працы». Свае дасягненні прэзентавалі ўстановы адукацыі, здзіўлялі разнастайнасцю пляцоўкі ўстаноў культуры раёна. Наведвальнікі маглі захапляцца карцінамі юных мастакоў Капыльскай і Цімкавіцкай дзіцячых школ мастацтваў, вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створанымі ўмелымі рукамі народных майстроў. Квэсты, разыгранкі, гульні для рознага ўзросту, фудкорты і гандлёвыя кропкі з сувенірнай і іншай прадукцыяй – усё для задавальнення і добрага настрою. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна прадстаўлялі з густам аформленыя падвор’і СГФ «Руднае», ААТ «Капыльскае» і філіяла «Вялікая Раёўка», дзе госці маглі пасмакаваць традыцыйныя беларускія стравы. Для самых маленькіх наведвальнікаў была арганізавана дзіцячая пляцоўка з атракцыёнамі. Па ўсім было відно, што арганізатары свята імкнуліся задаволіць густы і запыты ўсіх гасцей, каб кожны змог прыемна, з карысцю, у добразычлівай атмасферы правесці свой вольны час.

Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзялілася ўдзельніца творчага конкурсу «Родныя мае мясціны…» Анастасія Новік:

– Я ўжо другі год прыязджаю на свята і ўдзельнічаю ў конкурсе. У мінулым годзе ў мяне было другое месца, а цяпер пашанцавала заняць першае. Вельмі прыемна атрымаць дыплом з рук сапраўднага пісьменніка. Мерапрыемства мне вельмі падабаецца. Прыемная атмасфера, разнастайныя лакацыі, новыя ўражанні і вопыт.

Закончылася свята фестывалем фарбаў «Холі» і маладзёжнай дыскатэкай «Лета ў стылі дыска». «Цімкавіцкія вытокі» атрымаліся яркімі, пазнавальнымі, цудоўнымі і пакінулі пазітыўны настрой і добрыя ўражанні.

Алена ГАРЭЛІК, пазаштатны аўтар «СП»

Фота Дзіяны ТКАЧЭНКІ


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей