■ Сяргей Камяк з юнымі футбалістамі[/caption]
Залог поспеху выхаванцаў — калектыў аднадумцаў, якія ў сваю справу, як гаворыцца, укладваюць душу.
З 2011 года школу ўзначальвае Вадзім Лазюк. Пад яго кіраўніцтвам працуе чацвёра трэнераў. Трое з іх — Анатоль Сянюк, Тамара Квач-Сыс і Таццяна Сінюк — рыхтуюць біятланістаў. Фарміраваннем футбольных каманд займаецца Сяргей Камяк. Шматгадовы вопыт працы з дзецьмі, адданасць сваёй справе і мэтанакіраванасць нязменна прыносяць вынікі. Пад кіраўніцтвам трэнераў 131 юны спартсмен (менавіта столькі дзяцей сёлета тут налічваецца) яшчэ толькі вучыцца быць чэмпіёнамі. А вось некаторыя выпускнікі мінулых гадоў ужо праславілі Капыльшчыну і сваіх настаўнікаў далёка за межамі роднай спартыўнай школы. Напрыклад, Дар’я Несцерчык, Дар’я Юркевіч, Антон Смольскі і Павел Паплаўскі не раз дэманстравалі свае ўменні на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Выпусцілі і наступную годную змену біятланістаў. Так, сярод новых імён, на якія зараз зроблены стаўкі, Кірыл Зяньковіч, Багдан Максіменка, Мацвей Маліноўскі, Павел Мацуль. Смак перамогі ведаюць і выхаванцы трэнера па футболе Сяргея Камяка. Сярод апошніх «лаўраў» каманды Капыльскай СДЮШАР — трэцяе месца ў першынстве Мінскай вобласці па футболе і гарантаваны выхад у фінальную частку першынства Мінскай вобласці.
Дасягненні выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы — галоўная ўзнагарода для выкладчыкаў і пацвярджэнне таго, што іх старанні плённыя і ў сваю прафесію яны прыйшлі недарэмна.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ
■ Жанна Мечыславаўна Лапотка з адзінаццацікласнікамі[/caption]
Жанна Мечыславаўна — чалавек у прафесіі невыпадковы. У дзяцінстве ёй хацелася быць падобнай на настаўніцу СШ № 3 г. Капыля, дзе вучылася сама, Антаніну Васілеўну Паляшчук. Таму, калі ў 1990 годзе на базе СШ № 2 г. Капыля ствараўся першы ў раёне педагагічны клас, дзяўчынка, асабліва не раздумваючы, паступіла туды. Потым быў БДПУ.
Зараз гэта ўжо мудры сталы прафесіянал з 22-гадовым стажам. Але каб стаць майстрам настаўніцкай справы, Жанна Мечыславаўна шмат вучыла і вучылася сама, бо па-іншаму нельга. Каб адукацыйны працэс быў цікавым, яна актыўна выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці і модульнага навучання, практыкуе сістэму паэтапнага навучання беларускай мове і літаратуры, праводзіць раённыя майстар-класы па стварэнні буктрэйлераў і іх выкарыстанні на ўроках літаратуры.
Трывалыя і глыбокія веды вучняў пацвярджаюцца добрымі вынікамі на ЦТ і на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды. У 2018/2019 навучальным годзе навучэнка 10-га класа Яна Калядка пад кіраўніцтвам педагога прадстаўляла раён на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Пераможцамі другой рэспубліканскай алімпіяды па чытацкай кампетэнтнасці «Чытач+» сталі таксама навучэнцы Жанны Мечыславаўны. А Дар’я Крышкевіч дзякуючы дапамозе настаўніцы перамагла ў раённым этапе рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме». Гэта вынікі ўдзелу ў інавацыйным праекце «Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння».
Асабліва падабаецца Жанне Мечыславаўне быць класным кіраўніком. Сёлета яна выпусціць у самастойнае жыццё адзінаццацікласнікаў. Але за лёсам кожнага з іх працягне сачыць і хвалявацца. Настаўніца падтрымлівае сяброўскія адносіны з многімі былымі вучнямі. Арцём Лазоўскі, Яўген Клыга, Ганна Свяцкая — гэты спіс можна працягваць. З калегамі таксама склаліся добрыя адносіны. За добрай парадай можна звярнуцца да Святланы Яўгенаўны Свяцкай, Ганны Уладзіміраўны Панашчык, Жанны Мікалаеўны Прохаравай. Бо галоўная мэта іх агульнай справы — дапамагчы дзіцяці стаць паспяховым, знайсці сябе ў жыцці.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
■ Алена Уладзіміраўна Гірко (у цэнтры) з калегамі[/caption]
Заўсёды, калі пераступаеш парог дашкольнай установы, звяртаеш увагу на дзіцячае шматгалоссе, якое ў гэтых сценах чутно асабліва. Тут надзвычай утульна і прыгожа, а ствараюць шматлікія цуды самі выхавальнікі. Дзіцячы садзік аграгарадка Пацейкі наведваюць сямёра дзетак ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў. І ўсе — дзяўчынкі. Працуе тут таксама нешматлікі, але вельмі дружны калектыў: выхавацель Наталля Усеваладаўна Піскун, памочнік выхавацеля Ірына Міхайлаўна Гірко, усялякую смакату гатуе дзеткам повар Валянціна Іосіфаўна Бенеш, а за гаспадаркай сочыць Ірына Уладзіміраўна Стульба. Стаж спецыялістаў у сярэднім складае 20 гадоў. Каардынуе і накіроўвае работу кожнага загадчыца — Алена Уладзіміраўна Гірко.
