Вялікая гісторыя любой дзяржавы складаецца з маленькіх, асабістых гісторый. І як ні паглядзі, а свята народнага адзінства закранае амаль кожную сям’ю, таксама, як і Вялікая Айчынная вайна.
Мая матуля – з «западэнцаў», як называюць тых, хто паходзіў з Заходняй Беларусі. Дакладней – з вёскі Княгінін, што на Мядзельшчыне. Справа ў тым, што з 1921 па 1939 гады Княгінін знаходзіўся ў складзе Віленскага ваяводства, Польшча. А мамін дзядуля
Захар – з дробнапаместнай шляхты, служыў упраўляючым у маёнтку, які з’яўляўся ўладаннем Юзэфы Козел-Паклеўскай. У нашай сям’і нават і зараз існуе легенда пра тое, як у 1939 годзе Козел-Паклеўскія ўцякалі ў Польшчу, таму да майго прадзеда звярнулася сама пані і папрасіла схаваць іх фамільнае багацце. Прадзед спачатку адмаўляўся, аднак потым усё ж такі згадзіўся. Адна з яго дачок бачыла, як у прыцемках нейкія людзі праносілі па двары куфры і чамаданы, але дзе ўсё гэта дабро схавалі – дакладна не ведае. Гэту гісторыю яна ж сама і расказала ў 1989 годзе падчас свайго апошняга візіту з Польшчы, куды раней пераехала і дзе жыла.
Мой дзядуля
Міхаіл Захаравіч быў прызваны ў польскую армію ў 1939 годзе, а 10 верасня 1939 года (за ты-дзень да прыходу з Чырвонай арміі) ужо трапіў у нямецкі палон, затым – у Шталаг-ХІ Альтэнграбаў, адтуль – на работы да нямецкага баўэра. А вызваліўся ён толькі ў 1945 годзе. Шэсць гадоў на Нямеччыне ў палоне…
Пасля вызвалення вярнуўся ў родныя мясціны. Праз некалькі гадоў ажаніўся. Яго абранніца – мая бабуля – паходзіла з суседняй «мужыцкай» вёскі. І колькі жылі, бацькі папракалі дзядулю, што ён узяў «мужычку». Можа таму, каб не забываць сваё месца, бабуля амаль ніколі не садзілася за агульны стол – сціпла стаяла побач і падавала стравы. Усё жыццё дзядуля з бабуляй пражылі ў Княгініне. Падчас летніх канікул мы прыязджалі да іх, бегалі па старым панскім парку, а потым беспаспяхова шукалі той скарб. Шмат чаго з польскай духоўнай спадчыны захавалася ў дзядулі, ён нават пісаў рускія словы польскімі літарамі, ведаў шмат цікавых прыказак на «панскай» мове. Аднак услед за сваякамі жыць туды не паехаў. Застаўся на бацькоўскай зямлі.
Другі мой дзядуля
Лук’янчык Іван Максімавіч нарадзіўся ў вёсцы Наруці, што знаходзіцца недалёка ад былой польскай граніцы. Але цікава вось што. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, дзе ён праявіў сябе сапраўдным героем, дзядулю ў 1950 годзе накіравалі ў Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці арганізоўваць калгасы. Як сапраўдны сын сваёй Радзімы, ён і не думаў адмовіцца. А гэта ж быў той самы небяспечны час, калі на Гродзеншчыне дзейнічалі «лясныя браты», тыя, хто не шкадаваў ні старога, ні малога савецкага чалавека. Дарэчы, у вёсцы Забалаць, дзе дзядуля ўладкаваўся з жонкай і дзеткамі, сяляне і шляхцічы нават і жылі па розныя бакі. Іван Максімавіч быў сапраўдным сумленным салдатам, яго паважалі як мужыкі, так і мясцовая шляхта. З пастаўленай мэтай дзядуля паспяхова справіўся, калгасы былі арганізаваны. Праз пэўны час сям’я вярнулася на Капыльшчыну.
Вось такія гісторыі. У чым іх агульны сэнс? Можа, калі б не было гэтай польскай мяжы, дзед Міша не трапіў бы ў такі цяжкі палон, а яго бацькі на называлі бабулю «мужычкай»? Можа б і сама бабуля адчувала сябе больш свабодна? І не прыйшлося дзеду Івану пасля вяртання з крывавых франтоў зноў рызыкаваць жыццём сваім і сваёй сям’і…
Межы аддзяляюць не толькі дзяржавы, яны нібы праводзяць чырвоную лінію паміж людзьмі, падзяляючы іх лёсы. Зараз Польшча адмежавалася ад Беларусі жалезным ланцугом, з-за якога гінуць нават жывёлы. Што перашкаджае панам проста жыць, сябраваць з намі, сваімі ўсходнімі суседзямі? Навошта яны абралі варожы шлях і руйнуюць помнікі савецкім салдатам? Адказы дасць будучыня.
Дзіяна ТКАЧЭНКА