Навагодні агеньчык сабраў у раённым цэнтры культуры больш за 70 маладых спецыялістаў і прадстаўнікоў працоўнай моладзі.
Для іх наш раён стаў гасціннай пляцоўкай для атрымання першага месца працы.
[caption id="attachment_84726" align="aligncenter" width="840"]
■ Конкурс праводзіць Яўгенія Леус (у цэнтры)[/caption]
Па традыцыі напрыканцы года прадстаўнікоў розных прафесій збіраюць разам для таго, каб маладыя людзі змаглі пагутарыць адзін з адным, пазнаёміцца з кіраўніцтвам раёна. Нядаўніх выпускнікоў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь цёпла прывітаў старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык.
— Маладосць — не толькі перыяд мар і надзей, гэта час, калі пачынаецца самастойнае жыццё чалавека, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч. — І ад таго, як хутка вы здолееце заслужыць павагу і набыць аўтарытэт, наколькі адказна і добрасумленна кожны з вас будзе ставіцца да сваёй справы, залежыць, як будуць меркаваць пра вас у далейшым. У сваю чаргу спадзяёмся і на ваш уклад у развіццё нашага рэгіёну. Паверце, капыльская зямля вартая таго, каб дзякуючы вашым намаганням і дасягненням стаць яшчэ лепшай і больш прыгожай.
На сустрэчу з маладымі спецыялістамі арганізатары запрасілі таксама намесніка старшыні райвыканкама Святлану Лосік, начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алу Кабушку, начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірыну Абас і намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлю Гарбацэвіч. Усе яны — людзі, шчыра зацікаўленыя ў тым, каб як мага больш юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі сваё першае працоўнае месца ў раёне, засталіся на Капыльшчыне.
Для ўдзельнікаў злёту падрыхтавалі насычаную і разнастайную праграму, падчас якой можна было не толькі пасмяяцца і павесяліцца, але і заявіць пра сябе. Правяла яе кіраўнік гуртка Грозаўскага СДК Яўгенія Леус. Выдатныя музычныя кампазіцыі былі настолькі захапляльнымі, што гледачы падпявалі любімыя ўсімі песні. Вясёлыя конкурсы, гульні, карагоды і, вядома ж, танцы нікога не пакінулі абыякавымі.
Агеньчык пакінуў у памяці шмат яркіх і станоўчых эмоцый, а значыць, надзею на тое, што Капыльшчына не проста дасць пуцёўку ў самастойнае жыццё маладым людзям, але і стане іх родным домам, яны з задавальненнем застануцца тут жыць і працаваць.
Сяргей КОЗЕЛ