Але лёс не адразу прывёў жанчыну ў педагогіку. Па першай адукацыі Алена Уладзіміраўна швачка. І ўжо адпаведную спецыяльнасць яна атрымала ў Барысаўскім педагагічным каледжы. З тае пары прайшло 33 гады. Зараз можна з упэўненасцю сказаць, што Алена Уладзіміраўна Гірко ў прафесіі адбылася.
— Дзетак я люблю з самага маленства, — расказвае загадчыца. — Калісьці з задавальненнем гуляла з маленькім суседскім хлопчыкам. Нельга працаваць з дзеткамі і не любіць іх. Таму, калі я зразумела, што мой шлях — менавіта педагагічны, — атрымала неабходную адукацыю. Такія ж апантаныя справай людзі працуюць побач. Разам ствараем вакол сябе прыгажосць, малюем. Музычнага кіраўніка ў нашым садзіку няма, таму самі развучваем з дзеткамі песенькі, танцы. Вельмі любяць дзяўчынкі расказваць вершыкі, прымаць удзел у невялічкіх тэатралізаваных пастаноўках. Асабліва ім падабаецца, калі за выступленнем назіраюць таты і мамы. Дарэчы, з бацькамі мы таксама знаходзім агульную мову і паразуменне. Праводзім з імі і для іх розныя тэматычныя кансультацыі, размовы, бацькоўскія сходы. І разам з імі вучымся ра-зумець і выхоўваць нашых дзетак.
За акном шапаціць чырвона-жоўтае лісце, а ў садзіку ідзе старанная падрыхтоўка да традыцыйнага Свята восені і да Тыдня маці. Сцены групы, якая па неабходнасці становіцца актавай залай, упрыгожаны намаляванымі самімі выхавацелямі жоўтымі і чырвонымі лісточкамі. Адным словам, у садзіку пануе сапраўдная творчая атмасфера.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
— Чаму я выбрала прафесію педагога? — задумваецца Яна Мікалаеўна Мішчановіч і, шчыра ўсміхаючыся, адказвае: — У маім выпадку гэта прафесія выбрала мяне… Не маючы ў родзе ні аднаго настаўніка, мне здаецца, я нарадзілася з указкай і мелам у руцэ.
Усё пачалося са школы. Калі прыйшоў час і шасцігадовая Яна пераступіла яе парог, свет адкрыццяў захапіў дзяўчынку. Вучыцца ёй падабалася, і асабліва — гуманітарныя дысцыпліны. У гэтым была вялікая заслуга мамы, якая з дзяцінства выхавала любоў да кнігі. І далей сваё жыццё без школы Яна ўжо не ўяўляла.
— Можна сказаць, што маё жыццё — своеасаблівая лесвіца, па якой я падымаюся ўсё больш упэўнена, — разважае малады педагог. — Першы крок, які я зрабіла на шляху да дасягнення сваёй мэты, — гэта паступленне ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Але вучоба — усяго толькі тэорыя, дзе здаецца, што ўсё зразумела і проста. А галоўнае — гэта ўсё ж практыка. Таму другі, самы важны крок — рэалізаваць сябе ўжо ў абранай прафесіі. Менавіта пасля таго, як я прыйшла ў школу ўжо ў ролі настаўніка, пачалося яркае, па-дзіцячы няўрымслівае жыццё. Спачатку было вельмі складана, часам апускаліся рукі. Але дзякуючы падтрымцы старэйшых і больш вопытных калег з Цімкавіцкай СШ, я зразумела, што ўсё гэта — толькі мінусы пачатку працы. Улюбёнасць у школу, у дзяцей, такіх розных і неардынарных, сур’ёзных і гарэзлівых, з кожным днём ахоплівае мяне ўсё больш. Пастаянна працуючы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, зараджаюся ад іх энергіяй. Дзіцячае пачуццё гумару абяззбройвае, а іх непасрэдны погляд на жыццё, іх разуменне свету раскрываюць усё новыя і новыя грані жыцця. Думаю, трэцім крокам будзе набыты багаты вопыт ужо ў ролі сталага мудрага педагога.
Разам з жаданнем працаваць у Яны Мікалаеўны растуць прафесіяналізм і вопыт. А галоўнае, што малады педагог разумее: дасягнуць чагосьці ў гэтай прафесіі нельга без таленавітых дзяцей, а дапамагаюць ім такімі стаць менавіта настаўнікі. Таму, калі вучні праяўляюць зацікаўленасць да хіміі або біялогіі і хочуць даведацца як мага больш, прыйсці на дадатковыя заняткі, педагог шчыра радуецца не толькі за іх, але і за сябе. Значыць, атрымалася зацікавіць.
— Працу настаўніка нельга вымераць аднымі дыпломамі і граматамі, падзякамі кіраўніцтва, — рэзюмуе Яна Мікалаеўна. — Даражэй за ўсё — па-дзіцячы шчырае «Дзякуй за ўрок!». Значыць, ты на правільным шляху!
Дзіяна ТКАЧЭНКА