Паважаныя парафіяне і жыхары горада Капыля і Капыльскага раёна, расклад святых Імшаў У вялікі тыдзень наступны:
17 красавіка (вялікая серада) — св. Імша ў 18.00
18 красавіка (вялікі чацвер) — св. Імша ў 19.00
19 красавіка (вялікая пятніца — не цэлебруецца св. Імша, ёсць адарацыя святога Крыжа) у 19.00
20 красавіка (вялікая субота) — св. Імша Вігілія ў 21.00 (з сабой узяць свечку), пасля св. Імшы адбудзецца ўсяночная адарацыя да 06.00
Таксама адбудзецца асвячэнне страў на велікодны стол:
г. Капыль, касцёл св. Пятра і Паўла — у 12.00, 13.00, 14.00, 15.00 і 16.00, а таксама пасля св. Імшы а 21.00
в. Печураны — у 9.00
в. Выня — у 9.30
в. Думічы — у 10.15
в. Чарнагубава — у 11.00
21 красавіка св. Імша Рэзурэкцыя ў 06.00, напрыканцы якой адбудзецца асвячэнне страў на велікодны стол.
Перыяд Вялікага посту працягваецца да Вялікага чацвярга. Цэлебрацыяй святой Імшы Вячэры Пана распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум.
У Вялікую суботу вернікі знаходзяцца каля Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце, які рэкамендаваны, і гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрэсення Збаўцы. Камунія ў гэты дзень удзяляецца толькі ў форме віятыку — г. зн. асобам, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці. У парафіях праходзіць благаслаўленне страў на велікодны стол. У гэты дзень Святая Імша не цэлебруецца ажно да вечара — Пасхальнай Вігіліі, якая з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. На гэтую ўрачыстую Святую Імшу трэба ўзяць з сабой свечкі, якія запальваюцца падчас аднаўлення абяцанняў хросту. У ноч паводле традыцыі адбываецца чуванне на ўшанаванне Пана.
Пасхальная Вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. Вельмі развіты і багаты змест літургіі Пасхальнай Вігіліі ўключае ў сябе ўсю гісторыю збаўлення. Пачынаецца яна з літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў «Exsultet», у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрэсенне Пана, пасля чаго ў літургіі слова Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Пасхальнай Вігіліі — гэта літургія хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамэнт, а ўсе астатнія вернікі аднаўляюць абяцанні хросту…
Велікодная нядзеля з’яўляецца трэцім днём Пасхальнага Трыдуума. У большасці парафій у Беларусі ў гэты дзень раніцай цэлебруецца святая Імша, якой папярэднічае эўхарыстычная працэсія з пасхалам і фігурай уваскрослага Езуса. Гэта працэсія можа адбывацца адразу пасля Пасхальнай Вігіліі. Працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста.
Ксёндз Андрэй КАЛЯДКА,
настаяцель парафіі св. Пятра і Паўла ў Капылі