З часоў старажытных
Вось яшчэ адзін цікавы факт: у культуры нашых продкаў елка мае як негатыўны, так і станоўчы сэнс. З аднаго боку, гэта асацыяцыя з цёмнымі месцамі, з другога – сімвал вечнасці жыцця. Тлумачым, чаму.
Сімволіка елкі ў быце людзей часцей была негатыўная, таму што значную ролю адыграла наяўнасць вострых іголак. Акрамя таго, елка як дрэва, што расце ў сырых, цёмных месцах, лічыцца нядобранадзейнай, чорнай, таму яе ніколі не са-дзяць блізка каля хаты. У міфалагічным плане «калючасць», «адмоўнасць» елкі адлюстраваліся ў сувязі з дэманалагічным светам. Высокі ствол, нізкія калматыя галінкі – усё гэта стварала адпаведны фон для з’яўлення ў народнай фантазіі рознай нячыстай сілы.
Аднак у беларускай традыцыі існуе ўяўленне пра елку і як пра дрэва «свянцонае» (асвечанае). У яе ніколі не біў Пярун, таму падчас навальніцы найлепей было хавацца менавіта пад елку. Гэтыя асаблівасці тлумачыць этыялагічнае паданне, праўда, з чыста хрысціянскім сюжэтам. У ім апавядаецца, што калі слугі цара Ірада хацелі забіць немаўля Хрыста, то Божая Маці схавала яго пад елку, якая сама апускала сваё галлё, каб прыкрыць дзіця. За гэта Бог асвяціў дрэва і прызначыў заўжды яго ставіць у хаце або затыкаць за абразы на Каляды і Вялікдзень. Ахоўныя ўласцівасці елкі тлумачылі таксама тым, што яе лапкі растуць крыж-накрыж. Елка ў балта-славянскай традыцыі лічыцца за дрэва, звязанае са светам памерлых. Таму яе галінкі і сёння выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах – з іх робяць вянкі, іх кідаюць на дарогу да могілак і г.д. Гэта звязваецца ў першую чаргу з вечнай зелянінай елак, што не магло не асацыявацца з вечнасцю жыцця, з магчымасцю існавання ў іншых яго вымярэннях.
У старажытныя часы ёлку ўпрыгожвалі з сэнсам: яблыкамі (знак грэхападзення) і аплаткамі (знак выратавання). Затым з’явіліся папяровыя кветкі, гірлянды, пазалочаныя арэхі, ласункі. Шкляныя ж цацкі ўзніклі выпадкова. Пагаворваюць, што адзін год быў вельмі неўраджайным, таму майстры- шкловыдзімальшчыкі замянілі арэхі шклянымі ўпрыгожваннямі, што зрабіла сапраўдны фурор. Варта заўважыць, што дазволіць сабе вечназялёную прыгажуню маглі часцяком толькі шляхцічы. Сярод сялянства гэтага звычаю не было.
Самы стары дакумент, у якім згадваецца калядная ёлка, знойдзены ў горадзе Селеста (правінцыя Эльзас, Францыя) і датуецца 1521 годам. Спачатку ёлку надзялялі асаблівай магічнай сілай, ушаноўвалі яе. Упрыгожванне навагодняга дрэва было своеасаблівым абрадам ахвярапрынашэння, залагоджвання. Гэтым імкнуліся дагадзіць, задоб-рыць дрэва, яго жыццёвую сілу, якая, як лічылася, магла дапамагчы чалавеку, дабрабыту сям’і.
