Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Хоть на дворе свирепствуют морозы, а из сельскохозяйственных мастерских Копыльщины уже видна весна

08.01.2024

У сённяшніх рэаліях харчовая бяспека — прыярытэт нумар адзін. А яе гаранты — аграрыі — ужо рыхтуюцца да старту пасяўной. Другое пытанне: ці ўсе аднолькава добрасумленныя? Хоць на двары і лютуюць маразы,
а з майстэрні ўжо відна вясна.

У гаспадарках раёна набірае абароты маштабная кампанія па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. У кагосьці справы ідуць хутчэй, некаторым больш складана ўваходзіць у звыклы графік пасля навагодніх святаў. Каму не хапае ўласных сіл, дапамагаюць у райаграсэрвісе. Калі ж гаспадаркі будуць гатовы выйсці ў поле?

— Ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні Капыльскага райвыканкама зацверджаны графік гатоўнасці машынна-трактарнага парка да палявых работ гэтага года, — расказвае галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерый Прахарэня. — Не пазней за 1 сакавіка ўся тэхніка павінна быць цалкам адрамантавана і выстаўлена на лінейку гатоўнасці. Згодна з графікам да 20 студзеня самаходныя ўніверсальныя машыны «Раса» павінны быць ужо падрыхтаваны, бо  менавіта яны першымі выхо-дзяць на палі — уносяць мінеральныя ўгнаенні, вядуць падкормку траў і азімых там, дзе не пройдзе больш магутная тэхніка. Да 20 лютага на лінейку гатоўнасці трэба паставіць плугі і культыватары для закрыцця вільгаці, а да 25 — машыны для ўнясення цвёрдых арганічных і мінеральных угнаенняў. Астатняя ж тэхніка павінна быць гатова да першага дня вясны, у тым ліку глебаапрацоўчыя, пасяўныя агрэгаты, збожжавыя, бурачныя і кукурузныя сеялкі, трактары.

Аднак ці ўсе гаспадаркі ўкладваюцца ў графік? Сказаць пакуль складана. Але ўжо зразумела, што некаторым, як, напрыклад, КСУП «Доктаравічы», не выйсці за ўстаноўленыя часавыя рамкі будзе няпроста.

Мехдвор у сельгаспрадпрыемстве мы наведалі праз пару дзён пасля навагодніх святаў. У разгар працоўнага дня ў рамонтных майстэрнях было практычна пуста. І гэта пры тым, што ў гаспадарцы з падрыхтоўкай тэхнікі сітуацыя даволі складаная: можна сказаць, ніводная няспраўная адзінка яшчэ не адрамантавана.

Чакае сваёй зорнай гадзіны машына «Раса» — тут пытанне паўстала ў спецыфічных шынах-абалонках. З пяці энерганасычаных трактароў два таксама няспраўныя. У адным рамонту патрабуе рухавік, а вось другі прыводзяць у рабочы стан у Дзяржынскім райаграсэрвісе. Немалыя фінансавыя сродкі патрабуюцца для закупкі запчастак для зерневай сеялкі і трох глебаапрацоўчых агрэгатаў.

Асаблівую ўвагу доктаравіцкім аграрыям трэба ўдзяліць кукурузным сеялкам. У гэтым годзе плошчы названай культуры павялічылі — пад царыцу палёў адвялі паўтары тысячы гектараў. Кукурузных сеялак у гаспадарцы тры, і ўсе яны патрабуюць увагі.

Фактычна, у актыўную фазу рамонту ў КСУП «Доктаравічы» пакуль што  не ўвайшлі. І гэта пры тым, што многія гаспадаркі ўжо ўвесь снежань імкнуліся як мага хутчэй выканаць рамонт тых адзінак, на якія ёсць запчасткі. У чым жа праблема? Галоўны інжынер гаспадаркі Дзмітрый Курмашоў тлумачыць гэта тым, што зараз многія механізатары ў водпусках, якія ўжо хутка скончацца. І вось тады закіпіць праца ў майстэрнях. Што ж, паглядзім...

Вядома, што ў працаўнікоў палёў — свая спецыфіка працы. Але ж ні адзін адпачынак не можа доўжыцца больш за месяц, а гэта значыць, што пачатак зімы быў цалкам працоўным. Менавіта тады можна было паставіць на лінейку гатоўнасці той жа культыватар. На яго, паводле слоў Дзмітрыя Курмашова, усе запчасткі ёсць.

Безумоўна, кожнае сельгаспрадпрыемства само рэгулюе план сваёй працы. Але ж адклад не ідзе ў лад. Ці не давядзецца потым механізатарам працаваць не пакладаючы рук на холадзе і марозе, калі тэрміны будуць зусім падціскаць? Бо нягледзя-чы ні на якія перыпетыі пасяўная кампанія мусіць прайсці своечасова.

IMG 9253

У  ААТ  «Піянер-Агра»,  куды разам з Валерыем Прахарэнем мы адправіліся пасля доктаравіцкага мехдвара, сітуацыя складваецца іншым чынам. На месцы нас сустракае загадчык рамонтных майстэрняў Яўген Здановіч.

— «Раса» спраўная, засталося толькі правесці тэхнічны агляд, — уводзіць у курс справы Яўген Мікалаевіч. — Два энерганасычаныя трактары з дзевяці на рамонце. Адзін камбінаваны глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат рамантуецца ў Капыльскім райаграсэрвісе, другі будзем рабіць сваімі сіламі, ён пакуль што чакае сваёй чаргі. Для шыроказахопных камбінаваных агрэгатаў днямі закупілі запчасткі, з пачатку тыдня паставілі на рамонт. Пяць адзінак плугоў адрамантавалі яшчэ ў снежні, яшчэ на адзін набылі запчасткі. Патрабуюць увагі і тры культыватары, але з гэтым праблем таксама не ўзнікне, бо ўсё неабходнае для таго, каб гэта тэхніка стала ў строй, таксама ёсць.

У дзень нашага прыезду ў рамонтных майстэрнях ААТ «Піянер-Агра» рамантаваліся трактары. Механізатар Аляксандр Дарашэвіч мяняў бартавую пярэдняга моста. Не сядзеў без справы і Міхаіл Задруцкі. Хоць яго «Беларус» і на хаду, але ў вольную хвіліну паміж расчысткай снегу ён раз-пораз зазірае ў майстэрню. Хапае спраў у зваршчыка Рамана Серага і токара Максіма Мірнага, без якіх складана ўявіць бесперабойнае функцыянаванне ўсяго тэхнічнага ланцужка.

IMG 9259

Як і кожны год, падрыхтоўка да веснавых палявых работ на асаблівым кантролі. Бо ад яе вынікаў залежыць, ці ўрадлівай будзе глеба, наколькі ўраджайным будзе год для аграрыяў і багатым стол для кожнага беларуса. І Капыльшчына тут не выключэнне. А мы і далей будзем сачыць за тым, як гаспадаркі рыхтуюцца да аднаго з галоўных экзаменаў у сваёй дзейнасці.

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей