У біяграфіі Ніны Карпінскай (на здымку справа), паштальёна 4 разрада аддзялення паштовай сувязі «Навасёлкі» Капыльскага раённага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП «Белпошта», ёсць вельмі цікавы факт, які абавязвае да многага: яе бабуля — перадавая свінарка калгаса «Прагрэс» Надзея Букатая, якой у 1958 годзе было прысвоена ганаровае званне Герой Сацыялістычнай Працы. Слаўныя сямейныя традыцыі цяпер працягвае і Ніна Леанідаўна.
Жыхары вёсак Навасёлкі і Вострава Цімкавіцкага сельсавета добра ведаюць Ніну Карпінскую. Штодзень яна пераадольвае па 15 кіламетраў (столькі складае працягласць абслугоўваемага ўчастка), каб своечасова даставіць перыёдыку, паштоўкі, пісьмы да адрасатаў.

У галіне паштовай сувязі Ніна Карпінская працуе ўжо 20 гадоў, і ўвесь гэты час з усёй адказнасцю ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. А да гэтага была бібліятэкарам, бухгалтарам, кантралёрам-касірам, брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы. На сённяшняй пасадзе пастаянна праяўляе ініцыятыву і творчы падыход да сваёй справы, актыўна ўкараняе сярод насельніцтва ўсе віды профільных і няпрофільных паслуг сувязі, растлумачвае карыстальнікам паслуг паштовай сувязі парадак адрасавання, прыёму і ўручэння паштовых адпраўленняў, аказвае паслугі па рэалізацыі маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі. Дарэчы, на абслугоўванні ў Ніны Леанідаўны знаходзіцца 302 чалавекі, з якіх 123 — людзі паважанага ўзросту. Ніна Леанідаўна заўсёды знойдзе агульную мову з кожным, параіць, якое выданне зможа зацікавіць падпісчыкаў. За ўвагу, акуратнасць і душэўную цеплыню Ніна Карпінская заслужыла павагу сярод насельніцтва.
Рабочы дзень паштальёна пачынаецца з самага ранку: разбор перыядычных выданняў і пісьмаў займае даволі працяглы час. На першы погляд, на працоўным стале паштальёнкі сапраўдны хаос — безліч канвертаў, рознакаляровых выданняў, але вопытны работнік хутка раскладае іх па палічках і ўсё — на сваё месца. Сярод папулярных выданняў у жыхароў вёсак — «Советская Белоруссия» і раённая «Слава працы». Акрамя дастаўкі перыёдыкі па падпісцы вопытны паштальён рэалізоўвае газеты і часопісы ў розніцу, а яшчэ — тавары народнага спажывання, латарэйныя білеты, прымае на даму камунальныя і іншыя плацяжы.
За добрасумленную працу і адказнасць Ніна Карпінская неаднаразова прымала актыўны ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, па выніках унутрывытворчых спаборніцтваў прызнавалася лепшай па прафесіі. У 2013 годзе адзначана Ганаровай граматай Капыльскага раённага вузла паштовай сувязі, а ў 2014-м — Ганаровай граматай Мінскага філіяла РУП «Белпошта».
Заўсёды актыўная і пазітыўная, Ніна Леанідаўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву аддзялення паштовай сувязі «Навасёлкі» і раённага вузла паштовай сувязі. Заслужана карыстаецца аўтарытэтам у калег, а за дзясяткі гадоў бездакорнай працы заваявала яшчэ любоў і павагу жыхароў вёсак, якія знаходзяцца ў яе на абслугоўванні.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии