Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Не пером, так автоматом: вспоминаем коллег-журналистов Копыльщины, ставших солдатами

10.05.2025

У гэты, двойчы юбілейны год – 95 раённай газеце і 80 год Вялікай Перамозе – мы не можам не ўспомніць тых, хто змагаўся з аўтаматам у руках і аддаў жыццё за Радзіму.

Падчас Вялікай Айчыннай многія раённыя журналісты сцены роднай рэдакцыі змянілі на акопы. А замест пяра і фотакамеры ўзялі ў рукі сапраўдную зброю. Некаторыя так і не вярнуліся з поля бою.

Гісторыя захавала імёны тых, якія загінулі. Гэта вядомы паэт Аляксей Коршак, селькор Уладзімір Ясючэня, літаратурныя работнікі Яўген Жылко і Васіль Гаўрук.

Адзін з іх – Аляксандр Паўлавіч Малевіч, які за ратныя подзвігі ў 1944 годзе ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і – ужо пасмяротна ў 1945-м – ордэнам Леніна.

Аляксандр нарадзіўся ў Капылі ў 1908 годзе. З юнацкіх год пачаў пісаць вершы, невялікія апавяданні, п’есы, выпускаў у школе рукапісны часопіс, праяўляў вялікую цікавасць да літаратуры. З 17 гадоў Малевіч пачаў друкаваць свае творы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. І неўзабаве стаў сакратаром рэспубліканскай маладзёжнай газеты. У 1939-м прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі.

Калі першыя фашысцкія бомбы абрушыліся на Мінск, Аляксандр пайшоў у армію, каб змагацца з ненавісным ворагам не толькі друкаваным словам, але і аўтаматам. Ён прайшоў вялікі шлях па дарогах вайны, з’яўляўся ўдзельнікам баёў за Крым, за легендарны Севастопаль, удзельнічаў у баях за вызваленне роднай Беларусі, а затым у якасці камандзіра роты 84-га гвардзейскага стралковага палка вызваляў братнюю Літву. А. П. Малевіч ваяваў з гітлераўскімі захопнікамі і пяром, і аўтаматам. Камандзір-журналіст у разгары жорсткіх баёў пісаў пра сваіх таварышаў, друкаваным словам клікаў да перамогі, натхняў іх на новыя подзвігі.

Так, 29 красавіка 1944 года пры штурме вышыні 192.0 умелым манеўрам хутка і рашуча пад моцным артылерыйска-мінамётным агнём ворага рота Малевіча прарвала добра ўмацаваную паласу абароны немцаў і с ходу ўварвалася ў яго траншэі. Завязаўся гранатны бой і рукапашная сутычка – праціўнік быў выбіты, а рота Малевіча замацавалася і ўтрымала занятыя траншэі. Вораг пакінуў у акопах 23 загінулых, а Аляксандр Паўлавіч падчас аперацыі – аднаго забітага і чатырох параненых. Рота захапіла ў немцаў і знішчыла два станкавых і адзін ручны кулямёты.

Мужнасцю і гераізмам праславілі сябе байцы роты пад камандаваннем А. П. Малевіча ў баях і на подступах да фашысцкай Прусіі. Адчуваючы хуткі разгром, гітлераўцы аказвалі ўпартае супраціўленне. Рота гвардыі лейтэнанта Малевіча вяла наступленне ля ўчастка дарогі Шаўляй-Кельне. У выніку моцных фашысцкіх контратак наступленне прыпынілася. Рота заняла абарону на скрыжаванні дарог Шаўляй–Цільзіт і Пошаўшы–Куртувенай. Гэты ўчастак меў важнае стратэгічнае значэнне. Менавіта тут 16 жніўня 1944 года фашысты вырашылі прарваць нашу абарону. Завязаліся жорсткія кровапралітныя баі. На невялікую групу абаронцаў палезлі гітлераўскія танкі, бронетранспарцёры і аўтаматчыкі. У гэты дзень рота адбіла восем фашысцкіх атак. Нашы байцы двойчы кідаліся ў рукапашную і штыкамі адкідвалі ворага на зыходныя пазіцыі. Камандзір знаходзіўся ў самых небяспечных месцах і сваім асабістым прыкладам натхняў салдат на геройскія подзвігі.

З наступленнем раніцы 17 жніўня немцы аднавілі ўпартыя атакі. Сілы роты няспынна слабелі. Але гвардзейцы мужна адбівалі пераўзыходзячыя сілы фашысцкіх войск. 18 жніўня гітлераўцы кінулі на гэты ўчастак 20 танкаў, 30 бронетранспарцёраў і два батальёны пяхоты. Салдаты і камандзіры пад кіраўніцтвам Аляксандра Малевіча на працягу 2,5 гадзіны адбілі пяць жорсткіх атак. Сталёвая лавіна ворага разбілася аб жалезную волю савецкіх гвардзейцаў. Былы чарнаморскі матрос, радавы Лука Пракоф’евіч Літвінаў у рашаючы перыяд бою, ахвяруючы сабой, узарваў танк, але не прапусціў ворага. За тры дні гвардзейцы адбілі 22 атакі, знішчылі восем танкаў, 12 бронетранспарцёраў і 350 нямецкіх салдат і афіцэраў. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў гэтым баі, усе салдаты роты былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Л. П. Літвінаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Аднак не давялося журналісту Аляксандру Малевічу адсвяткаваць слаўны дзень Перамогі. У лістападзе 1944 года яго жонка Марыя Піліпаўна атрымала пісьмо ад падпалкоўніка Н. Г. Ругаля. У пісьме гаварылася: «23 лістапада 1944 года пры выкананні баявой задачы праклятая варожая куля абарвала кіпучае жыццё нашага любімага Алеся, не дала магчымасці да канца выканаць яго жаданне – разбіць ворага. У асобе Алеся мы страцілі лепшага афіцэра нашай стальной гвардыі. Мы падзяляем з Вамі вялікае гора і клянёмся адпомсціць праклятаму ворагу за Вашага мужа і нашага друга».

Ідучы ў апошні бой, Аляксандр Паўлавіч пакінуў запіску, у якой гаворыцца: «Таварышы! Калі ў гэтай схватцы мяне заб’юць, паведаміце жонцы, што загінуў Алесь за горача любімую Радзіму, якой ганарыўся, і за яе аддаў сваё жыццё».

Так на 36-м годзе абарваўся жыццёвы шлях воіна-журналіста. Ён пахаваны на брацкіх могілках Прыекуле. А дома засталіся жонка і трое дзетак: Вераніка, Марат і Аліна. Цікава, як склалася іх жыццё?

Фота з архіва рэдакцыі


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей