Наступная наша вандроўка ў вёску Цімкавічы. Пры дапамозе архіўнага матэрыялу, гравюр, фотаздымкаў, малюнкаў яна паспрыяе таму, каб усе, хто жадае, на ўласныя вочы ўбачылі частку таго, чым мы калісьці ганарыліся.
Раней амаль у кожнай вёсачцы стаяў храм са сваёй унікальнай архітэктурай. Менавіта царква і была своеасаблівым цэнтрам населенага пункта.
Шэдэўрам драўлянага дойлідства быў і касцёл св. Міхаіла ў Цімкавічах, які да Вялікай Айчыннай вайны перайшоў да праваслаўных вернікаў. Богаслужэнне ў ім вялося да 1985 года, пакуль не згарэў будынак. Царква прастаяла чатыры стагоддзі і зачароўвала гісторыкаў і вучоных.
[caption id="attachment_47233" align="alignleft" width="300"]
Так выглядаў касцёл у 1917 годзе[/caption]
Аматары даўніны толькі цяпер разумеюць, якую каштоўнасць мы страцілі, бо старажытных помнікаў такога кшталту амаль не засталося ў Еўропе. Гэта быў аналаг францысканскага касцёла ў Кракаве. Як сведчаць хронікі, храм заснаваны ў 1560 годзе князем Янам Сымонам з Алелькаў. Пазней Цімкавічы перайшлі да вядомага магнацкага роду Сапегаў. Па фундацыі Льва Сапегі ў 1647 годзе на месцы старога касцёла быў утвораны новы. За доўгі век будынак неаднаразова рамантавалі. Гісторыя захавала той факт, што адна з самых багатых жанчын Капыльшчыны Міхаліна Гарватава выдзеліла немалыя сродкі на рэстаўрацыю храма.
[caption id="attachment_47207" align="alignright" width="300"]
Інтэр’ер касцёла. Пачатак ХХ стагоддзя[/caption]
У 1906–1908 гг. над аддзелкай інтэр’ера храма працаваў вядомы мастак з Піншчыны Францішак Бруздовіч. Паводле яго малюнкаў пазней былі зроблены вітражы ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены. У сваёй рабоце мастак выкарыстоўваў матывы ўзорыстага ткацтва. Наведаўшы храм, чалавек быццам трапляў у цудоўны свет біблейскіх сюжэтаў. Сапраўднымі творамі мастацтва сталі аздабленні прыгожай пластыкай з металу. На вокнах і дзвярах, быццам жывыя, глядзеліся аб’ёмныя кветкі, галінкі дуба. Храм упрыгожвалі шэсць званоў. Кожны таксама па-свойму дэкарыраваны металам. На адным з іх значылася лічба «1648». Значыць, народныя ўмельцы адлілі яго на другі год пасля адкрыцця храма. І як не прыкра канстатаваць, гэты помнік — сапраўдная жамчужына Беларусі з багатым афармленнем, узорамі кавальскага майстэрства — страчаны для нас назаўсёды. І толькі фотаздымкі ды адна з аковак дзвярэй храма ў Цімкавічах, якая захоўваецца ў фондах раённага музея, адлюстроўваюць для нашчадкаў выяву нашага архітэктурнага шэдэўра.
У памяці засталося, як некалі ў суботу і нядзелю даехаць да Цімкавіч было не так лёгка. Малыя «пазікі», так звалі мы аўтобусы, былі перапоўнены людзьмі — ехалі ў царкву і на базар. Храм быў носьбітам духоўнай культуры. Жыхары навакольных вёсак і мястэчка наведвалі яго ў час рэлігійных свят. Нягледзячы на тое, што вёска Магдэбургскага права не атрымала, жыла па яго законах. Кожную нядзелю — кірмашы, гандаль у крамах і з калёс. У самым цэнтры вёскі захаваліся капліца і брама — званіца, усечаная без шпіля, узведзеныя ў другой палове ХІХ ст. у гонар адмены прыгоннага права на месцы неўцалелай уніяцкай царквы св. Ільі. раней у ніжнім ярусе брамы-званіцы быў шырокі праезд, які цяпер замураваны.
[caption id="attachment_47235" align="alignleft" width="300"]
На кірмашы ў Цімкавічах, 1952 г.[/caption]
Старажытныя помнікі дойлідства каштоўныя ўжо тым, што яны былі і ёсць, і аб іх захавалася памяць. Менавіта ў іх сценах фарміравалася духоўнасць і чысціня чалавечых пачуццяў.
