Каго мы чакаем? Хто павінен прыйсці? Гэта Бог нанова хоча ўвайсці ў нашае жыццё. Для таго, каб пераканаць нас, што Ён жыве і дзейнічае. Для таго, каб абвясціць нам сваю хвалу. Для таго, каб аб’явіць сваю моц.
Якім павінна быць наша чуванне падчас Адвэнту? Нельга даць універсальнай парады, аднак трэба пазбягаць мітусні, а перадкалядныя прыгатаванні не павінны засланіць галоўнае — Нараджэнне Збаўцы. Наша чаканне свята Божага Нараджэння неабходна пачаць з духоўнай падрыхтоўкі: супольнай малітвы ў сям’і, чытання Святога Пісання, сакрамантаў пакаяння і Эўхарыстыі, удзелу ў Раратах.
Каб духоўныя практыкі не былі для нас абцяжарваючымі, варта выкарыстоўваць адвэнтавыя традыцыі. Адна з самых прыгожых традыцый Адвэнту — гэта запальванне чатырох свечак у адвэнтавым вянку з яловых галінак. Кола вянка — сімвал еднасці і вечнасці. Яно нагадвае цыкл пораў году, які паўтараецца, а таксама з’яўляецца сімвалам перамогі Хрыста. Вечназялёныя галінкі сасны або ялінкі — гэта сімвалы вечнага жыцця і надзеі: павінен нарадзіцца Месія, які пераможа цемру, зло і смерць. Галінкі нагадваюць уваход Езуса ў Ерузалем, калі Яго віталі таксама зялёнымі галінкамі пальмаў і ўсклікалі: «Вітай, Кароль Юдэйскі!».
Чырвоныя стужкі ў вянку сімвалізуюць любоў Бога, якая ў сваю чаргу выяўляецца ў нараджэнні Божага Сына, што стаў чалавекам. Фіялетавыя стужкі — гэта знак пакаяння і вяртання ў перыяд чакання нараджэння Месіі. Па сваёй сутнасці адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасці, якая з любоўю і радасцю чакае нараджэння свайго Пана. Вось чаму ён павінен быць змешчаны ў касцёле на бачным месцы, або дома — на стале. Дома, згодна з традыцыяй, свечкі запальвае самы малодшы член сям’і.
Вельмі цікавая традыцыя, якая дапамагае ператварыць час Адвэнту ў сапраўднае чуванне, у Беларусі толькі пачынае набіраць моц — гэта адвэнтавы каляндар. Звычай лічыць снежаньскія дні, якія застаюцца да Божага Нараджэння, і адзначаць кожны з іх маленькім падарункам ці неспадзяванкай з’явіўся шмат дзесяцігоддзяў таму. Найбольш традыцыйнай формай календара з’яўляецца скрыначка з акенцамі па колькасці дзён Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзецям (ды і дарослым) можна толькі раз на дзень пасля таго, як зрабіў добры ўчынак. Якімі б прыгожымі ні былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць Божае Нараджэнне.
Комментарии