І не толькі Новы год
Елка займае значнае месца і ў вясельным абрадзе беларусаў. Упрыгожаная ў зборную суботу «ёлачка» сімвалізавала дзявоцкасць маладой, яе хараство. Атрыбут уяўляў сабой невялікае дрэўца, нават яго вершаліну або галінку, прычым толькі зімой – яловую, летам жа ў якасці «ёлачкі» выступалі галінкі пладовых дрэў. «Ёлачку» ўторквалі ў каравай ці ставілі на спецыяльную падстаўку, упрыгожвалі стужкамі і кветкамі. Такое выкарыстанне елкі абумоўлена яе сімволікай вечнасці, ідэяй сувязі светаў і станаў, што ўпісвалася ў больш агульную ідэю пераходу, асноўную і для вясельнага, і для пахавальнага абрадаў.
На Палессі яліну ўпрыгожвалі на Масленіцу. Значную ролю адыгрывала гэтае дрэва на свята Вадо-хрышча: ёю абтыкалі палонку, у якой асвячалася вада; лапкі яловых галінак падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят; утыркнутыя ў страху галінкі вадохрышчанскіх елак засцерагалі хату ад удару Перуна.
Беларускі след
А вось звычай ставіць ёлку на Раство, шырока распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе, з часам стаў элементам каляндарнай абраднасці і ў Беларусі.
З сярэдзіны ХIХ стагоддзя елка пачынае заваёўваць усе вялікія тэрыторыі, у тым ліку і Паўночна-Заходні край, як называлі тады Беларусь. Спачатку губернскія і павятовыя гарады, а затым і сядзібы памешчыкаў.
Паступова выпрацоўваўся сцэнарый свята. Навагодняе дрэўца ставілі на стол, пакрыты белым абрусам. Да галінак прымацоўвалі свечкі і развешвалі цукеркі, яблыкі, арэхі, пернікі. Пад ёлкай раскладвалі падарункі для дзяцей. Напярэдадні Калядаў запальвалі свечкі. У канцы свята дрэўца выкідвалі ці спальвалі.
Паступова складалася і «ёлачная міфалогія», якая падтрымлівала вобраз шчодрага навагодняга дрэва. Такія добра вядомыя нам Дзед Мароз і Снягурка з’явіліся толькі напрыканцы ХIХ стагоддзя. Але пра ўсеагульнае прызнанне ёлкі нельга было казаць нават у гэты час. Елку як навагодні атрыбут так і не прынялі ў сельскай мясцовасці.
З часоў савецкіх
У СССР навагодняя ёлка існавала не заўсёды. Больш за тое, у 1928-м яе ўвогуле забаранілі, бо гэтае дрэва было сімвалам Калядаў, а значыць, ненавіснай Савецкаму Саюзу рэлігійнасці. І так працягвалася аж да 1935 года, пакуль камуніст Павел Пастышаў, заслужаны дзеяч кампартыі, раптам выступіў у газеце «Праўда» з заклікам пачаць ладзіць для дзяцей вясёлыя навагоднія святы. «Наверсе» прачыталі, задумаліся і вырашылі: а чаму б і на самай справе не стварыць замест Калядаў свята Новы год? І 1 студзеня 1937-га ў маскоўскім Доме Саюзаў (ён знаходзіцца побач з цяперашняй Дзярждумай) прайшоў карнавал, на які паклікалі выдатнікаў розных школ.
І свята прадоўжыла шэсце па Краіне Саветаў. Адзначалі яго нават падчас вайны. У 1941-м жа прагучаў і першы навагодні зварот да народа – яго зачытаў па радыё старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Міхаіл Калінін. А вось традыцыю, калі кіраўнік дзяржавы звяртаецца да грамадзян з тэлеэкрана, заклаў 31 снежня 1970 года генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў.
Калі выносіць ёлку?
Даследчыкі народнай культуры раяць рабіць гэта вечарам 13 студзеня да заходу сонца, каб «вынесці» ўсю адмоўную энергетыку, што яна назбірала ў хаце на працягу двух-трох тыдняў. Любыя навагоднія лішкі і нястачы, спакой і спрэчкі ды іншае паказваюць на тое, што чакае чалавека на працягу года: «З чым застаў чалавек на Новы год – з тым ён застанецца да канца».
Комментарии