Што хвалюе вяскоўцаў
Важныя для любога населенага пункта пытанні вырашаліся падчас сходу грамадзян у вёсцы Печураны.
Першае з іх датычылася забеспячэння транспартных зносін паміж Печуранамі і Мінскам. Пра магчымыя варыянты жыхарам расказала намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Святлана Маліноўская.
Яшчэ адна надзённая праблема, якая хвалюе вяскоўцаў, – стан дарог у населеным пункце. Намеснік старшыні райвыканкама Іван Заяц адзначыў, што пры надыходзе спрыяльных умоў надвор’я будзе праведзены бягучы рамонт.
Начальнік Капыльскага РАНС Віталь Буняк расказаў аб супрацьпажарнай сітуацыі на тэрыторыі сельсавета, аб мерапрыемствах па недапушчэнні ўзнікнення пажараў у жылым сектары. Таксама засяродзіў увагу на асноўных прычынах, з-за якіх можа здарыцца бяда.
Адна з актуальных тэм вясной – спальванне смецця пасля ўборкі прыдамавой тэрыторыі, таму пагаварылі і аб правілах пры правядзенні такіх работ.
У школу - з камфортам
Новае аблічча набыла дарога каля Пацейкаўскай сярэдняй школы. З дапамогай Пацейкаўскага сельвыканкама была добраўпарадкавана пешаходная зона дарогі ў аграгарадку, якая вядзе да мясцовай школы. Праблемную частку вуліцы высыпалі гравійным шчэбнем і разраўнавалі (на здымку). Цяпер дзеці ідуць на заняткі па сухой і чыстай паверхні.
Каб не наламаць дроў
У вёсцы Печураны спілавалі адразу два аварыйныя дрэвы. Яны, асабліва старыя, могуць уяўляць вялікую небяспеку для чалавека і пабудоў. Да таго ж у апошні час у нашых шыротах усё часцей стыхія здольна наламаць дроў – выварочваць дрэвы, разбураць іх ствалы і расколваць сукі. Аднак бывае і так, што яны, як і людзі, часам валяцца ад старасці і струхлення. Менавіта таму ў сельвыканкаме асаблівую ўвагу надаюць гэтай працы – выяўляюць аварыйныя дрэвы і своечасова іх выдаляюць.
Фота з архіва Пацейкаўскага сельвыканкама
Комментарии