Дарагія браты і сёстры!
Зноў мы чуем радасны вокліч «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» Зноў мы радуемся вялікай перамозе нашага Пана над уладай смерці. Зноў перажываем Пасху Хрыста і просім Уваскрослага Госпада блаславіць нас, нашыя сем’і і нашу Краіну.

Анёл звяртаецца да жанчын, якія засмучаныя стаяць ля магілы, і пытаецца, чаму шукаюць Жывога спаміж памерлымі. Нам сапраўды цяжка знайсці Бога сярод суму і роспачы, цяжка ўбачыць Яго прысутнасць, калі нашы сэрцы перапоўненыя песімізмам і крыўдамі, калі мы занадта моцна трымаемся сваіх расчараванняў і не хочам забыць пра нядаўнія няўдачы. Хрыстос Уваскрослы хоча ўнесці ў нашае жыццё на-дзею і радасць, спадзяванне на новыя перамогі і дасягненні.
Браты і сёстры, нягледзячы на шматлікія праблемы, якія існуюць вакол нас, давайце паверым у моц Змёртвыхпаўстання, у перамогу дабра над злом, радасці над роспаччу, а прабачэння над помстаю.
Даверым нашае жыццё і ўсё, што перапаўняе нашае сэрца, Уваскросламу Пану. Добрых Святаў Пасхі, вялікага супакою вашым сем’ям.
Святар Аляксандр ТАРАСЕВІЧ,
пробашч парафіі святых Пятра і Паўла
Комментарии