Сёння ў нас рэстаўруюцца або рыхтуюцца да рэстаўрацыі дзясяткі архітэктурных помнікаў. Задача спецыялістаў — максімальна дакладна ўзнавіць аблічча гэтых аб’ектаў, ад якіх часам мала што засталося. Дзейснай дапамогай для даследчыкаў становяцца архіўныя матэрыялы, малюнкі, фотаздымкі… Здымкі страчаных помнікаў вёскі Цімкавічы захоўваюцца ў архіве інстытута мастацтва Польскай Акадэміі Навук. А вось ад маёнтка ў Цімкавічах з пабудоў захаваўся толькі спіртзавод з чырвонай цэглы 1901 года пабудовы. А сядзіба ўключала панскі двор, афіцыну, гумнішча, парк і спіртзавод. Захаваўся выкупны акт ад 1870 года аб выкупе зямлі ў маёмасць у князя Радзівіла з 304 рэвізскімі мужчынскімі душамі. Гісторыя сведчыць, што ў 1705 годзе ў Цімкавічах нарадзіўся Марцін Мікалай Радзівіл. Як пра дбайнага гаспадара зямлі звестак няма, а вось пра яго дзівацтва звесткі дайшлі. Напрыклад: на сажалцы ён вельмі любіў гуляць у марскі бой. Для гэтага майстравалі караблікі і спускалі іх на ваду. На службу браў толькі яўрэяў. Двойчы быў жанаты, скалечыў роднага сына Юзэфа, трымаў гарэм… На тэрыторыі сядзібы ў свой час быў разбіты садова-паркавы комплекс. Зараз ён амаль што поўнасцю вырадзіўся, засталіся толькі некалькі старых дрэў, якія вясной сваёй квеценню згадваюць пра мінулае.
Валянціна ШУРАКОВА,
дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея
Радзівіл Марцін Мікалай Кароль (1705-1782)
Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Сын Я.М. Радзівіла. Нарадзіўся ў Цімкавічах. Вучыўся ў Нясвіжы, Вільні, рана праявіў здольнасці да навукі. У 1720 г. выехаў у замежнае падарожжа, у час якога пазнаёміўся з многімі вучонымі. Крайчы ВКЛ у 1723 — 52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі ў Клецку і Чарнаўчыцах, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапіўся алхіміяй. Відаць, душэўна захварэў. Паводле сведчанняў сучаснікаў, верыў у перасяленне душ, намерваўся перайсці ў іудаізм, для чаго пачаў вучыць іўрыт. У 1748 быў аддадзены каралём пад апеку Г.Ф. Радзівілу, які трымаў Марціна пад вартай у Белай і Слуцку; пасля апеку пераняў М.К. Радзівіл. У шлюбе з Аляксандрай Бялхацкай меў дачку і сына Юзафа Мікалая, у шлюбе з Мартай Трамбіцкай — сыноў Міхала Гераніма, Дамініка, Якуба і Антонія Мікалая, рэферэндара вялікага кароннага духоўнага ў 1767 — 73, сакратара вялікага кароннага духоўнага з 1773, пробашча нясвіжскага з 1772.
Бруздовіч Францішак (1861-1912)
Мастак з Піншчыны. Нарадзіўся ў в. Бродніца (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў Варшаве (1880 — 83), з 1883 па 1887 г. у Кракаўскай школе мастацтваў у Яна Мацейкі. Аўтар манументальных і станковых твораў. Удзельнік мастацкіх выставак на Беларусі, Украіне, Польшчы, Германіі. У 1906 г. магнатамі Вайніловічамі, у значнай ступені на грошы якіх перад тым быў адрамантаваны драўляны касцёл святога Міхаіла ў Цімкавічах, запрошаны распісаць інтэр’ер касцёла. Працу завяршылі ў 1908 г. Сцены, слупы, бэлькі і іншыя часткі храма мастак пакрыў дэкаратыўным жывапісам, у якім дамінавалі раслінныя матывы. Мастацтвазнаўцамі яго жывапіс да гэтага часу ацэньваецца як адзін з лепшых узораў народнай традыцыі ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве Беларусі. Пазней тыя ж Вайніловічы запрасілі мастака аздобіць узведзены імі ў Мінску касцёл святых Сымона і Алены. Да 1911 г. Бруздовіч зрабіў эскізы вітражоў і роспісаў, але сам у матэрыяле задумку паспеў рэалізаваць толькі часткова.
Комментарии